Падатковая

Падатковая Дрыбіншчыны як архітэктар агульнага дабрабыту

Пра падатковую інспекцыю як «архітэктара агульнага дабра» расказала дрыбінская раённая газета.

Прыведзены лічбы. Яны настолькі цікавыя, што варта разгледзець кожную асобна.

Такім чынам:

  • 7712 фізічных асоб на ўліку. Пры насельніцтве Дрыбінскага раёна каля 8,3 тысячы чалавек гэта азначае, што ўсе жыхары Дрыбіншчыны знаходзяцца на падатковым уліку. Пагалоўны фіскальны ахоп пры мізэрнай базе;
  • 160 арганізацый і 88 індывідуальных прадпрымальнікаў. На ўвесь раён – адзін бізнес на кожныя трыццаць тры жыхары. Дрыбін відавочна не Крэмніевая даліна;
  • кансалідаваны бюджэт раёна за 2025 год – 15,7 мільёна рублёў. У доларах па цяперашнім курсе гэта каля 4,7 мільёна. На раён з 8 тысячамі жыхароў атрымліваецца прыкладна 588 долараў на чалавека ў год – уключаючы падаткі ад бізнесу;
  • тры бюджэтаўтваральныя плацельшчыкі: Дрыбінская СПМК-1, УКП «Жылкамгас» і ААТ «Чарнеўка-Агра». З іх два – камунальныя прадпрыемствы, якія проста перакладаюць бюджэтныя грошы з адной кішэні ў другую. Плюс адно сельскагаспадарчае прадпрыемства.

Дасягненні, шчыра кажучы, мікраскапічныя: усіх паставілі на ўлік, тры юрыдычныя асобы складаюць падатковую базу, а ўвесь бюджэт раёна ўкладваецца ў чатыры з паловай колы агляду – такія, за адно з якіх Магілёўскі гарвыканкам сёлета аддаў 3,5 мільёна рублёў.

Магчыма, што ў папугаях поспехі дрыбінскай падатковай інспекцыі, ды і ўсяго раёна, выглядаюць больш самавіта.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва