Клічаўскаму раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру на аднаго дзіцёнка мясцовыя ўлады выдаткоўвалі ў 16 разоў менш грошай, чым патрабаваў закон.
Як піша каманда беларускіх журналістаў-расследавальнікаў «Бюро медыя», пра тое, як дзяржава павінна была забяспечваць выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў, прапісана ў пастанове Саўміна № 840 ад 2006 года. Дакумент устанаўліваў нормы харчавання, адзення, абутку і мяккага інвентару.
Так, дзецям на той час належала пяць пар майткаў, дзесяць пар шкарпэтак, дзве пары штаноў і два швэдры на год. І не больш. З рэчамі асабістай гігіены – нават яшчэ больш строга. На месяц: адзін рулон туалетнай паперы, 50 мілілітраў зубной пасты і 200 грамаў мыла. Адзін дэзадарант на паўгода.
На адно дзіця павінна было вылучацца 320-330 рублёў у год у залежнасці ад узросту. Прычым гэта грошы толькі на адзенне, абутак і мяккі інвентар (коўдры, падушкі, матрацы, пасцельная бялізна, пакрывалы, ручнікі, дываны, сурвэткі, шторы і гэтак далей).
Аднак нават такія сціплыя нормы чыноўнікі не заўсёды выконвалі. Пра гэта раней стала вядома выданню «Зеркало» з ліста Генпракуратуры ў Савет міністраў якое журналісты атрымалі з дапамогай BELPOL. Горш за ўсё аказалася сітуацыя ў Клічаўскім раёне.
Так, у 2022 годзе клічаўскія чыноўнікі залічылі раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру 637 рублёў. Прадугледжвалася, што на гэтыя грошы можна набыць рэчы першай неабходнасці і гігіены, навучальныя прылады, адзенне і абутак для 26 чалавек. То бок на гадавыя патрэбы аднаго дзіцяці выдаткавалі ўсяго 24 рублі. Паводле закона, які дзейнічаў на той час, трэба было амаль у 16 разоў болей сродкаў. Толькі на куплю ўсяго для вучобы дзецям павінны былі вылучыць 2426 рублёў, і яшчэ 7522 – на адзенне і абутак.
На што пайшлі грошы, якія не атрымалі сіроты, у лісце не было згадана.
Фотаздымак: http://spc.klichev.edu.by/