Раптоўны візіт Джо Байдэна ў Кіеў – што пра яго пішуць

Нечаканы прыезд амерыканскага прэзідэнта на сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім у сталіцу Украіны ўзарваў сусветную інфармацыйную прастору.
З раніцы 20 лютага ў украінскай інфармацыйнай прасторы пачалі паяўляцца навіны пра магчымы высокі візіт у сталіцу краіны. Агенцтвы здзіўляліся перакрыццю дарог у Кіеве, звязвалі гэта з прыездам прадстаўнікоў ізраільскага парламента, хоць некаторыя журналісты намякалі на самых нечаканых гасцей. А аднымі з першых пра візіт Джо Байдэна ва Украіну паведамілі журналіст і адвакат Марк Фейгін а таксама карэспандэнт Bild Юліян Ропке.

Джым Ла Порта з Rolling Stone са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што прыезду Байдэна папярэднічаў цэлы “масіў планаў” што да яго паездкі ва Украіну. Так, прапрацоўвалася сустрэча Джо Байдэна і Уладзіміра Зяленскага на украінска-польскай мяжы, альбо ў Львове.

Аднак, як паведамляецца, Байдэн настойваў на тым, каб ён наведаў менавіта ўкраінскую сталіцу, якая стала сімвалам супраціву расійскаму ўварванню падчас бітвы за Кіеў у першыя тыдні вайны, калі Расія спрабавала захапіць горад.

Сімвалічным таксама з’яўляецца дзень візіта – 20 лютага ва Украіне адзначаецца гадавіна масавага расстрэлу на Майдане – Дзень Нябеснай сотні.

У заяве Белага дома гаворыцца, што Байдэн знаходзіцца ў Кіеве, каб пацвердзіць «непахісную і нязменную прыхільнасць Амерыкі дэмакратыі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

Белы дом заявіў, што Байдэн абвесціць аб чарговай пастаўцы абсталявання ва Украіну, у тым ліку артылерыйскіх боепрыпасаў, бранябойных сістэм і радараў паветранага назірання, і што пазней на гэтым тыдні ён абвесціць аб дадатковых санкцыях супраць кампаній, звязаных з ваеннай машынай Расіі – піша The Guardian.

Фота: Dimitar Dilkoff/AFP/Getty Images

Уладзімір Зяленскі ўвёў санкцыі супраць мітрапалітаў Украінскай праваслаўнай царквы 

Санкцыі забяспечваюць замарожванне актываў і забарону на правядзенне камерцыйнай дзейнасці. Яны накладзены супраць сямі іерархаў Украінскай праваслаўнай царквы (УПЦ) Маскоўскага патрыярхату за прамаскоўскую і калабаранцкую дзейнасць.  

У апошнія тыдні служба бяспекі Ўкраіны праводзіла шэраг ператрусаў у цэрквах і манастырах УПЦ. 22 лістапада адбыліся ператрусы ў Кіева-Пячэрскай Лаўры, а ў цэлым у апошнія тыдні СБУ правярала больш за 350 царкоўных структур і 850 чалавек.

Паведамляецца пра знаходкі друкаваных матэрыялаў, расійскай літаратуры, якая прасоўвае прарасійскія ідэі. На тэрыторыі храмаў таксама былі выяўлены людзі без дакументаў, грамадзяне Расіі, расійскія пашпарты, а таксама і вялікія сумы грошай у грыўнях, доларах і рублях.

Украінская праваслаўная царква пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым гэтага года пачала аддаляць сябе ад Масквы. У траўні яе Сінод абвясціў пра сваю “поўную незалежнасць”. Аднак яна захоўвае цесныя сувязі з Маскоўскім патрыярхатам. Расійская праваслаўная царква афіцыйна не прызнала гэтае рашэнне.

Прэзідэнт Украіны дэкрэтам зацвердзіў рашэнне, якое раней было прынята Саветам нацыянальнай бяспекі і абароны. СБУ патлумачыў, што цяперашнія фігуранты патрапілі ў спіс санкцый за дапамогу і абгрунтаванне расійскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама за прасоўванне ідэй “рускага свету” ва Ўкраіне, за супрацоўніцтва з акупацыйнымі расійскімі ўладамі. 

У санкцыйным спісе, які апублікаваны на сайце прэзідэнта Украіны, чатыры мітрапаліты: Запарожскі і Мелітопальскі мітрапаліт Лука, Луганскі і Альчэўскі мітрапаліт Пантэлеймон, мітрапаліт Барыспальскі і Броварскі Антоні, мітрапаліт Чарнавіцкі і Букавінскі Мялеці, арцыбіскуп Канстанцінаўскі Паісі, настаяцель Свята Ўспенскага сабора ў Херсоне Алексі і настаяцель Мелітопальскага Свята Савінскага манастыра Іаан.

Да ведама, Украінская праваслаўная царква (Маскоўскага патрыярхату) мае 12 тысяч парафій з усіх 29 тысяч, якія маюцца ва Ўкраіне. Для параўнання, ва ўсёй вялікай Расіі сёння паводле афіцыйных дадзеных усяго 22 тысячы цэркваў і малітоўных памяшканняў. А актыўных праваслаўных прыхаджан ва Ўкраіне амаль столькі ж, колькі ва ўсёй Расіі. 

Санкцыі прадугледжваюць блакаванне актываў, перадухіленне зняцця капіталу за межамі Украіны, абмежаванне гандлёвых аперацый. Святары не змогуць набыць зямлю, прыватызаваць дзяржаўную ўласнасць. Акрамя таго, усе яны будуць пазбаўлены дзяржаўных узнагарод Украіны.

Згодна з тэкстам дакумента, кабінет міністраў павінен неадкладна падрыхтаваць законапраект, каб перадухіліць дзейнасць ва Украіне, “афіляваных з цэнтрамі ўплыву ў Расійскай федэрацыі рэлігійных арганізацый”.

Фота з адкрытых крыніц