«Трэба прымаць рашэнне». Кіраўнік Магілёўскага гарвыканкаму паабяцаў разабрацца з «начнікамі»

На працу начных крамаў і «пастаянны шум ад кампаній у той час, калі нармальныя людзі павінны бачыць сны», паскардзілася Ўладзіміру Цумараву жыхарка абласнога цэнтру. Газета магілёўскага гарвыканкаму «Веснік Магілёва» назвала праблему «больш глабальнай», чым барацьба з прусакамі ў адным з дамоў аддаленага мікрараёну.

Кіраўнік гарадской вертыкалі на скаргу гараджанкі на «начнікі» адрэагаваў, што ведае, хто ходзіць у крамы ў начны час.

«Гуляе моладзевая кампанія, весяліцца, жадае працягваць. Ну, не малако і хлеб яны ў гэтых крамах купляюць. Шумяць, ствараюць праблемы для жыхароў суседніх дамоў. Лічу, даўно трэба прымаць рашэнне, што начнога гандлю менавіта ў магазінах не можа быць. Для гэтага ёсць прадпрыемствы грамадскага харчавання. Трэба наводзіць парадак з начным гандлем», – выказаўся чыноўнік, якога цытуе «Веснік Магілёва».

Як будзе вырашацца праблема «з начным гандлем», пакуль невядома. Выданне гарвыканкаму разам з тым у назве публікацыі аб гутарцы Цумарава з насельніцтвам па тэлефоне, перспектыву “начнікоў” абазначыла канкрэтна: «Начны гандаль у крамах трэба спыняць».

фота: novychas.online