з’явіліся падрабязнасці дыверсіі з беларускім цягніком пад Бранскам

Было тры выбухі, падазраванага ўсё яшчэ шукаюць – з’явіліся падрабязнасці дыверсіі з беларускім цягніком пад Бранскам

Як паведамляе расійскі Тэлеграм-канал Baza, з’явіліся падрабязнасці дыверсіі ў Бранскай вобласці, у выніку якой быў спушчаны пад адхон беларускі цягнік.

Выбухоўка на чыгуначных пуцях у Бранскай вобласці была ўстаноўлена ў трох месцах – на цягніку былі знойдзены тры пункты кантакту. Магутнасць асноўнага выбуху склала 10 кілаграм у тратылавым эквіваленце. Два іншыя былі магутнасцю прыкладна па 200 грам у трацілавым эквіваленце.

Пры гэтым, мяркуючы па ўсім, дыверсант або дыверсанты, даволі доўга сачылі за шляхамі – за 100 метраў ад месца выбуху былі знойдзены 2 недакуркі, 2 пачкі ад цыгарэт, пустая бляшанка з-пад піва і ўпакоўка ад супу хуткага прыгатавання «Ролтан». Таксама там ляжалі фрагмент абгарэлай электраправодкі і медныя фрагменты правадоў.

У выніку выбуху была разбурана частка рэек каля 6 метраў і 4 бетонныя шпалы. Таксама на месцы ўтварылася варонка каля 2,5 метраў глыбінёй і каля 1,5 метраў у дыяметры. Акрамя таго сышоў з рэек двухсекцыйны цеплавоз і 5 вагонаў. Цеплавоз і 4 вагоны згарэлі.

З бакаў цеплавоза, выцекла і разлілася 12 тон дызельнага паліва.

Фота: t.me/sskarnaukhov

Раніцай 2 мая СМІ паведамлялі, што складзены фотаробат падазраванага ў дыверсіі, гэта мужчына апрануты ў чорнае прыблізна сарака гадоў, ростам каля 170 сантыметраў. Пры ім быў чорны заплечнік, мужчына перасоўваўся на ровары. Аднак пазней стала вядома, што гэты падазраваны быў затрыманы і аказаўся не датычным да дыверсіі. Цяпер расійскія сілавікі працягваюць шукаць прыкладна 35-гадовага мужчыну з барадой, якога таксама бачылі ля чыгункі незадоўга да выбуху.