Паводле інфармацыі Белстата, медыяны заробак у Беларусі ў маі 2023 года склаў 1400,9 рублёў. Для параўнання: у маі 2022 года паказчык быў на ўзроўні 1166,7 рублёў, а ў лістападзе мінулага года – 1248,1 рублёў.
Дадзеныя аб медыянным заробку публікуюцца двойчы ў год: па выніках за май і за лістапад. У гэтую статыстыку не ідуць паказчыкі мікраарганізацый і малых арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці.
Медыянны заробак – гэта паказчык, які адлюстроўвае суму ў цэнтры заробкавага шэрагу і дзеліць яго на дзве роўныя часткі: палова работнікаў маюць заробак менш гэтага значэння, палова – больш.
Калі браць медыянны заробак па відах эканамічнай дзейнасці, то самы высокі паказчык зафіксаваны ў сферы «Інфармацыя і сувязь» – 2718,8 рублёў. Далей ідуць фінансавая і страхавая дзейнасць (1901,6) і будаўніцтва (1682,0).
У прамысловасці памер медыяннай зарплаты склаў 1618,0, у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы – 1303,4, у адукацыі – 1030,4, а вось у канцы спісу апынулася сфера “Творчасць, спорт, забавы і адпачынак” – 931,1 рублёў.
У разрэзе асобных відаў эканамічнай дзейнасці лідэрамі з медыянай у 3 554,5 рублёў сталі работнікі горназдабыўной прамысловасці. За імі ідуць работнікі: паветранага і трубаправоднага транспарту – 2670,2 і 2344,6 рублёў адпаведна, нафтаперапрацоўкі – 2418,5, гандлю аўтамабілямі і матацыкламі – 2181,5, хімічнай прамысловасці – 2073,7 рублёў.
Адметна, што сёлета Белстат не ўключыў у стандартны спіс айцішнікаў, якія былі лідэрамі па медыянных заробках. Раней – у траўні і лістападзе 2022 года – іх медыянныя заробкі складалі 4159,6 і 3812,1 адпаведна.
Самыя нізкія паказчыкі медыяны за май 2023 года адзначаны ў рыбалоўстве і рыбаводстве – 1000,5 рублёў, уў паштовай і кур’ерскай дзейнасці – 1036,8.
Фота мае ілюстрацыйны характар.