ВНУ Магілёўшчыны ператвараюцца ў пляцоўкі для ідэалагічнай апрацоўкі, пагроз за “экстрэмісцкія” падпіскі і ўдзел у пратэстах.
У Горацкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі 19 лютага прафесарска-выкладчыцкі склад сабралі ў актавай зале на сустрэчу з пракурорам раёна Аляксандрам Тарасюком. Тэма яго выступу гучала як «правапарушэнні экстрэмісцкай накіраванасці і адказнасць за іх здзяйсненне», аднак фактычна гаворка ішла пра папярэджанні і запалохванне.
Мерапрыемства прайшло ў фармаце так званага тлумачальна-інфармацыйнага сходу. Выкладчыкам фактычна даручылі праводзіць «прафілактычную працу» са студэнтамі, каб не дапусціць «радыкалізацыі і прапаганды экстрэмісцкіх ідэй». У беларускіх рэаліях пад «радыкалізацыяй» улады разумеюць любую праяву палітычнай нелаяльнасці. Пракурор прыводзіў прыклады канкрэтных прысудаў па палітычна матываваных справах як папярэджанне пра наступствы для тых, хто не падзяляе афіцыйную пазіцыю.
Ужо на наступны дзень падобная сустрэча адбылася ў Магілёве, у Беларуска-расійскім універсітэце (БРУ), дзе стартавала штогадовая прававая дэкада «Мы і закон». Перад студэнтамі выступіў старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Волкаў.
Ён папярэджваў пра крымінальную і адміністрацыйную адказнасць за «экстрэмісцкую дзейнасць», удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і нават за распаўсюджванне матэрыялаў, уключаных у спіс «экстрэмісцкіх». На практыцы ў Беларусі да такіх матэрыялаў адносяць незалежныя медыя і тэлеграм-каналы, а падставай для пераследу становяцца нават падпіскі ў сацыяльных сетках.
Аляксандр Волкаў раней неаднаразова фігураваў у кантэксце палітычна матываваных рэпрэсіўных дзеянняў супраць жыхароў Магілёва. Яго выступ у ВНУ выглядаў як працяг агульнанацыянальнай кампаніі запалохвання, калі замест прававой асветы студэнтам дэманструюць прыклады пакарання за іншадумства.
Такім чынам, замест дыскусіі пра закон і правы чалавека студэнтам прапануюць урокі лаяльнасці. Універсітэты, якія павінны быць прасторай свабоднай думкі, усё больш становяцца часткай сістэмы кантролю і прафілактыкі «няправільных» поглядаў.
Фотаздымак: Mayday