Студэнты БРУ валодаюць інжынернай тэрміналогіяй і карыстаюцца ёю падчас дэмантажу старога кароўніка ў ААТ «Краснапольскі».
Прапагандысты з усіх сіл спрабуюць абгрунтаваць, з якой такой прычыны студэнты магілёўскай ВНУ бясплатна працуюць у ААТ «Краснопольскі», якое настолькі стратнае, што само яго існаванне супярэчыць законам сусвету.
Галоўны аргумент – фраза Лукашэнкі, якую ён кінуў на ўсебеларускім народным сходзе: нам трэба акуратненька, не адштурхоўваючы моладзь, прыстасоўваць яе да працы. Калі чалавек панюхае, што такое праца, ён будзе патрыётам і нармальным чалавекам.
Змусіць усю Беларусь «панюхаць працу» і, па магчымасці, працу бясплатную – крыштальная мара Аляксандра Рыгоравіча, які ніяк не можа дараваць народу свайго цяжкага дзяцінства.
І вось з 8 снежня ў ААТ «Краснопольскі» ўжо папрацавалі больш за 170 студэнтаў, а штодзённа туды ездзіць ад 15 да 30 чалавек. Навошта?
Аказваецца, што будучым:
- інжынерам-механікам будзе цікава паглядзець на ўладкаванне камбайнаў;
- інжынерам-будаўнікам будзе вельмі карысна папрацаваць на розных сельскагаспадарчых аб’ектах;
- інжынерам-электрыкам не перашкодзіць разабрацца ў рамонце машын і механізмаў, знятых з вытворчасці.
І вось яно – першае заданне для будучых інжынераў: разабраць стары навес для цялят. Алею ў агонь гэтай бескарыснай задумы падлівае кіраўнік адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» Павел Марыненка, які лічыць, што «эканамічны факультэт БРУ дае студэнтам выдатныя тэарэтычныя веды, а наша задача – сумясціць іх з практычнымі пытаннямі і кейсамі прадпрыемстваў».
Асаблівасці кейса ААТ «Краснопольскі» Марыненка не называе. І гэта нядзіўна. Адзінае, чаму можна навучыцца ў Краснаполлі, гэта таму, як нельга працаваць. Толькі вось для вывучэння гэтай асаблівасці луканомікі зусім не абавязкова ў ёй удзельнічаць.
Фота: «Беларусь Сегодня».