Магілёўская санстанцыя ездзіць з экспрэс-тэстамі на венерычныя хваробы

Спецыялісты Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі выязджаюць на бясплатныя тэставанні на ВІЧ і сіфіліс.

Так, надоечы разам з прадстаўнікамі Грамадскага аб’яднання ЮНЕСКО і псіхолагам Магілёўскага цэнтра сацабслугоўвання яны прыехалі ў аграгарадок Масток, дзе хуткім спосабам праверылі ўсіх жадаючых на ВІЧ і сіфіліс, распавялі пра небяспеку ўжывання наркотыкаў і псіхатропаў, а таксама засцерагалі ад хатняга гвалту.

Крыху раней яны завіталі ў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт з тымі ж мэтамі. Праўда, паводле паведамлення санстанцыі, на сіфіліс там не тэставалі, а толькі на ВІЧ.

Фотаздымак: тэлеграм-канал Магілёўскі ЦГЭ

Скончыўся кавідны каранцін, і на Магілёўшчыне ўсплеск венерычных захворванняў

Рост захворванняў на ганарэю – на 25%, на сіфіліс – на 5% за 2022 год у параўнанні з 2021.

Намеснік галоўнага ўрача абласнога скурна-венералагічнага дыспансера Павел Нядзведскі патлумачыў Тэлеграм-каналу “Беларусь 4 Магілёў” рост венерычных захворванняў заканчэннем кавіднага каранціну – людзі сталі паводзіць сябе больш разняволена. Цяпер колькасць хворых на сіфіліс па Магілёўскай вобласці складае 10,8 чалавекі на 100 000 насельніцтва.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц