Краснапольская раёнка апублікавала чарговы эмацыйны тэкст: злыя суседкі падкормліваюць сабак, зграя рычыць на школьнікаў, работніца камунальнай службы стамілася прыбіраць адходы, дзяржава абараняе народ.
А пачынаецца ўсё з прызнання, якое многае тлумачыць: «мы ў Краснаполлі пішам пра гэта пастаянна». Варта растлумачыць, чаму менавіта ў Краснаполлі.
Здзічэлая зграя – не саманароджанае зло і не вынік «сляпой жаласці» пенсіянерак. Не Куджа Стывена Кінга і не Хаціка Луіса Пратса.
Гэта – індыкатар. Сабакі замацоўваюцца там, дзе слабее чалавечая прысутнасць. На моры пацукі ўцякаюць з карабля, які тоне, на сушы сабакі акупуюць раён, які вымірае і страціў эканамічны сэнс свайго існавання.
Заўвага «дзяржава абараняе людзей» у тэксце пра кінутых сабак – горкая іронія.
Калі дзяржаўны клопат пра беларусаў выяўляецца ў абароне народа ад бадзяжных сабак, здаецца, наступіў постапакаліпсіс.
Фота раённай газеты.
