У Сіднэі адкрыўся Vivid – знакаміты фестываль святла, фарбаў, музыкі і ідэй

Буйнейшы горад Аўстраліі ў канцы мая і ў чэрвені на тры тыдні ператвараецца ў яркі калейдаскоп і прымае мільёны наведвальнікаў.

Фестываль Vivid праходзіць пачынаючы з 2009 года, а ствараўся ён як фестываль разумнага святла ў імя энергаэфектыўнасці. За 14 гадоў ён стаў буйнейшай фестывальнай пляцоўкай у краіне, а адной з традыцыйных «пляцовак» фестывалю з’яўляецца будынак Сіднэйскай оперы, на які мастакі праецыруюць розныя маляўнічыя выявы.

У гэтым годзе гасцям фестываля прапанавана светлавая прагулка працягласцю 8,5 кіламетры ад Опернага тэатра да Цэнтральнага вакзала.

На сваім вэб-сайце Vivid цяпер прапагандуе тое, што арганізатары называюць сваёй “прыхільнасцю да ўстойлівай і экалагічнай адказнасці”.

У паведамленні арганізатараў гаворыцца, што аднаўляльныя крыніцы энергіі, акрэдытаваныя экалагічна чыстымі, сілкавалі больш за 80 працэнтаў асвятляльных установак у мінулым годзе.

Vivid адкрыўся ў пятніцу ўвечары і з’яўляецца штогадовым фестывалем святла, музыкі, ідэй і ўпершыню – ежы. Ён будзе доўжыцца да 17 чэрвеня і на разнастайных пляцоўках чакаюцца каля двух мільёнаў наведвальнікаў – паведамляе ABC News.

Фота з адкрытых крыніц і з сайта фестываля vividsydney.com

Аўстралійскі сёрфер пратрымаўся 30 гадзін у акіяне дзеля дабрачыннасці

Блэйк Джонстан пабіў сусветны рэкорд працягласці сёрфінгу на дошцы ў моры і сабраў 240 тыс долараў. 

Джонстан практычна без перапынку займаўся сёрфінгам на працягу 30 гадзін і 11 хвілін – і пабіў сусветны рэкорд, паведамляе BBC. Усталёўваючы рэкорд на адным з пляжаў Сіднэя 40-гадовы прафесійны серфінгіст “асядлаў” больш за 600 хваляў.

На шляху да рэкорду Джонстана было шмат перашкод і рызык, у тым ліку слепата ад салёнай вады, заражэнне вушэй, абязводжванне, а таксама пазбаўленне сну, пераахаладжэнне, напады акул і ўкусы медуз.

Джонстан вырашыў усталяваць рэкорд, каб сабраць сродкі для дабрачыннай арганізацыі, якая заснавана ў памяць алімпійскага сноўбардыста Алекса “Чампі” Пуліне, які ў 2020 годзе патануў ля ўзбярэжжа Аўстраліі, калі займаўся падводным паляваннем. 

У выніку марафонскага заплыву спартсмен сабраў 240 тысяч аўстралійскіх долараў на дабрачыннасць (больш за 160 тысяч долараў ЗША). Ён таксама падтрымлівае дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць людзям з псіхічнымі захворваннямі.

Фота з адкрытых крыніц

У Аўстраліі ўпершыню пасля пандэміі прайшоў масавы заплыў аголеных, але рэкорд пабіць не ўдалося

Першы падобны заплыў праходзіў у 2013 годзе, але пасля 2019 года яны былі забароненыя ў Аўстраліі з-за пандэміі каранавіруса. 

Сёлетняе мерапрыемства сабрала ў бухце Сіднэя каля 1 300 аголеных плыўцоў, і гэтага аказалася недастаткова, каб пабіць рэкорд самага масавага заплыву нудыстаў. У 2018 годзе ірландцы паставілі рэкорд – адразу 2 505 аголеных жанчын прынялі ўдзел у заплыве Irish Strip and Dip.

Сёлетні аўстралійскі заплыў Sydney Skinny быў часткай супрацоўніцтва з дабрачыннай арганізацыяй Skin Check Champions, каб дапамагчы павысіць дасведчанасць аб важнасці праверак на рак скуры.

Сярод аголеных купальшчыц была Кейсі Берджэс, былая ўдзельніца дзіцячага музычнага гурта Hi-5. Яна плавала ад імя членаў сваёй сям’і, якія змагаліся з ракам скуры і меланомай.

– Рак скуры незлічоную колькасць разоў узрушваў мой свет… вось чаму я плаваю. – расказала яна выданню Guardian.

Заснавальніца і арганізатар Sydney Skinny Таня Тэйлар распавяла, што мерапрыемства было распрацавана, каб вывесці людзей з зоны камфорту і заахвоціць іх абняць сваё цела. Аголеныя плыўцы ў Sydney Skinny маглі выбраць дзве даўжыні: 300 або 900 метраў.

– Мы ўсе смяяліся, і на працягу ўсяго заплывы казалі: «Як гэта дзіўна?» – дзяліліся ўражаннямі ўдзельнікі мерапрыемства.

Фота: Guardian

Навукоўцы склалі самую падрабязную геалагічную мадэль Зямлі

Па ёй можна прасачыць, як змянялася Зямля за апошнія 100 мільёнаў год.

Навукоўцы аўстралійскага ўніверсітэта Сіднэя склалі самую падрабязную мадэль геалагічных змен Зямлі пад назвай “Перспектыва Элерса” – паведамляе  часопіс Science. 

На відэа вучоныя паказалі, як ландшафт Зямлі мяняўся за апошнія 100 мільёнаў гадоў: ад змены ўзроўню Сусветнага акіяна да руху тэктанічных пліт.

На мадэлі ўлічаны такія фактары, як змена клімату і розныя прыродныя з’явы, у тым ліку, вывяржэнне вулканаў, землятрусы. 

На двух прадстаўленых відэа бачна, як перасоўваюцца кантыненты, мяняюцца рэчышчы, перамяшчаюцца тэктанічныя пліты.

Створаная мадэль у далейшым можа дапамагчы зразумець, як паверхня Зямлі будзе рэагаваць на змяненне клімату і тэктанічныя сілы, і вылічыць яшчэ толькі маючыя адбыцца змены планеты.