Засядаў адважны магілёўскі штаб па ліквідацыі наступстваў «Улі»

Чыноўнікі Магілёва дакладвалі адзін аднаму пра ўдзел у змаганні з цыклонам і дзяліліся меркаваннямі.

Магілёўскі «мэр» Сяргей Чарткоў прымаў даклады чыноўнікаў пра тое, што адбываецца ў горадзе падчас цыклона і што будзе пасля таго, як «Улі» сыдзе.

Штаб быў шматлікі. Спатрэбіліся нават прыстаўныя крэслы.

Кіраўнікі, адказныя за надзвычайныя сітуацыі, камунальную гаспадарку, транспартныя зносіны, энергетычнае забеспячэнне і медыцынскае абслугоўванне, далажылі Чарткову пра тое, што выконваюць свае службовыя абавязкі ў штатным рэжыме. 

Ніхто з іх не атрымаў псіхічных расстройстваў, ні ў каго не пачаліся панічныя атакі або клаўстрафобія з-за сядзення ў замкнёных прасторах цёплых кабінетаў.

Мабыць, самым важным стала паведамленне пра тое, што «за мінулыя суткі ў Магілёве выпала больш за 24 міліметры ападкаў». Проста дзіўна, што ніхто з чыноўнікаў не дадаў пункт «Подзвіг» у свой службовы распарадак, хоць мы дакладна не ведаем.

Фота «Магілёўскія ведамасці».