Зневажанні, збіцці, беспадстаўныя пакаранні – усё гэта рэаліі жыцця палітычных зняволеных у магілёўскай калоніі №15, вынікае з расповяду двух былых палітвязняў.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» да Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяраў катаванняў апублікаваў успаміны праваабаронцы Валянціна Стэфановіча і яшчэ аднаго былога палітвязня, імя якога не раскрываецца з меркаванняў бяспекі.
Новыя сведчанні з’явіліся праз некалькі месяцаў пасля смерці 36-гадовага палітвязня Андрэя Паднябеннага, які ў верасні 2025 года загінуў у штрафным ізалятары магілёўскай калоніі.
Ціск пасля этапу
Паводле былых зняволеных, асаблівае стаўленне да палітвязняў пачыналася яшчэ ў каранціне. Валянцін Стэфановіч распавядае, што новапрыбылых прымушалі падпісваць абавязацельствы аб выкананні правілаў унутранага распарадку. Адмова магла стаць падставай для змяшчэння ў штрафны ізалятар.
Іншы былы палітвязень сцвярджае, што ў 2025 годзе адміністрацыя ўжо патрабавала ад палітычных пісаць тлумачальныя нават за выкарыстанне жаргонных слоў. За адмову, паводле яго слоў, пагражалі ШІЗА, новай крымінальнай справай паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі) і фізічным гвалтам.
“Без фармальнай нагоды садзяць у ШІЗА на 15 сутак. У прыватнасці гэтым займаецца начальнік атрада № 1 (“каранцін”) У.С. Сычыкаў. У выпадку адмовы могуць збіць. Работнік па прозвішчы Кіслы тут праяўляе асаблівую стараннасць. Большасць з тых, каго прывезлі з СІЗА даседжваць невялікія рэшткі тэрмінаў (месяц-паўтара), дзякуючы намаганням турэмшчыкаў, праводзяць у ШІЗА. Таксама пагражаюць ужываннем арт. 411 КК з прадаўжэннем тэрміну на год, а таксама “прысваеннем” так званага “нізкага статусу”. Відавочна, былы начальнік Аляксей Лазарэнка быў у курсе ўсіх працэсаў”, – распавёў Валянцін Стэфановіч.
Парушэнні і пакаранні
Абодва былыя вязні адзначаюць, што дысцыплінарныя спагнанні сталі асноўным спосабам ціску. Па словах Стэфановіча, супрацоўнікі настойвалі на тым, каб асуджаныя пісалі тлумачальныя з прызнаннем віны, нават калі гаворка ішла пра фармальныя або надуманыя парушэнні. Калі ён зразумеў, што гэта не ўплывае на рашэнні адміністрацыі, то перастаў іх пісаць.
Былыя палітвязні таксама сцвярджаюць, што ў калоніі практычна ўсім палітычным прысвойвалі статус «злоснага парушальніка рэжыму». Гэта пазбаўляла магчымасці разлічваць на амністыю, умоўна-датэрміновае вызваленне і істотна абмяжоўвала іх правы.
Асобныя правілы для палітычных
Паводле сведчанняў былых зняволеных, палітвязням забаранялася наведваць спартыўныя секцыі, гурткі, вывучаць замежныя мовы, карыстацца большасцю магчымасцяў, даступных іншым асуджаным.
Асобныя праверкі праводзіліся і для тых, хто быў пастаўлены на так званы дзясяты прафілактычны ўлік як «схільны да экстрэмісцкай дзейнасці». Пад гэты статус, як сцвярджаецца, траплялі не толькі асуджаныя па палітычных артыкулах, але і людзі, якіх раней прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пратэстах 2020 года.
“Для ўсіх “жоўтабіркавых” на дзясятым прафуліку ў выходныя і непрацоўныя дні ў 10:00 у лакальных участках ажыццяўляецца агляд вонкавага выгляду. Тут асаблівую стараннасць праяўляе кантралёр Аляксей Кудзелка. Ён паводзіць сябе надзвычай нахабна і напышліва, чапляючыся літаральна да ўсяго. Для палітычных кнігі на замежных мовах наогул забароненыя, як і любыя секцыі і гурткі”, – кажа былы палітвязень.
Пагрозы і правакацыі
Валянцін Стэфановіч сцвярджае, што адміністрацыя выкарыстоўвала не толькі афіцыйныя меры ўздзеяння, але і негалосныя правілы турэмнай субкультуры.
Паводле яго слоў, асобных палітвязняў ставілі перад выбарам: пагадзіцца на прыніжальныя патрабаванні або атрымаць новую крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі.
“Гэта пагрозы пераводу ў “нізкі статус” і ў сувязі з гэтым арганізацыя правакацый. Былі выпадкі, калі палітвязняў заганялі ў “нізкі статус” пад пагрозай прымянення арт. 411. Яго паставілі перад выбарам: “Альбо ідзі мый прыбіральні, альбо мы ўзбудзім крымінальную справу паводле арт. 411, табе накінуць тэрмін і будзеш далей сядзець”. Некаторыя людзі ламаліся і выконвалі такія патрабаванні.
Асабіста супраць мяне таксама ладзілі такія правакацыі. Адразу вынеслі спагнанні аб пазачарговым дзяжурстве, пасля знялі з промкі сярод працоўнага дня, прывялі ў атрад і сказалі: “У вас сёння пазачарговае дзяжурства па прыборцы санузла”. Сказалі вымыць падлогу ў памяшканні з умывальнікамі, на якой была разліта нейкая белая брыда. Бакі для смецця таксама ёй былі аблітыя. Яны, відаць, думалі, што я праз няведанне пачну выціраць гэтыя бакі, але гэта праца толькі “нізкага статусу”. Я адмовіўся і сказаў, што не буду гэта прыбіраць. Мне пагражалі, але я застаўся на сваім.
Такім чынам, адміністрацыя месцаў пазбаўлення выкарыстоўвае неафіцыйныя правілы з крымінальнага свету ў мэтах аказання ціску, у тым ліку на палітзняволеных”, – азначае Стэфановіч.
Адказнасць адміністрацыі
Былыя палітвязні сцвярджаюць, што фізічны і псіхалагічны ціск быў сістэмным. Паводле назіранняў Валянціна Стэфановіча, у 15-ай калоніі 99% палітзняволеных прысвойвалі статус “злосных парушальнікаў рэжыму”, што цягнула за сабой дадатковыя абмежаванні.
Ён адзначае, што быў сведкам прымянення гвалту да іншых зняволеных і падчас дакументавання называў прозвішчы супрацоўнікаў, якіх лічыць датычнымі да гэтага. На яго думку, усё, што адбывалася ў калоніі, адбывалася з ведама яе тагачаснага начальніка Аляксея Лазарэнкі.
Фотаздымак: vk.club/club143482674
