Роля партыі як накіроўвальнай сілы і бюсты Леніна – магілёўскія камуністы зладзілі выставу «Назад у СССР» і самі ж яе наведалі.
Камуністам Магілёва не даюць спакою ўспаміны пра часы, калі іх партыі было дазволена залазіць не толькі ў галовы людзей, але і ў іх пасцелі.
Секта беларускіх пераймальнікаў КПСС пастаянна паўтарае, што ўзяла ад СССР усё лепшае, але на справе ўзяла толькі самае горшае:
- загадзя стратную планавую эканоміку;
- татальную ідэалагічную цэнзуру;
- культ асобы кіраўніка дзяржавы;
- бескарысныя квазі-бальшавіцкія структуры.
Выставу «Назад у СССР» самі зладзілі і самі наведалі ў СШ № 39 «дэпутат палаты» Валерый Малашка і першы сакратар абласнога падраздзялення КПБ Міхаіл Жудро.
Наменклатура, якая перажыла ўласную ідэалогію, уволю наглядзелася на атрыбуты савецкай піянерскай арганізацыі, бюсты Леніна і друкаваныя выданні СССР.
Валерый Малашка пафасна назваў убачанае пасылам у будучыню, а Міхаіл Жудро ад каментароў устрымаўся.
Як высветлілася, барацьбу за званне лепшага стэнда ў экспазіцыі вядуць прадстаўнікі ажно сямі раённых арганізацый КПБ. Так што сутычка чакаецца не жартоўная нават па мерках камуністаў, якія ў Беларусі не проста настальгуюць па страчанай уладзе, але і займаюцца прапагандай сталінізму, услаўленнем чэкістаў і іншымі відамі цемрашальства.
Фота «Магілёўскія ведамасці».