Жыхар Касцюковіцкага раёна ледзь не забіў рыдлёўкай двух чалавек з рэўнасці

Жыхар Касцюковіцкага раёна ледзь не забіў рыдлёўкай двух чалавек з рэўнасці

Касцюкаўчанін атрымаў 15 гадоў турмы за замах на былую каханую жанчыну і яе сужыцеля.

У нецвярозым стане мужчына прыйшоў у дом, дзе знаходзілася яго былая пасія і яе каханы. Пачалася сварка, у выніку якой нецвярозы схапіў у рукі штыкавую рыдлёўку і стаў жорстка збіваць гаспадара дома і жанчыну.

Агрэсар нанёс пацярпелым шматлікія ўдары па розных частках цела, у тым ліку жыццёва важным органам. Прычым ён біў таксама металічнай завостранай часткай рыдлёўкі, спрабуючы забіць сваіх ахвяр. На шчасце, ахвяры засталіся жывыя, пацярпелым была своечасова аказана медыцынская дапамога.

На судзе нападнік прызнаў віну толькі часткова. Ён сцвярджаў, што не збіраўся нікога забіваць, а толькі хацеў адпомсціць з рэўнасці, бо жанчына пайшла да другога – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.

Магілёўскі абласны суд прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён таксама выплаціць пацярпелым 40 тысяч беларускіх рублёў грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.

Фота ілюстрацыйнае