Расійскі прапагандыст Захар Прылепін падарваны ва ўласным аўтамабіле

Машына Audi Q7 вядомага ідэолага “рускага свету” Захара Прылепіна ўзарвалася пад Ніжнім Ноўгарадам. Кіроўца загінуў, прапагандыст паранены.

Паводле папярэдняй інфармацыі, выбуховае прыстасаванне знаходзілася пад дном машыны. На месцы выбуху ўтварылася варонка глыбінёй паўтара метра. Аскепкі раскідала ў радыусе 30 метраў. Захар Прылепін знаходзіцца ў цяжкім стане, у яго зламаны дзве нагі — паведамляе телеграм-канал Mash.

Выбух адбыўся каля 10.40 раніцы ў раёне горада Бор Ніжагародскай вобласці. Выбуховая прылада была прыведзена ў дзеянне дыстанцыйна – за Прылепіным сачылі і дачакаліся пакуль ён высадзіць з аўто сваю дачку.

Адказнасць за тэракт ўзяў на сябе вайсковы рух украінцаў і крымскіх татараў «АТЕШ», пра што яны напісалі ў сваіх сацыяльных сетках.

Прылепін – гэта расійскі пісьменнік і былы дэпутат шавіністычных поглядаў, які ўсхваляе рускіх ваяроў, што ваююць ва Ўкраіне. З пачатку ваеннага канфлікту на Данбасе ён спачатку працаваў там ваенкорам. Затым з лютага 2017 года Прылепін стаў намеснікам камандзіра батальёна і ўзяў у рукі зброю. Пры гэтым пэўны час быў дарадцам Аляксандра Захарчанкі — кіраўніка так званага ДНР, якога ў 2018 годзе знішчылі ў бары “Сепар”. З пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Прылепін не спыняў сваю прапагандысцкую дзейнасць.

Фота з адкрытых крыніц