Бабуліна крынка

“Бабуліна крынка” зноў стала лепшай, а былому кіраўніцтву аб’яўлены прыгаворы

Два загалоўкі аднаго тыдня. Дзяржаўная газета «Веснік Магілёва» рапартуе: «Бабуліна крынка» зноў сярод найлепшых». «Наша Ніва» паведамляе: генеральны дырэктар «Бабулінай крынкі» Генадзь Скітаў прыгавораны да 15 гадоў пазбаўлення волі. Прадпрыемства – найлепшае. Дырэктар – у выпраўленча-працоўнай калоніі. Магілёўская стабільнасць у дзеянні.

Прысуды па «малочнай справе»

Мінскі гарадскі суд паставіў кропку ў «малочнай справе», якая цягнулася з лістапада 2023 года. Генадзь Скітаў атрымаў 15 гадоў – больш, чым прасіў пракурор (13 гадоў). Былы міністр сельскай гаспадаркі і былы памочнік Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Ігар Брыло – 12 гадоў, роўна паводле запыту абвінавачання. Усяго на лаве падсудных апынуліся 18 чалавек з 26 затрыманых, абвінавачанні прад’яўляліся па дванаццаці артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Сярод асуджаных – практычна ўсё кіраўніцтва «Бабулінай крынкі»: сын дырэктара Віктар Скітаў (кіраваў Мінскім філіялам), першы намеснік Арцём Зубель (сын былога намесніка начальніка шчучынскай міліцыі), намесніца дырэктара Галіна Ціцянкова, начальнік аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці Аляксей Драніца, дырэктар Асіповіцкага філіяла Дзяніс Ліннік – былы начальнік Барысаўскага РУУС.

Чорны менеджмент

Сутнасць справы простая, як сыраватка. На дзяржаўнай «Бабулінай крынцы» штучна стваралася затаварванне складоў. Пад выглядам іх разгрузкі прадпрыемства дамагалася зніжэння індыкатыўнай цаны. Танную прадукцыю адгружалі фірмам-пасярэднікам, тыя прадавалі яе ў Расіі па рэальнай рынкавай цане. Розніца дзялілася паміж удзельнікамі. Паводле ацэнкі КДБ, даходы пасярэдніцкай праслойкі складалі не менш за 10 мільёнаў долараў у год.

Добрае беларускае малако, масла і сыр адпраўляліся ў Расію за паўцаны. Дзяржава недаатрымлівала грошы, пасярэднікі багацелі, а расійскі пакупнік нават не здагадваўся, колькі магілёўскіх кар’ер і лёсаў растворана ў яго сырнай нарэзцы.

Хто такі Скітаў?

Фігура дырэктара заслугоўвае асобнага абзаца. Генадзь Скітаў, паводле бацькі Элькінд – спансаваў першую прэзідэнцкую кампанію Лукашэнкі ў 1994 годзе. Разам з ім на лаве падсудных апынуўся брат – Сяргей Элькінд. Паводле даных «Нашай Нівы», браты, «як былыя прадстаўнікі крымінальнага свету», на следстве не далі ніякіх паказанняў. Брыло, наадварот, «беспардонна грузіў сябе і іншых».

Узначаліўшы «Бабуліну крынку» ў верасні 2019 года, Скітаў перш за ўсё ўсталяваў відэакамеры ў кабінеце і прыёмнай, загадаў супрацоўнікам размаўляць з ім толькі праз месенджары, забараніў дзяржаўным органам наведваць завод без яго ведама і пазіцыянаваў сябе перад калектывам як «аўтарытэт з 90-х».

Ключавыя пасады занялі сваякі і былыя падначаленыя: сын – у Мінску, былы начальнік Барысаўскага РУУС – у Асіповічах, уласны кіроўца – у начальніках.

Крыніцы mogilev.media назіралі за гэтай сістэмай у рэальным часе: у кастрычніку 2023 года Скітаў наведваў Быхаўскі філіял холдынга, а супрацоўнікі «Крынкі» насілі на грудзях партыйныя білеты «Белай Русі». Праз месяц пасля быхаўскага візіту Скітава затрымалі пры атрыманні хабару.

Быхаўская галіна

Асобнай згадкі заслугоўвае Быхаўскі філіял холдынга – былы малочны завод са слаўнымі традыцыямі. У нулявыя яго прадукцыю кралі не сумкамі, а падводамі і грузавымі аўтамабілямі: злачынцы ўрэшце настолькі абнаглелі, што разабралі цагляную сцяну складскога памяшкання. Фігурантамі крымінальнай справы сталі амаль два дзясяткі чалавек, уключаючы кіраўнікоў вытворчасці і ахову. Разлікі паміж злодзеямі вяліся выключна ў доларах, а долі выкрадзенага сухога малака размяркоўваліся строга паводле займанай пасады.

Менавіта гэты філіял Скітаў ушанаваў візітам, а пасля яго арышту дырэктара-істопніка (Сяргей Жвірбля, паводле ўласнага прызнання, рабіў лазню для Скітава) ціха змяніў Валерый Хурсан – чалавек з кіраўніцтва магілёўскага вінзавода «МагНат», чый сын Ігар калісьці гандляваў дзіўным «вінцом» у быхаўскай фірмовай краме кансервавага завода, а цяпер гандлюе ў Расіі малочнай прадукцыяй.

Зрэшты, Хурсан пратрымаўся ўсяго 15 месяцаў: у сакавіку 2026 года яго ціха адправілі на пенсію – без падвядзення вынікаў і лішніх пытанняў.

Быхаўскі філіял за час «малочнай справы» перажыў ужо трох кіраўнікоў, і пра кожнага гучных аб’яў не рабілася: расхвальваць чарговага «моцнага гаспадарніка» пасля канфузу са Скітавым раённая газета не рызыкуе.

Зладзейскія традыцыі

Цяперашні прысуд – не першы і, мяркуючы па ўсім, не апошні ў гісторыі прадпрыемства. У 2021 годзе былы галоўны інжынер «Бабулінай крынкі» атрымаў 11,5 гадоў ўзмоцненага рэжыму за закупкі абсталявання па завышаных цэнах, яго жонка – 7 гадоў, саўдзельнік – 8. Яшчэ раней, у 2015-м, інжынер Бабруйскага філіяла два гады карміўся на злачыннай схеме. Цяпер – 15 гадоў дырэктару.

«Бабуліна крынка» сапраўды стабільна сярод найлепшых. Па колькасці пасаджаных кіраўнікоў ёй у вобласці роўных няма.

«Наша Ніва» нагадвае важную дэталь лукашэнкаўскай сістэмы: топ-чыноўнікі рэдка адбываюць тэрмін поўнасцю. Практыка адпрацаваная – датэрміновае вызваленне і накіраванне «кіраваць гаспадаркай». Галіна Ціцянкова, дарэчы, ужо паспела паміж следствам і прысудам узначаліць гаспадарку «Новая Друць» у Бялыніцкім раёне.

Так што не выключана: праз некалькі гадоў нехта з фігурантаў «малочнай справы» вынырне дырэктарам чарговага магілёўскага прадпрыемства. І раённая газета напіша пра яго: «моцны гаспадарнік». А прадпрыемства, зразумела, апынецца «зноў сярод найлепшых».

Фота «Веснік Магілёва».

← Усе навіны Магілёва