Жыхарка Крычава паказала ў TikTok, як выглядае яе дом на вуліцы Касманаўтаў. Будынак пабудаваны ў 1949 годзе, капітальны рамонт там ні разу не праводзіўся, і цяпер дом стаіць у чарзе на бягучы рамонт.
У каментарыях пад ролікам крычаўляне спрабуюць зразумець, паводле якіх крытэрыяў камунальнікі вызначаюць, дзе патрэбны бягучы рамонт, а дзе капітальны, і ці правамерна называць старшыню райвыканкама мэрам.
Пры гэтым усе сыходзяцца ў тым, што Аляксей Шарай – дзейны чыноўнік.
Яму пяцьдзесят адзін год. Кіраўніком Крычаўскага раёна Шарай стаў у сакавіку 2025 года. Да гэтага ён працаваў на пасадзе першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва і адказваў за добраўпарадкаванне і работу ЖКГ.
У Крычаве Шарай адзначыўся разбіральніцтвамі з мясцовымі кіроўцамі маршрутных таксі і актыўным удзелам у самых нязначных мерапрыемствах.
Надзеі жыхароў Крычава на добрага і справядлівага «мэра», хутчэй за ўсё, не апраўдаюцца па некалькіх прычынах:
- сістэма ЖКГ, створаная пры Лукашэнку, праявіла сябе толькі ў немэтавым выкарыстанні бюджэтных сродкаў;
- Шарая атачаюць чыноўнікі з шматгадовым карупцыйным досведам;
- сродкі, якія збіраюцца з кватэранаймальнікаў на капітальны рамонт, раскрадаюцца раней, чым дасягаюць капітальнага рамонту.
Мінулай зімой у Крычаве неаднаразова фіксаваліся праблемы з расчысткай снегу, мясцовае прадпрыемства «Камунальнік» з году ў год становіцца аб’ектам пільнай увагі КДК, а кіраўніца «дэпутатаў» Ірына Пруднікава накіроўвае лісты пра несанкцыянаваныя звалкі ў «вышэйшыя» інстанцыі.
Думаецца, што з улікам гэтых тэндэнцый бягучыя і капітальныя рамонты дамоў Крычава стануць для ўладаў непад’ёмнай задачай.
Фота: скрыншот TikTok.
