Расійскі прапагандыст Захар Прылепін падарваны ва ўласным аўтамабіле

Машына Audi Q7 вядомага ідэолага “рускага свету” Захара Прылепіна ўзарвалася пад Ніжнім Ноўгарадам. Кіроўца загінуў, прапагандыст паранены.

Паводле папярэдняй інфармацыі, выбуховае прыстасаванне знаходзілася пад дном машыны. На месцы выбуху ўтварылася варонка глыбінёй паўтара метра. Аскепкі раскідала ў радыусе 30 метраў. Захар Прылепін знаходзіцца ў цяжкім стане, у яго зламаны дзве нагі — паведамляе телеграм-канал Mash.

Выбух адбыўся каля 10.40 раніцы ў раёне горада Бор Ніжагародскай вобласці. Выбуховая прылада была прыведзена ў дзеянне дыстанцыйна – за Прылепіным сачылі і дачакаліся пакуль ён высадзіць з аўто сваю дачку.

Адказнасць за тэракт ўзяў на сябе вайсковы рух украінцаў і крымскіх татараў «АТЕШ», пра што яны напісалі ў сваіх сацыяльных сетках.

Прылепін – гэта расійскі пісьменнік і былы дэпутат шавіністычных поглядаў, які ўсхваляе рускіх ваяроў, што ваююць ва Ўкраіне. З пачатку ваеннага канфлікту на Данбасе ён спачатку працаваў там ваенкорам. Затым з лютага 2017 года Прылепін стаў намеснікам камандзіра батальёна і ўзяў у рукі зброю. Пры гэтым пэўны час быў дарадцам Аляксандра Захарчанкі — кіраўніка так званага ДНР, якога ў 2018 годзе знішчылі ў бары “Сепар”. З пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Прылепін не спыняў сваю прапагандысцкую дзейнасць.

Фота з адкрытых крыніц

Удар беспілотнікамі па Крамлі хутчэй за ўсё быў інсцэніроўкай – ISW

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (Institute for the Study of War, ISW) у сваім штодзённым аналізе падзей на франтах расійска-украінскай вайны выказвае меркаванне, што па ўсіх прыкметах учорашні ўдар беспілотнікамі па Сенацкім палацы ў Крамлі быў інсцэніроўкай.

Так, аналітыкі ISW звяртаюць увагу на той факт, што “расійскія ўлады нядаўна распачалі крокі па павелічэнню патэнцыялу расейскай супрацьпаветранай абароны ўнутры краіны, у тым ліку ў самой Маскве, і таму вельмі малаверагодна, што два беспілотнікі маглі прабіцца праз некалькі слаёў супрацьпаветранай абароны і ўзарвацца або быць збітымі проста над сэрцам Крамля такім спосабам, які забяспечыў уражлівыя выявы, прыгожа злоўленыя на камеру.”

Геаграфічныя здымкі са студзеня 2023 года паказваюць, што расійскія ўлады размяшчаюць комплексы супрацьпаветранай абароны «Панцыр» пад Масквой, каб стварыць круг супрацьпаветранай абароны вакол горада. Той факт, што беспілотнікі змаглі праляцець эшэланіраваную лінію супрацьпаветранай абароны а потым аказацца збітымі над самім Крамлём (па інфармацыі расійскіх афіцыйных крыніц) выклікае вялікі сумнеў у праўдзівасці перакананняў, што за атакай стаіць Кіеў.

Таксама аналітыкі ISW падкрэсліваюць, што рэакцыя афіцыйных асоб Крамля была адначасовай, зладжанай і несупярэчлівай, тады як на іншыя раптоўныя для іх падзеі характар рэакцыі значна адрозніваўся. Вельмі верагодна, што афіцыйны адказ Расіі першапачаткова быў бы значна больш дэзарганізаваным, калі б атака насамрэч была нечаканай – мяркуюць спецыялісты Інстытута вывучэння вайны.

Верагодна, Расея арганізавала гэты напад, каб данесці вайну да расійскай унутранай аўдыторыі і стварыць умовы для больш шырокай мабілізацыі грамадства – дапускаюць аналітыкі.

На фота: купал Сенацкага палаца са слядамі пажару. Фота з адкрытых крыніц

Пад Бранскам зноў падарвалі цягнік, і яшчэ адну дыверсію прадухілілі

Вечарам 2 мая ў сямі кіламетрах ад Бранска на перагоне каля чыгуначнай станцыі Снежэцьская было падарвана чыгуначнае палатно – пішуць “Навіны Бранска”. Лакаматыў і 20 грузавых вагонаў сышлі з рэек. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.

Крыніцы Тэлеграм-канала Shot сцвярджаюць, што ўсяго было чутна тры выбухі і выяўлены тры кропкі кантакту, магутнасць выбуху адпавядала 6-7 кілаграмам у трацілавым эквіваленце.

Раней, днём 2 мая Тэлеграм-канал Mash заяўляў, што на 77-м кіламетры перагона Красны Рог – Почап былі заўважаныя некалькі падкопаў пад чыгуначнае палатно. Туды ў далейшым маглі закласці самаробнае выбуховае прыстасаванне.

Непадалёк быў заўважаны выкапаны друз у мяшках. Пра ўбачанае працаўнік чыгункі паведаміў праваахоўнікам. На месца выяжджалі аператыўныя службы. Паводле звестак тэлеграм-канала, выбуховае прыстасаванне пакуль не знойдзена.

Фота: скрыншот відэа

Было тры выбухі, падазраванага ўсё яшчэ шукаюць – з’явіліся падрабязнасці дыверсіі з беларускім цягніком пад Бранскам

Як паведамляе расійскі Тэлеграм-канал Baza, з’явіліся падрабязнасці дыверсіі ў Бранскай вобласці, у выніку якой быў спушчаны пад адхон беларускі цягнік.

Выбухоўка на чыгуначных пуцях у Бранскай вобласці была ўстаноўлена ў трох месцах – на цягніку былі знойдзены тры пункты кантакту. Магутнасць асноўнага выбуху склала 10 кілаграм у тратылавым эквіваленце. Два іншыя былі магутнасцю прыкладна па 200 грам у трацілавым эквіваленце.

Пры гэтым, мяркуючы па ўсім, дыверсант або дыверсанты, даволі доўга сачылі за шляхамі – за 100 метраў ад месца выбуху былі знойдзены 2 недакуркі, 2 пачкі ад цыгарэт, пустая бляшанка з-пад піва і ўпакоўка ад супу хуткага прыгатавання «Ролтан». Таксама там ляжалі фрагмент абгарэлай электраправодкі і медныя фрагменты правадоў.

У выніку выбуху была разбурана частка рэек каля 6 метраў і 4 бетонныя шпалы. Таксама на месцы ўтварылася варонка каля 2,5 метраў глыбінёй і каля 1,5 метраў у дыяметры. Акрамя таго сышоў з рэек двухсекцыйны цеплавоз і 5 вагонаў. Цеплавоз і 4 вагоны згарэлі.

З бакаў цеплавоза, выцекла і разлілася 12 тон дызельнага паліва.

Фота: t.me/sskarnaukhov

Раніцай 2 мая СМІ паведамлялі, што складзены фотаробат падазраванага ў дыверсіі, гэта мужчына апрануты ў чорнае прыблізна сарака гадоў, ростам каля 170 сантыметраў. Пры ім быў чорны заплечнік, мужчына перасоўваўся на ровары. Аднак пазней стала вядома, што гэты падазраваны быў затрыманы і аказаўся не датычным да дыверсіі. Цяпер расійскія сілавікі працягваюць шукаць прыкладна 35-гадовага мужчыну з барадой, якога таксама бачылі ля чыгункі незадоўга да выбуху.

У Бранскай вобласці пусцілі пад адхон беларускі грузавы цягнік

Каля горада Унеча Бранскай вобласці днём 1 траўня выбухам было пашкоджана чыгуначнае палатно. Састаў беларускай чыгункі з 60 вагонаў сышоў з рэек і загарэўся. Акрамя лакаматыва пад адхон сышлі сем-восем вагонаў – паведамляе Meduza. Цягнік перавозіў нафтапрадукты і піламатэрыялы.

Расійскае інфармацыйнае агенцтва “Навіны” размясціла ў сваім Тэлеграм-канале відэа з месца здарэння. Беларускія журналісты разгледзелі на гэтым відэа знак “Беларускай чыгунцы”. Інфармацыю пра аварыю з беларускім цягніком пацвердзілі і ў самім ведамстве.

Паводле папярэдніх дадзеных, выбух быў здзейснены з дапамогай прыстасавання, якое ўтрымлівала каля 200 грамаў выбухоўкі ў трацілавым эквіваленце. Расійскія праваахоўнікі абвясцілі план “Перахоп”, шукаюць двух мужчын якія, нібыта, трапілі на камеры відэаназірання.

Фота: З відэа РИА “Новости” 

Ноччу Расія зноў атакавала Украіну крылатымі ракетамі

З 18 ракет 15 было збіта сіламі супрацьпаветранай абароны Украіны, але ёсць прылёты ў Днепрапятроўскай вобласці, 25 чалавек пацярпелі.

– Каля 02:30 расійскія акупанты атакавалі Украіну з самалётаў стратэгічнай авіяцыі – напісаў у сваім Тэлеграм-канале Галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі Украіны Валерый Залужны – дзевяці Ту-95 з Аленегорскай вобласці (Мурманская вобласць) і двух Ту-160 з Каспійскага мора.

Усе ракеты, выпушчаныя па Кіеўскай вобласці, паводле папярэдняй інфармацыі былі збітыя – паведамляе агенцтва Unian.

У Паўлаградзе пашкоджана прамысловае прадпрыемства. Там узнік пажар, які ратавальнікі ўжо патушылі. У жылой зоне знявечана 19 шматпавярховых дамоў, 25 прыватных дамоў, 6 школ і дашкольных устаноў адукацыі, 5 магазінаў. Пацярпелі 25 чалавек, з іх трое дзяцей – адзначыў глава Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.

Фота: Тэлеграм-канал Сяргея Лысака

Расія ноччу абстраляла Украіну ракетамі і беспілотнікамі, загінулі не менш за восем мірных жыхароў

Масавы ракетны абстрэл тэрыторыі Украіны адбыўся ў ноч з 27 на 28 красавіка. Удару падвергліся гарады – Умань Чаркаскай вобласці, Украінка Кіеўскай, Днепр. на 9 гадзін раніцы 28 красавіка было вядома пра шэсць ахвяр у горадзе Умані – паведамляе агенцтва Уніан. 17 чалавек было паранена, працягваецца разбор завалаў. Ракета разбурыла частку шматпавярховіка (на фота), ніякіх ваенных аб’ектаў паблізу не знаходзіцца.

У Дняпры загінулі 31-гадовая маці і двухгадовая дачка – удар прыйшоўся на прыватны дом. Яшчэ тры чалавекі былі параненыя – 31-гадовы муж і сямейная пара 57 і 58 год.

Усяго па тэрыторыі Украіны былі запушчаны 23 крылатыя ракеты Х-101/Х-555, а таксама два БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню, з іх 21 ракета была збітая. Ракеты былі выпушчаныя са стратэгічных самалётаў Ту-95 з раёна Каспійскага мора.

Фота: Уніан

Фалаімітатары замест дронаў – украінскія хакеры ўзламалі расійскага актывіста

Украінскія хакеры з супольнасці “Кібер Супраціў” атрымалі доступ да акаўнта расійскага валанцёра Міхаіла Лучына на AliExpress і замест партыі дронаў для расійскай арміі замовілі фалаімітатары і страпоны на суму ў 25 000$ – піша Unian.

– Наш экспанат падвязаў “валанцёрскую” картку да акаўнта на AliExpress, а доступ да ўліковага запісу аддаў нам. – пракаментавалі актывісты “Кібер Супраціва” – Цяпер Міша збірае ўнікальную калекцыю […] за 25 000$, якія павінны былі пайсці на закуп БПЛА. Замест Дронаў Міша зараз адправіць акупантам фуры фалаімітатараў, страпонаў і іншыя карысныя рэчы.

Паведамляецца, што адмяніць свой “клубнічны” заказ Міхаіл Лучын ужо не зможа, паколькі ён быў аформлены яшчэ 24-25 сакавіка, і некаторыя з прадметаў ужо прыбылі на яго адрас.

Міхаіл Лучын (на загалоўным фота – злева, побач з падарваным у Санкт-Пецярбургу Уладленам Татарскім) пацвярдзіў гэты ўзлом у сваім Тэлеграм-канале:

– Укры ўзламалі маю пошту, алік і яшчэ штосьці. Усё вярнуў, акрамя 17 тыс. р., якія яны патрацілі на пакупку інтым-тавараў і сцягоў бандэраўскіх(…) Працуюць сумленна. 

Прыгожын заявіў, што павесіў расійскі сцяг на будынак адміністрацыі Бахмута, але яго ўжо не існуе

Заснавальнік ПВК “Вагнер”, расійскі мільярдэр Яўген Прыгожын позна вечарам 2 красавіка выклаў відэа ў сваім Тэлеграм-канале, у якім заявіў, што ставіць расійскі сцяг на будынку гарадской адміністрацыі горада Бахмута. 

“Юрыдычна Бахмут узяты” – заявіў Прыгожын і прысвяціў гэта блогеру Уладлену Татарскаму, што загінуў учора падчас выбуху ў кавярні Прыгожына.

Аналітыкі аднаго з украінскіх рэсурсаў, што адсочвае сітуацыю на фронце, зрабілі выснову, што будынка гарадской адміністрацыі ў Бахмуце ўжо проста не існуе – ён цалкам разбураны.

Гэта ўскосна пацвярджаецца тым фактам, што ніводнага фотаздымка расійскага сцяга над будынкам адміністрацыі потым не было апублікавана, а сам Яўген Прыгожын сфатаграфаваўся з тым самым сцягам у іншай лакацыі.

Блогер і вайсковец з ЛДНР быў падарваны ў Санкт-Пецярбургу на “творчым вечары”

Жыхар Данецкай вобласці Украіны Максім Фамін, вядомы таксама як Уладлен Татарскі – прарасійскі блогер, апалчэнец і “ваенкор” – загінуў падчас выбуху ў кавярні ПВК “Вагнер” у Санкт-Пецярбургу, паведамляе Інтэрфакс. 

Увечары 2 красавіка ў Пецярбургу ў кафэ “Street Food Bar №1” у Васілеўвостраўскім раёне адбыўся выбух. У выніку загінуў адзін чалавек, яшчэ 15 атрымалі раненні. У экстраных службах горада заявілі, што ў кафэ адбыўся «хлапок без пажару». Там адзначылі, што, паводле папярэдніх звестак, у памяшканні мог падарвацца газавы балон.

Кафэ належыць заснавальніку ПВК “Вагнер” Яўгену Прыгожыну. У выходныя ў гэтай кавярні звычайна збіраецца дыскусійны клуб «Кіберфронт Z». 2 красавіка там праходзіў творчы вечар «ваенкора» Уладлена Татарскага (сапраўднае імя – Максім Фамін). У афішы мерапрыемства гаварылася, што блогер раскажа “як весці рэпартажы з гарачых кропак, знаходзячыся пад градам куль, а таксама растлумачыць, што такое быць ваенкарам”. 

МУС заявіла, што загінуўшым падчас выбуху апынуўся сам Татарскі. СМІ паведамляюць, што ў кавярні ўзарваўся бюст, які прынесла ў падарунак Татарскаму наведвальніца.

Уладлен Татарскі – блогер і адзін з самых вядомых «ваенкораў», ураджэнец Макееўкі Данецкай вобласці. У яго больш за 560 тысяч падпісчыкаў у тэлеграме. Ён ваяваў на баку самаабвешчанай ДНР у складзе батальёна “Усход”, а затым у падраздзяленнях ЛНР. Да гэтага адбываў турэмны тэрмін па абвінавачванні ва ўзброеным рабаванні. З’яўляецца аўтарам кніг “Бег”, “Вайна” і “Медытацыя” – характарызуе яго meduza.io.