Суд Глускага раёна ўнёс Facebook-акаўнты журналістак Насты Роўды і Ганны Любаковай у «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма. Падобныя рашэнні гэты суд штампуе часцей іншых.
Рашэнне па акаўнтах журналістак Глускі суд прыняў 12 чэрвеня 2026 года. Паводле версіі тэлеканала Белсат, менавіта суд Глускага раёна з’яўляецца лідарам па прызнанні інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» сярод усіх рэгіёнаў Беларусі.
“Глускі раён не проста анамальна «экстрэмісцкі» – гэта з вялікім адрывам самы «экстрэмісцкі» раён Беларусі!” – гаворыцца ў артыкуле Белсата. Пры гэтым у абсалютнай колькасці «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Мінск – чэмпіён, бо гэта найбуйнейшы горад у колькасці насельніцтва.
«Лідары ў экстрэмізме на 10 тысячаў чалавек насельніцтва» такія:
Глускі раён – 49,45,
Цэнтральны раён Менску – 39,36,
Ленінскі раён Брэста – 38,67,
Ушацкі раён – 28,24,
Чыгуначны раён Віцебску – 24,27,
Пухавіцкі раён – 21,61,
Мёрскі раён – 21,03,
Крупскі раён – 20,14.
Пры гэтым два раёны Беларусі – Бераставіцкі і Мсціслаўскі – наагул чыстыя, без «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Глускі раён – адзін з найменшых паводле колькасці насельніцтва. І яно там хутка скарачаецца: у 1939 годзе там жылі 56 065 чалавек, у 1959-м – 33 948, у 1989-м – 22 784. Яшчэ 20 гадоў таму там заставаліся 22 700 чалавек, а ў 2026-м – толькі 11 527. То бок за 20 гадоў насельніцтва скарацілася ўдвая. Цяпер Глуск – нават не мястэчка, а гарадскі пасёлак на менш як 7 тысячаў чалавек.
Як мяркуюць у арганізацыі былых беларускіх сілавікоў Belpol, адной з прычын таго, што ў Глуску так часта прымаюць рашэнні аб “экстрэмізме”, можа быць тое, што абласным упраўленням ГУБАЗіКу ці КДБ, выгадна вазіць матэрыялы ў адзін і той жа правераны раённы суд, дзе старшыня і суддзі штампуюць рашэнні без лішніх пытанняў, за пару хвілінаў і пачкамі. Імаверна, Глуск – такое месца.
Фотаздымак: komkur.info
