«Удаецца супрацьстаяць». Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Цумараў пра санкцыі

Уладзімер Цумараў прапануе свой шлях у пераадоленні наступстваў «санкцыйнага ціску».

Ён лічыць, што «санкцыі стымулююць да развіцця, нейтралізуючы ў некаторых сектарах эканомікі высокую канкурэнцыю і тым самым дазваляюць айчынным прадпрыемствам пашыраць межы дзейнасці».

Па ягоных словах галоўныя задачы пры санкцыйным ціску – «пераарыентацыя экспарту, імпартазамяшчэнне, падтрыманне стабільнасці на рынку працы, зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі, цэнаўтварэнне», падае меркаванне службоўцы газета «Веснік Магілёва».

У інтэрв’ю выданню ён кажа, што імпартазамяшчэнне патрабуе ад дзяржавы і бізнесу мабілізацыі рэсурсаў і пошуку нестандартных рашэнняў. Ён прызнаецца, што акцэнт робіцца на развіцці кааператыўных сувязяў з Расіяй.

Сярод краінаў партнёраў Цумараў называе Кітай, Індыю, Іран, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан. З імі выбудоўваюцца новыя транспартна-лагістычныя ланцужкі, адзначае ён.

«На мой погляд, нам удаецца супрацьстаяць санкцыйнаму ціску, – настойвае Уладзімер Цумараў. – Прадпрыемствы гораду працуюць, адгружаюць прадукцыю на экспарт, выконваюць сацыяльныя абавязкі. У крамах не прадбачыцца пустых паліц».