Бабруйскія курткі з падагрэвам разлятаюцца як гарачыя піражкі, а фабрыка пачала выпускаць цуда-пухавікі і падушкі з падагрэвам.
Мудрыя рэкамендацыі Лукашэнкі па паляпшэнні жыцця беларусаў жывуць і перамагаюць. Да ўсхвалення куртак з падагрэвам, якія выпускае ААТ «Славянка», далучылася БелТА.
З’явіліся новыя падрабязнасці пра чароўныя курткі, якія саграваюць у 30-градусны мароз, аднаго націску дастаткова, каб разагрэцца да 55 градусаў, а ў выпадку дажджу USB-раз’ём можна заткнуць спецыяльнай заглушкай.
«Славянка» пашыла ўжо 4500 куртак, «іх купляюць і замежнікі» з Расіі, а фабрыка абяцае выдаць на-гара новыя вырабы лінейкі імя Лукашэнкі – падушкі з падагрэвам і пухавікі з экапуху.
Справа дайшла нават да Антарктыды – мінулай зімой камізэлькі з падагрэвам пратэставалі ўдзельнікі беларускай экспедыцыі і засталіся задаволеныя такой навінкай.
Дзіўна, чаму Лукашэнка не даў новых парад. Бо работнікі сельгаспрадпрыемстваў вельмі маюць патрэбу ў ботах з халявамі вышэй калена, каб камфортна перамяшчацца па фермах, не ўступаючы ў прамы кантакт з гноем, а ў мінчукоў вялікай папулярнасцю карысталіся б шапкі з убудаванымі ліхтарыкамі – на той выпадак, калі правіцелю, які канчаткова ўпаў у дзяцінства, уздумаецца зноў адключыць святло.
Фота: БелТА.


