З’явіўся “Пашпарт вандроўніка па Беларусі”, Бабруйскі касцёл трапіў у топ-3 славутасцяў

У Беларусі пачалі выдаваць Пашпарт вандроўніка. Гэта невялікая, стылізаваная кніжачка, у якой пазначаны 65 лакацый па ўсёй Беларусі, дзе рэкамендуецца абавязкова пабываць. Наведвальнік мясціны атрымае налепку “быў – бачыў”, альбо “была – бачыла”, якой неабходна запячатаць патрэбную старонку. Кожная славутасць прафесійна праілюстраваная ў стылістыцы сярэдневяковых гравюр, а назвы падаюцца на беларускай мове і лацінкай. Наогул, праект такога пашпарта – гэта захапляльны квест – адзначаюць аўтары.
пашпарт вандроўніка па беларусі


Яны асобна падкрэсліваюць, што адна з іх мэтаў – гэта зацікавіць да наведвання невідавочных славутасцяў, якія могуць апынуцца ўбаку ад традыцыйных маршрутаў. “Гэтым летам, мы заклікаем вас паехаць… – і гэта не Мірскі замак” – кажуць яны ў дэманстрацыйным роліку і называюць свой топ славутасцяў, у якіх абавязкова трэба пабываць. На першым месцы – пасёлак Відзы, у якім знаходзіцца самы высокі касцёл у Беларусі. На другім месцы вёска Сар’я з неагатычным храмам, які стаў сімвалам каханню. Нумар тры – гэта “самы незвычайны пад’езд у Беларусі”. Так аўтары называюць шматпакутны касцёл у Бабруйску, да якога ў савецкія часы прыбудавалі хрушчоўку ў якасці новага фасада.
касцёл у Бабруйску

“Пашпарт вандроўніка” можна набыць за 47 рублёў у Мінску, альбо за 51 рубель – з дастаўкай па краіне. Ёсць нават опцыя каб замовіць яго з-за мяжы.
вандроўкі

Пакуль што незразумела, наколькі поўна прадстаўлена ў пашпарце Магілёўшчына, але дакладна вядома, што Мсціслава, напрыклад, у ім пакуль няма.

Фота: https://www.instagram.com/vander_groop/ 

Александрыя кліча: як выжыць у палатцы і не забыць зарадку

Для тых, паедзе на “Купалле” з начлегам, палатка на правым беразе Дняпра будзе забяспечана, але за ёй трэба звяртацца ў райвыканкам.

Купалле ў Александрыі можа зацягнуць так, што і не заўважыш, як наступіць ноч. 

Можна, вядома, пайсці шукаць папараць-кветку ў гонар 80-годдзя Перамогі, але лепш не паддавацца на блытаныя ідэалагічныя хітрыкі і паспаць.

Для гэтага ў час рэспубліканскага свята «Купалле» у Шклоўскім раёне зноў адкрываецца палаткавы горад. І не абы-які, а з усімі зручнасцямі.

Як сцвярджае загадчык сектара спорту і турызму шклоўскага райвыканкама Павел Табуноў, тэрыторыя кэмпінга ўжо абкошана.

Больш таго – там будуць разеткі, каб госці мелі магчымасць зарадзіць свае паўэрбанкі і сэлфі-палкі. 

Калі раптам камусьці захочацца піць – недалёка ёсць крынічка. Прадуглежданы і біятуалеты.

Нават, калі госць прыезде без сваёй палаткі, яе выдадуць.

Калі летась сюды заехалі каля 20 груп, то сёлета, як лічаць арганізатары, іх будзе яшчэ больш. Але месцаў багата, а палатак у шклоўскім райвыканкаме таксама хапае. 

Адзіная дробязь – трэба загадзя звярнуцца у райвыканкам. Бо без гэтага палатку не атрымаеш і прыйдзецца начаваць пад гасцінным александрыйскім небам.

Фота: “Беларусь Сегодня”.

Дазволена паляванне на мядзведзя – ўпершыню ў незалежнай Беларусі

З 1 ліпеня ў Беларусі дазволена паляванне на мядзведзя. Як паведамляюць у міністэрстве лясной гаспадаркі, гэта звязана з рэзкім павелічэннем іх колькасці. Сезон палявання на мядзведзя будзе доўжыцца да 31 снежня. Раней mogilev.media пісалі, што апошнія 20 гадоў колькасць папуляцыі мядзведзяў наогул не падлічвалі. А калі падлічылі, то ахнулі. Аказалася, што іх колькасць у бліжэйшыя гады можа дасягнуць 1 000 асобінаў у нашай краіне. Дагэтуль меркавалася, што папуляцыя мядзведзяў налічвае не больш за 80-100.

Беларускае дзяржаўнае прадпрыемства “Белдзяржпаляванне” прадае туры на арганізаванае паляванне на мядзведзя. Пакуль што гэта былі паездкі ў Расію, і кошт для аднаго ўдзельніка складаў 3 495 еўра на сем дзён за сам удзел. У выпадку забойства трафея, неабходна яшчэ даплаціць суму ад 1 350 да 2 250 еўра і больш у залежнасці ад памераў мядзведзя.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Вандруй. Адчуй. Натхняйся: на Магілёўшчыне ўдзел у акцыі прымуць 190 турыстычных аб’ектаў

У межах рэспубліканскай акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» жыхары і госці рэгіёна могуць бясплатна наведаць музеі, аграсядзібы, прыняць удзел у квэстах і майстар-класах, а таксама адчуць смак беларускай кухні.

Што такое «Вандруй. Адчуй. Натхняйся»?

Гэта штогадовая ініцыятыва Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага агенцтва па турызме, якая праходзіць у Беларусі з 2022 года. Мэта — папулярызацыя ўнутранага турызму і знаёмства з турыстычнымі магчымасцямі краіны. Колькасць удзельнікаў расце штогод: калі ў 2022 годзе было 516 аб’ектаў, то ў 2023 — ужо 924, а ў 2024 годзе — больш за 1200. На Магілёўшчыне год таму ў акцыі бралі ўдзел 130 аб’ектаў турыстычнай сферы, пісалі mogilev.media, сёлета – 190. 

Праўда, збольшага, гэта ўдзел чыста фармальны – пераважная большасць арганізацый пазначылі свой удзел вельмі проста: “наведванне аб’екта, азнаямленне з паслугамі”.

Магілёўшчына: што чакае турыстаў?

Тым не менш, з 2 па 8 чэрвеня 2025 года Магілёўская вобласць прапануе некаторую праграму:

  • Бясплатныя экскурсіі ў музеях, мастацкіх галерэях і гістарычных аб’ектах.
  • Квэсты і майстар-класы для дзяцей і дарослых у культурных установах і аграсядзібах.
  • Дні адкрытых дзвярэй ў санаторыях, аграсядзібах, турыстычных комплексах і нават на прамысловых прадпрыемствах.
  • Дэгустацыі страв беларускай кухні ў мясцовых кавярнях і рэстаранах.
  • Экалагічныя сцежкі і прагулкі па заказніках для аматараў прыроды. 

Удзел у акцыі прымаюць розныя аб’екты: ад аграсядзіб і санаторыяў да музеяў і вытворчых прадпрыемстваў. Дакладны пералік усіх удзельнікаў і іх прапановы можна знайсці тут.

Фота: mogilev.media