Па цане магілёўскай двушкі – паглядзелі, дзе беларусам даступна купіць жыллё з відам на мора

Нават у краінах Еўрасаюза беларусам цалкам дасягальная нерухомасць на марскім узбярэжжы. Напярэдадні курортнага сезона, mogilev.media падабралі некалькі варыянтаў, дзе жыхары рэгіёна могуць дазволіць сабе кватэру па тых жа коштах, што і ў Магілёве.

Па сярэдніх коштах на квадратны метр жылой плошчы Беларусь займае 68 радок у сусветным рэйтынгу нерухомасці. Побач з нашай краінай апынуліся такія еўрапейскія дзяржавы, што маюць выхад да мора, як Албанія, Балгарыя і Боснія і Герцэгавіна. Значна ніжэй у рэйтынгу Грузія і Азербайджан, хоць за апошні год тут назіраецца значны рост коштаў на нерухомасць, але ён не вельмі крытычны.

Мы выбралі для разгляду і параўнання з магілёўскімі коштамі менавіта гэтыя краіны, таму што яны камфортныя не толькі па цэнавых дыяпазонах, але і па дасягальнасці. Калі ж для вас адлегласць не праблема, то раім прыглядзецца да такіх краін, як Эквадор, Трынідад і Табага, Мексіка – усе яны дэманструюць нізкія кошты на жыллё і адначасова маюць высокі рэйтынг па Індэксе чалавечага развіцця.

Албанія

Краіна з высокім узроўнем сацыяльнага развіцця і адначасова ў гэтую дзяржаву беларусам не патрабуецца віза пры ўмове знаходжання ў Албаніі тэрмінам да 30 дзён і не больш за 90 дзён у год.

Улічваючы, што кошт на стандартнае жыллё ў Магілёве – за аснову бярэм двушку ў спальным раёне – складаюць 30 000 – 35 000 долараў, будзем шукаць адпаведныя варыянты з відам на мора.

Двухпакаёўку за 35 000 – 36 000 долараў вы зможаце знайсці ў прыморскім горадзе Дурэс – другім па велічыні і найбольш прыцягальным па архітэктурных каштоўнасцях у Албаніі. Вось, напрыклад, двухпакаёўка за 33 тысячы еўра (35 000$), а вось за 34 тысячы (амаль 37 000$). Адна агаворка – яны знаходзяцца недалёка ад марскога ўзбярэжжа, у некалькіх хвілінах, але гэта ўсё ж не першая лінія.

Самая танная кватэра з відам на мора пацягне на 38 500 еўра (больш за 41 000$), і гэта таксама двушка.

Амаль што ў такую самую цэну прадаецца таксама аднапакаёўка з вось такім пейзажам за вакном.

Балгарыя

Самыя танныя двушкі з відам на мора ў Балгарыі пацягнулі на 44 500 і 46 000 еўра (гэта пад 50 000$) – вось і вось.

А вось па коштах, вельмі блізкіх да магілёўскіх, можна дазволіць сабе вось такую кватэру-студыю ў горадзе Ахелой альбо такую ў горадзе Сазаполь. Абедзьве па 29 900 еўра – гэта крыху больш за 32 000 долараў.

Але варта ўлічваць, што для наведвання Балгарыі беларусам патрабуецца віза.

Боснія і Герцэгавіна

Пры адносна невысокім сярэднім кошце на квадратны метра жылля ў Босніі і Герцэгавіне (1 466$ за метр у параўнанні з беларускімі 1 509$) набыць кватэру з відам на мора будзе вялікай праблемай. У краіне ўсяго адзін горад размешчаны на марскім узбярэжжы, гэта Неум, і кошты тут у разы адрозніваюцца ад сярэдніх па краіне. Нам удалося знайсці толькі аб’яву пра продаж васьмікватэрнага дома з відам на мора за 243 тысячы еўра, але з абвесткі вынікае, што гэта кошт усяго дома, і тады сярэдняя цана за кватэру набліжаецца да камфортных 30 000, але ж наўрадці кватэры ў гэтым доме прадаюцца паштучна. Адзначым, што ў суседняй Харватыі, якая выцягнулася здоўж марскога ўзбярэжжа, кошты на жыллё нашмат вышэйшыя.

Грузія

Від на мора і на горы адкрываецца з вось такога жылога комплекса ў Батумі пры цане за двухпакаёвыя кватэры за 16 500 еўра альбо крыху менша за 20 000. А гэта прыкладна на 10 000$ – 15 000$ менш за кошт кватэры ў Магілёве.

Але варта ўлічваць, што грузінскі вектар пачалі выбіраць многія расіяне і беларусы пасля рэпрэсій у нашай краіне пачынаючы з 2020 года і пасля нападу Расіі на Украіну. Пагэтаму аналітыкі назіраюць тут рост коштаў на жыллё за мінулы год на 14,3%, а бягучым прадказваюць рост у 18%. Але і пры такіх характарыстыках кошт кватэры на беразе мора ў Грузіі не толькі суадносны з банальнай магілёўскай двухпакаёўкай а нашмат меншы.

Азербайджан

Кавалачак мора можна будзе разглядзець з балкона вось гэтай двухпакаёўкі ў Баку за 53 000 азербайджанскіх маната што адпавядае крыху больш чым 31 тысячы долараў ЗША. Гэта самая танная прапанова, знойдзеная ў аб’явах па гэтай краіне з умовай наяўнасці віду на мора.

А вось такі від адкрываецца з вакон апартаментаў у Баку памерамі ў 70 квадратных метраў і коштам 80 000 еўра. Адпаведна, у вызначаным гэтымі двума пазіцыямі дыяпазоне магілёўцы могуць разлічваць на курортнае жытло ў Азербайджане.

Фота з адкрытых крыніц.