прафсаюз

Функцыя праўладных прафсаюзаў – кантроль за гандлем

У Магілёве з пачатку года праўладныя прафсаюзы разгледзелі 11 скарг, датычных гандлю. 

Барацьба за правы працоўных не ўласціва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Здараюцца, канечне, такія “прыкрыя” выпадкі, але, калі пазнаёміцца са зместам сайта Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, яны вельмі рэдкія, эпізадычныя і не прадстаўляюць нейкага трэнда.

Затое шмат інфармацыі пра турызм і т.зв. “народны кантроль”. Праўда, не зусім зразумела, які народ упаўнаважваў Федэрацыю прафсаюзаў займацца неўласцівымі для абаронцаў правоў працоўных функцыямі.

Так, ёсць у магілёўскіх прафсаюзаў грамадская прыёмная. З пачатку года яна сабрала ажно 11 скаргаў. Праўда, скаргі тычыліся не праблем з выкананнем працоўных праў, а праблем з правамі спажыўцоў. Навошта прафсаюзам абараняць правы спажыўцоў, калі ёсць, прынамсі, таварыства правоў спажыўцоў, адпаведныя дзяржаўныя структуры – невядома. Але для імітацыі бурлівай дзейнасці і нібыта запатрабаванасці ў сабе вельмі падыходзіць. 

“За кожнай з гэтых лічбаў канкрэтная жыццёвая сітуацыя: ад адсутнасці жытняга хлеба на паліцы да халадзільных камер без накрывак і несанкцыянаванага вулічнага гандлю. І за кожным зваротам – аператыўны выезд, перамовы, сумесныя маніторынгі з прадстаўнікамі ўлады”, – ганарліва распавядаюць праўладныя прафсаюзнікі пра сваю псеўдазначнасць.

Пра тое, што такая дзейнасць смеху вартая, мы ўжо пісалі ў артыкуле “Анекдот пра магілёўскі народны кантроль”. Але ўсё, насамрэч, не ўсё так смешна, бо высвечвае рэальны стан беларускай эканомікі, якая, насамрэч, ніякай рынкавай эканомікай не з’яўляецца і ніякай свабоды гандлю ў Беларусі няма. Сведчаннем чаго ёсць прыведзеныя ў прафсаюзнай нататцы прыклады.

“Адна з жыхарак Магілёва звярнулася са скаргай на адсутнасць у адным з гандлёвых аб’ектаў дзіцячага харчавання мясцовага вытворцы. Інспектары прафсаюзаў выязджалі ў краму, прыцягнулі аддзелы гандлю гарвыканкама і аблвыканкама. Загадчыца крамы патлумачыла: тавар заказвалі дадаткова, але ён аказаўся незапатрабаваным і сапсаваўся, тэрмін прыдатнасці ўсяго дзесяць сутак. Тым не менш пытанне было ўзята на кантроль, а пакупніку прапанавалі альтэрнатыўныя пазіцыі беларускіх вытворцаў. Іншы жыхар абласнога цэнтра паведаміў, што ў адной з крамаў гандлёвай сеткі немагчыма купіць палоўку хлеба. Адміністрацыя сеткі спаслалася на ўнутраныя санітарныя патрабаванні, але па выніках ўмяшання прафсаюзаў заказ паловак хлеба ў вытворцы быў павялічаны, патрэба пакупніка ўлічаная”, – пішуць імітатары клопату аб людзях.

“Мы шукаем рашэнне ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. І гандлёвыя аб’екты, як правіла, ідуць насустрач, таму што разумеюць: задаволены пакупнік — гэта іх выгада”, – выказваюць прапісную ісціну прафсаюзнікі, тым самым пацвярджаючы, што гандлёвым аб’ектам у Беларусі гэты фактар увогуле нецікавы.

Фотаздымак: mogilev.1prof.by

← Усе навіны Магілёва