Дзень у гісторыі. 8 студзеня. Дзень Бабіных каш. Адкрыты чыгуначны рух праз Магілёў. Мінск стаў сталіцай. Levi Strauss зачыніла апошнюю фабрыку ў ЗША.

Зімовы пакроўчык. Сабор Прасвятой Багародзіцы. Маладзёны (Бабіны). Частаванне бабы-пупарэзніцы. Дзень Бабіных каш.

Народная традыцыя надзяляе павітуху (павівальная бабка, прыёмніца, пупарэзка, пупавязніца) – дваістым статусам: яна пасланніца Божай Маці або намесніца Яе павітухі (Ісуса Хрыста прымала бабуля Саламаніда). Саламея-павітуха – заступніца прафесіі.

“У кожнай бабкі свае схваткі”, “Пачакай, не нарадзі, а за бабкай схадзі”, “Бабка прыйдзе, усякай справе падсобіць”, “Бог з літасцю, а бабка з рукамі”.

Бабуля-павітуха на вёсцы ўсім радня далёкая. Бабка дапамагала парадзісе, бабка дбала аб лёгкіх радзімах.

Сем’і з дзецьмі прыходзілі да бабак-павітух, частавалі іх самым смачным з таго, што спецыяльна да гэтага дня нарыхтавалі, і самі частаваліся знакамітымі “бабчынамі кашамі”. Гатовую кашу ўпрыгожвалі макам, ягадамі, арэхамі, палоўкамі яек, запякалі ў ёй курыцу ці пеўніка ў залежнасці ад таго, нарадзілася ў сям’і дзяўчынка ці хлопчык.

Па традыцыі адзін з гаршкоў з кашай разбівалі “на шчасце”, а затым ужо пачыналі частаваць кожнага, хто прыйшоў “на агеньчык”, ды не абы як, а абавязкова “з закавыкай”. Напрыклад, таго, хто стаў нядаўна бацькам, кармілі кашай “з пацехай”, у якой быў намяшаны хрэн, перац, гарчыца або пакладзена солі звыш усякай меры. Лічылася, што такім чынам ён хоць у нейкай ступені падзеліць са сваёй жонкай пакуты, выпрабаваныя ёю пры родах. Маладую маці адорвалі грэцкімі арэхамі, каб прыбывала малако. А дзетак частавалі кашамі салодкімі, разлічваючы на іх прыхільнасць да нованароджанага.

А яшчэ па бабчыных кашах на лёс варажылі. Калі падчас падрыхтоўкі яна вылазіць з чыгуна ў бок печы – разлічвалі на шчаслівы год, у адваротным выпадку рыхтаваліся да непрыемнасцяў. Але каб пазбегнуць непрыемнасцей ад “нешчаслівай” кашы, то яе разам з чыгуном тапілі ў палонцы.

1903 год. Адкрыты рух цягнікоў на ўсёй Віцебска-Жлобінскай чыгунцы праз Магілёў. 

З гэтай нагоды магілёўскага губернатара і жыхароў горада павіншавалі ў сваіх тэлеграмах імператар Мікалай II, міністр шляхоў зносін князь М. Хілкоў і міністр фінансаў С. Вітэ. Гэтага моманту Магілёў чакаў каля 30 год.

1911 год. Нарадзіўся Уладзімір Дудзіцкі. 

Беларускі паэт, дзеяч беларускай эміграцыі.

Быў выключаны з «воўчым білетам» з Мінскага педтэхнікума як «нацдэм». Працаваў у газеце «Савецкая Беларусь», выдавецтве акадэміі навук.

Арыштаваны ДПУ ў лютым 1933 года, асуджаны, пакаранне адбываў у Сібіры, Казахстане, Узбекістане.

Падчас нямецкай акупацыі працаваў загадчыкам аддзела культуры Мінскай гарадской управы, кіраўніком Барысаўскага акруговага аддзела Беларускай Народнай Самапомачы, увайшоў у склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Летам 1944 года эміграваў. Жыў у Германіі, Аўстрыі, Венесуэле, дзе заснаваў Беларускі камітэт, у ЗША, Аргенціне.

У 1950-1960-х гадах працаваў галоўным рэдактарам беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленне» ў Мюнхене. У ЗША выкладаў рускую мову ва ўніверсітэце Блумінгтана.

Аўтар зборнікаў паэзіі, паэм, прозы, перакладаў, публіцыстыкі, успамінаў. Валодаў іспанскай, англійскай, нямецкай мовамі.

1919 год. Мінск абвешчаны сталіцай ССРБ. 

Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь была абвешчана 1 студзеня 1919 года ў Смаленску. Існавала з 1 студзеня да 27 лютага 1919 года пад кантролем расійскага бальшавіцкага ўрада ў складзе Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губерняў, большай часткі Смаленскай, часткі Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў – амаль 300 тысяч кв. км.

16 студзеня 1919 года ў склад РСФСР без папярэдняга абмеркавання з урадам ССРБ увайшлі Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. 27 лютага 1919 года ў Вільні было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай ССР у складзе Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў. ССРБ перастала існаваць.

1924 год. Нарадзіўся Алесь Савіцкі. 

Беларускі пісьменнік. Ганаровы грамадзянін г. Полацка.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Сцяг камунізму», выдавецтве «Ураджай», у Літаратурным музеі Якуба Коласа, аддзеле культуры ЦК КПБ.

Аўтар мастацкіх і дакументальных кніг, аповесцяў для дзяцей. Шэраг твораў перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузінскую, славацкую мовы.

Памёр 5 кастрычніка 2015 года.

1936 год. Нарадзіўся Генадзь Каханоўскі

Беларускі гісторык, археолаг, краязнавец, фалькларыст, літаратуразнавец. Доктар гістарычных навук.

Удзельнік археалагічных раскопак у Крыме, Беларусі, працаваў дырэктарам Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства.

Даследаваў гісторыю археалогіі, музейнай справы, краязнаўства, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Сярод яго шматлікіх цікавых знаходак – уборы ксяндза А. Станкевіча, скарбы манет, археалагічная калекцыі керамічнага посуду, фрагменты кафлі, тканіны, дакументы, лісты беларускіх дзячаў, фотаматэрыялы, музычныя інструменты.

Памёр 15 студзеня 1994 года.

1954 год. Адбылася адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа БССР. 

Ліквідаваны вобласці – Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская (з цэнтрам у Мазыры), Пінская і Полацкая. Засталося 7 абласцей: Віцебская, Магілёўская, Мінская, Гомельская, Брэсцкая, Гродзенская, Маладзечанская (замест Вілейскай). Тэрыторыя былой Бабруйскай вобласці адыйшла ў склад Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей.

1959 год. Генерал Шарль дэ Голь (1890-1970) стаў прэзідэнтам Францыі, першым прэзідэнтам Пятай Рэспублікі (1959-1969). 

Будучы капітанам францускай арміі падчас Першай сусветнай вайны з ліпеня па верасень 1916 года пасля ранення знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных у беларускім Шчучыне. Яму там паставілі помнік (2021 год), які так і не адкрылі дагэтуль.

Як прэзідэнт меў незвычайна шырокія паўнамоцтвы – мог у выпадку надзвычайнай сітуацыі распусціць парламент і прызначыць новыя выбары, асабіста курыраваў пытанні абароны, знешняй палітыкі і найважнейшыя ўнутраныя міністэрствы.

За 80 гадоў жыцця здолеў стаць найвялікшым героем Францыі пасля Жаны д’Арк. Двойчы ўзначальваў краіну, абодва разы прымаючы кіраўніцтва на піку нацыянальнай катастрофы і пакідаючы дзяржаву ў стане эканамічнага ўздыму і роста міжнароднага прэстыжу. 

Аўтар больш за дзясятак кніг – мемуараў і тэарэтычных прац-бэстсэлераў па ваенным мастацтве. Загадкавы, містычны, выратавальнік Францыі, аб’яднальнік французскага народа, вызваліцель Алжыра і іншых калоній імперыі. Цікава, што тэкст расійскай канстытуцыі 1993 года, шмат у чым супадае з канстытуцыяй дэ Голя.

1967 год. У Мюнхене памерла Барбара Вержбаловіч (Вербіч, Ганчарэнка). 

Беларуская оперная і канцэртная спявачка (мецца-сапрана).

У 1939-1941 гадах салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нацыянальных спектаклях «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А. Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх.

Падчас акупацыі працавала ў Мінскім гарадскім тэатры, у 1943 годзе выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М. Шчаглова-Куліковіча.

3 чэрвеня 1944 года на эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатральнай групе «Жыве Беларусь» (пазней – Беларускі тэатр эстрады).  З 1954 года – сакратар, дыктар беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Запісала некалькі грампласцінак.

У 1950-1954 гадах жыла ў ЗША: канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў беларускага жаночага руху.

магіла Барбары Вержбаловіч (Вербіч) 

1980 год. Памёр Канстанцін Кіслы. 

Беларускі музыкант, кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хораў.

Падчас Першай сусветнай вайны жыў з сям’ёй у Марыупалі, працаваў  кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі, на канцэртах выконваліся беларускія песні.

У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У Беластоку арганізаваў школьны царкоўны хор, вёў свецкі хор Таварыства беларускай школы, шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізоўваў публічныя канцэрты.

У 1939 годзе арыштаваны НКУС, сядзеў у турме, з якой уцёк у 1941 годзе. Падчас вайны супрацоўнічаў з Беларускім камітэтам у Беластоку, аднавіў свой  хор, які ў 1942 годзе быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца, шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа на сваіх канцэртах. 

З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, ЗША. Пасля смерці Міколы Равенскага ў 1953 годзе стаў дырыжорам студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў бельгійскім г. Лёвене. З ансамблем выступаў у краінах Заходняй Еўропы.

У ЗША рэарганізаваў кліўлендскі хор беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Адкрыў у Кліўлендзе ўласную інструментальна-музычную студыю.

Увосень 1976 года пераехаў жыць у Беласток.

1997 год. Памерла Аляксандра Саковіч (Іна Рытар). 

Беларуская пісьменніца, мемуарыст, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША.

Выкладала ў БДУ, Навагрудскай настаўніцкай семінарыі, Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу.

Аўтар апавяданняў, аповесцей, успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Лёсіка, П. Бузука, М. Грамыку, У. Ігнатоўскага і іншых. У працах “Лістападаўцы”, “Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту”, “Археалагічная экспедыцыя ў 1928 г.”, “Менск у 1930-1931 гадох” паўстае карціна жыцця на Беларусі міжваеннага часу.

Упершыню ў беларускай прозе шырока паказала лёс жанчыны, сямейнае, мацярынскае шчасце якой было разбурана бязлітаснымі катаклізмамі часу.

Памерла 8 студзеня 1997 года.

2004 год. Levi Strauss & C° зачыніла апошнюю фабрыку на тэрыторыі ЗША. 

Зачынілася пашывачная фабрыка сусветна вядомай амерыканскай кампанія па вытворчасці джынсаў у Сан-Антоніа, штат Тэхас. На гэтым завяршылася больш чым 150-гадовая эпоха, на працягу якой на лэйбле найпапулярных у моладзевым асяроддзі штаноў красаваўся ганарлівы надпіс “Made in USA”. Кампанія, што ўзнікла ў Сан-Францыска ў 1853 годзе, толькі з 1981 па 1990 год з прычыны дарагой працоўнай сілы закрыла ў сябе на радзіме 58 прадпрыемстваў. Цяпер кампанія мае тры “джынсавыя штаб-кватэры”: у Сан-Францыска, Брусэлі і Сінгапуры, а асноўную частку прадукцыі пад маркай Levi Strauss вырабляюць па ліцэнзіі іншыя кампаніі.

Дзень у гісторыі. 5 снежня. Прынята “сталінская” Канстытуцыя. Падпісаны Будапешцкі мемарандум. Нарадзіліся Юзаф Пілсудскі, Мікола Равенскі, Алесь Разанаў.

Міжнародны дзень добраахвотнікаў у імя эканамічнага і сацыяльнага развіцця (International Volunteer Day, з 1985 года) устаноўлены па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН

Валанцёры – гэта людзі, якія ў свой вольны час працуюць на грамадства. 

Добраахвотнікаў можна сустрэць у якасці персаналу на Алімпійскіх гульнях або ў якасці рознарабочых пры аднаўленні разбурэнняў. Такія людзі добраахвотна выклікаюцца дапамагаць прыбіраць грамадскую тэрыторыю, распаўсюджваць плакаты ці брашуры сацыяльнай кампаніі, гатовы бясплатна праводзіць экскурсіі па родным горадзе, быць перакладчыкамі на вялікіх міжнародных спартыўных спаборніцтвах. Больш за тое, добраахвотнікі дапамагаюць персаналу ў дзіцячых дамах і дамах састарэлых, спяшаюцца на дапамогу пры ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў.

І грамадства, несумненна, мае патрэбу ў рэзультатыўнай працы валанцёраў. ААН увесь час заклікае дзяржавы прымаць меры ў мэтах павышэння дасведчанасці аб важным унёску службы добраахвотнікаў, і тым самым заахвочваць яшчэ больш людзей ва ўсіх сферах дзейнасці прапаноўваць свае паслугі ў якасці добраахвотнікаў як на радзіме, так і за мяжой.

Пракоп і Сава (народны каляндар). «Прыйдзе Пракоп хмуры – раскапае гуры». «Барбара мосьціць, Сава цьвікі вострыць, а Мікола прыбівае».

1360 год. З’яўленне франка. 

Французскі кароль Ян II Добры з мэтай сабраць грошы для выплаты выкупу ангельцам падпісаў спецыяльны ўказ аб чаканцы залатой манеты вагой 3,88 грама і дыяметрам 29 міліметраў з лацінскім надпісам на аверсе Johannes Dei gratia Francorum rex –  “кароль франкаў”. 

Адсюль пайшла назва манеты франк, пазней і валюты, якая мела хаджэнне ў Францыі да ўвядзення еўра ў 2002 годзе. 

У наш час франк захоўваецца ў Швейцарыі (швейцарскі) і некаторых краінах Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі.

 

1484 год. Папа Інакенцій VIII выдаў булу “З найвялікшай стараннасцю”. 

У адпаведнасці з ёй інквізітарам надаваліся выключныя паўнамоцтвы ў справе палявання на ведзьмаў. Быў пакладзены пачатак аднаму з самых крывавых і працяглых у гісторыі чалавецтва нялюдскіх пераследаў нявінных ахвяр. 

Рымская інквізіцыя ранняга Новага часу разгледзела, як лічыцца, 50-70 тысяч спраў, пры гэтым адправіла на пакаранне смерцю каля 1300 чалавек. 

Паляванне на ведзьмаў было больш разбуральным – тут налічваюць некалькі дзесяткаў тысяч спаленых. 

Іспанская інквізіцыя скасавана ў 1808 годзе Жозэфам Банапартам, французская канчаткова скасавана ў 1834 годзе. 

Інквізіцыя (лац. Inquisitio – “вышук”, “расследаванне”) існуе і сёння, толькі памяняла шыльду. Кангрэгацыя інквізіцыі на Другім Ватыканскім саборы 1965 года была перайменавана ў Кангрэгацыю веравучэння, якая існуе дагэтуль і займаецца абаронай веры і маральнасці каталікоў, у прыватнасці расследуе сэксуальныя злачынствы.

На выяве: Галілей перад Рымскай інквізіцыяй.

 

1579 год. Пірацкая брыганціна Фрэнсіса Дрэйка “Залатая лань” уступіла ў гавань Сант’яга (Чылі). 

Там стаяў на якары іспанскі галіён “Капітан” – флагман эскадры. Іспанцы прынялі ангельцаў за сваіх, сустрэлі “Залатую лань” прывітальным барабанным боем. Піраты спусцілі на ваду лодку, спакойна прысталі да галіёна і падняліся на яго борт. Карабель быў захоплены без адзінага стрэлу. 

Здабыча аказалася багатай: 37 тысяч залатых дукатаў, фарфор, срэбра, і ў дадатак – дзве тысячы бочачак віна. 

Калі праз 10 месяцаў Фрэнсіс Дрэйк вярнуўся на радзіму, яго сустрэлі як нацыянальнага героя. Каралева Лізавета наведала карабель і на палубе пасвяціла яго ў рыцары, крыху пазней удастоіла звання адмірала.

Дрэйк стаў першым мараплаўцам, які абышоў зямны шар, захаваўшы пры гэтым цэлым судна і жыццё большасці матросаў (Магелан, як вядома, дадому не вярнуўся). 

У 1588 годзе ён фактычна камандаваў англійскім флотам пры разгроме “Непераможнай армады”. 

Імем Дрэйка названы  самы шырокі ў свеце праліў – паміж Амерыкай і Антарктыдай.

Зрэшты, народнае прызнанне адміралу Дрэйку прынеслі зусім не яго пірацкія прыгоды і ваенныя перамогі. У баварскім  Афенбургу стаіць помнік: Дрэйк з кветкай у руцэ. Гэта кветка бульбы. На помніку надпіс: “Сэру Фрэнсісу Дрэйку, услаўленаму мараплаўцу, які распаўсюдзіў бульбу ў Еўропе. Мільёны земляробаў свету дабраслаўляюць яго несмяротную памяць. Яго дарунак – вялікая дапамога ўсім беднякам, каштоўнае прынашэнне, якое палягчае горкую патрэбу і нягоды немаёмных”.

1867 год. Нарадзіўся Юзаф Пілсудскі. 

Польскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, першы кіраўнік адроджанай Польшчы. Падарожнік па Амерыцы, Еўропе, Японіі.

Галоўнакамандуючы Войска польскага, першы маршал Польшчы, двойчы прэм’ер (1926-1928 і 1930). Кавалер вялікай колькасці ордэнаў і ганаровых адзнак, як польскіх, так і замежных, ганаровы доктар шэрагу ўніверсітэтаў міжваеннай Польшчы. 

Пілсудскі — асоба, заслугі якой перад незалежнаю Польшчай паўсюдна прызнаныя.

Пра беларусаў пісаў, што трэба “адзначыць неакрэсленасць іх нацыянальных пачуццяў”. Беларусаў з заходніх губерняў ставіў вышэй за жыхароў усходу Беларусі, бачыў розніцу паміж беларусамі-праваслаўнымі і беларусамі-каталікамі.

У постаці Пілсудскага выяўляліся пэўныя рысы беларускасці, якія ставілі яго ў лепшае святло ў параўнанні з беларускімі савецкімі дзеячамі. Нарадзіўся ён на Віленшчыне, ведаў беларускую мову, карыстаўся ёю, меў кантакты з дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння, у свой час нават займаўся кантрабандным увозам “Дудкі беларускай” Ф. Багушэвіча.

Памёр 12 мая 1935 года. Пахаванне стала вялікай маніфестацыяй нацыянальнага адзінства. Была абвешчана нацыянальная жалоба. Цела было змешчана ў крыпце святога Леанарда ў Вавелі. У 1936 годзе сэрца Пілсудскага палажылі ў труну яго маці на могілках Росы ў Вільні (маўзалей Маці і сэрца сына).

У міжваенны час, а таксама пасля Другой Сусветнай вайны, вакол асобы маршала будаваўся пэўны культ. Пасля падзення камунізму ў Польшчы, Пілсудскі лічыцца адной з найважнейшых асоб у гісторыі польскай дзяржавы. У яго гонар названыя многія вуліцы, плошчы і школы, пастаўлены помнікі.

1886 год. Нарадзіўся Мікола Равенскі. 

Беларускі кампазітар, дырыжор, музычны крытык.

Працаваў рэгентам у Навагрудку, Чэрвені, хормайстрам мінскага гарадскога тэатра, выкладчыкам у музычным тэхнікуме, Беларускай кансерваторыі.

3 1944 года на эміграцыі ў Германіі, Бельгіі. Працаваў у Лёвенскім універсітэце, дзе стварыў студэнцкі ансамбль беларускай музыкі, кіраваў хорам беларускіх студэнтаў Бельгіі, з якім гастраляваў па Еўропе. Супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва.

Музычная і кампазітарская творчасць цесна звязана з беларускім фальклорам.

Аўтар апрацовак беларускіх народных песень і песень на вершы М. Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, К. Буйло, Ц. Гартнага, З. Бядулі, оперы «Браніслава» (лібрэта У. Дубоўкі; у 1930 годзе канфіскавана), першай беларускай аперэты на словы В. Дуніна-Марцінкевіча «Залёты», музыкі для «Пагоні», на тэксты царкоўных малітваў, у тым ліку «Магутны Божа» (на словы Н. Арсенневай).

Аўтар даследавання «Характэрныя рысы беларускай народнай песні».

Памёр 9 сакавіка 1953 года ў бяльгійскім Лёвене.

 

1908 год Нарадзілася Ганна Абуховіч. 

Беларуская акцёрка тэатра і кіно. Народная артыстка.

Дэбютавала як акцёрка нямога кіно ў 1929 годзе. З 1937 года акцёрка Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра Беларусі.

Стварыла шэраг яркіх, псіхалагічна глыбокіх драматычных вобразаў у пастаноўках па творах А. Астроўскага, Х. Вуаліёкі, У. Шэкспіра, К. Губарэвіча, А. Петрашкевіча і іншых.

Здымалася ў 9 кінафільмах.

Аўтар ўспамінаў «Паўстагоддзя на сцэне» (1987).

У яе гонар на вул. Леніна, 5 у Мінску ўсталяваная памятная дошка.

Памерла 13 лістапада 1986 года.

 

1929 год. Нарадзіўся Яўген Кудрашоў. 

Беларускі эканаміст. Кандыдат эканамічных навук, дацэнт.

Скончыў прыродазнаўчае аддзяленне настаўніцкага, геаграфічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута.

Працаваў выкладчыкам, дацэнтам, дэканам геаграфічнага,  гістарычнага факультэтаў, рэктарам (1971-1994) Магілёўскага педінстытута. 

Памёр 20 кастрычніка 2011 года.

 

1936 год. У СССР прынята другая Канстытуцыя. 

Увайшла ў гісторыю пад назвай “Сталінская”, другая Канстытуцыя пасля 1924 года, “канстытуцыя развітога сацыялізму”. Замацавала знішчэнне прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці і эксплуататарскія класы, адмову ад дыктатуры пралетарыяту. Эканамічнай асновай абвяшчалася планавая сацыялістычная сістэма гаспадаркі і сацыялістычная ўласнасць.

Упершыню ў гісторыі СССР усім грамадзянам гарантаваліся роўныя правы: усеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні; права на працу і адпачынак, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці і ў час хваробы, права на бясплатную адукацыю. Абвяшчалася свабода сумлення, слова, друку, сходаў і мітынгаў, а таксама недатыкальнасць асобы і таямніца перапіскі.

Усе багацці краіны аб’яўляліся ўсенародным здабыткам. Зямля, якая займалася калгасамі, перадавалася ім у вечнае карыстанне.

Камуністычная партыя абвяшчалася прадстаўніком “кіруючага ядра” ўсіх грамадскіх і дзяржаўных арганізацый працоўных (у Канстытуцыі 1924 года партыя не згадвалася). Вышэйшым органам заканадаўчай улады станавіўся Вярхоўны Савет.

Дзейнічала да 7 кастрычніка 1977 года, калі была прынята “брэжнеўская” канстытуцыя, якая ставіла мэты пабудовы бескласавага камуністычнага грамадства, замацоўвала за кожнай саюзнай рэспублікай права выхаду са складу СССР. У 1990 годзе ў Канстытуцыю было ўнесена некалькі паправак, якія пашыралі правы і свабоды грамадзян, а таксама змянілі палітычную сістэму краіны. Але Асноўны закон спыніў сваё дзеянне ў сувязі з распадам СССР у 1991 годзе.


1941 год. Дзень пачатку контрнаступлення савецкіх войскаў супраць нямецка-фашысцкіх войскаў у бітве пад Масквой. 

Контрнаступленне, як другі этап бітвы за Маскву, пачалося на досвітку – савецкія войскі перайшлі ў наступ на фронце ад Калініна да Яльца. Інфармацыя пра контрнаступленне прагучала па радыё толькі ў ноч на 13 снежня. Да гэтага часу савецкія войскі разбілі ўдарныя танкавыя групоўкі суперніка і, прасунуўшыся ад зыходнай лініі паўночней сталіцы на 60 км, а паўднёвей – на 120 км, ухілілі непасрэдную небяспеку Маскве. 16  снежня савецкія войскі вызвалілі Калінін (цяпер Цвер), 19 снежня  выйшлі на мяжу ракі Лама і Руза, да 25 снежня на раку Ака, 28 снежня быў вызвалены Казельск, 30 снежня – Калуга.

Гэта была першая буйная параза нямецка-фашысцкай арміі ў Другой сусветнай вайне. У бітве пад Масквой гітлераўцы страцілі больш за 500 000 чалавек, 1300 танкаў, 2500 гармат. Адчувальнай аказалася і маральная шкода, нанесеная ворагу – гітлераўскія ваенныя трыбуналы асудзілі каля 62000 салдат і афіцэраў за дэзерцірства, самавольнае пакіданне пазіцый і непадпарадкаванне загадам старэйшых афіцэраў. З займаных пастоў былі зняты 35 вышэйшых чыноў германскага войска.

 

1943 год. Паводле аператыўнай зводкі Саўінфармбюро: на паўночны захад ад Прапойска Чырвоная Армія авалодала населенымі пунктамі “Дваровы, Боўкі, Дабужа. На паўночны захад ад Гомеля нашы войскі з упартымі баямі прасунуліся наперад”.

 

1947 год. Нарадзіўся Алесь Разанаў. 

Беларускі паэт-наватар, аўтар новых паэтычных форм, перакладчык. Лаўрэат прэмій: Дзяржаўнай імя Я. Купалы, Гердэра, «Залаты апостраф», імя Наталлі Арсенневай.

У кастрычніку 1968 года разам В. Ярацам, Л. Барташам звярнуўся ў ЦК КПБ з лістом на імя П. Машэрава (ліст падпісала некалькі соцень чалавек) з патрабаваннемі вяртання выкладання на беларускай мове, за што атрымаў ярлык «нацыяналіст», а пасля наведвання Л. Геніюш у Зэльве, быў выключаны з БДУ. 

Настаўнічаў, працаваў у  газеце «ЛіМ», часопісах «Родная прырода», «Крыніца», выдавецтве «Мастацкая літаратура». Быў віцэ-прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра.

Аўтар многіх паэтычных зборнікаў, якія лічацца этапнымі для беларускай паэзіі, сярод якіх – «Каардынаты быцця», «Шлях-360», «Сума немагчымасцяў».

Яго шматлікія вершаваныя тэксты – гэта вершы аб прадметах і рэчах, прыродных з’явах і жывых істотах.

У зборніках апошніх дзесяцігоддзяў паэт адкрыў багацце лексічных, музычных, сэнсавых магчымасцей і дэманстраваў амаль у кожным новым творы ідэю вобразнай невычэрпнасці нацыянальнай моўнай стыхіі.

Перакладаў з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў.

Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Выдаў па-нямецку зборнік «Wortdichte» (2003).

«Алесь Разанаў быў паэтам ад Бога, і ў беларускай паэзіі зрабіў сапраўдную мадэрністычную рэвалюцыю» (Зм. Дзядзенка).

Памёр 26 жніўня 2021 года.

 

1994 год. Падпісаны Будапешцкі мемарандум. 

Міжнародная дамова пра гарантыі бяспекі ў сувязі з далучэннем Украіны да «Дамовы пра нераспаўсюджанне ядзернай зброі». Падпісана паміж Украінай, ЗША, Расіяй і Вялікабрытаніяй. Украіна набыла «бяз’ядзерны статус». Дамова ўтрымоўвае пункты, якія прадстаўляюць Украіне гарантыі яе суверэнітэту і бяспекі.

Паводле дадзенага Мемарандума, краіны-падпісанты абавязаліся: паважаць незалежнасць, суверэнітэт і дзяржаўныя межы Украіны; устрымлівацца ад пагрозы сілай і яе ўжывання супраць тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці Украіны; ніякая іх зброя ніколі не будзе выкарыстоўвацца супраць яе, акрамя мэт самаабароны ці любой іншай праявай у адпаведнасці са статутам ААН; устрымлівацца ад эканамічнага ціску, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыццяўленне Украінай, якая мае рацыю, уласцівую яе суверэнітэту; дамагацца неадкладных дзеянняў Савета Бяспекі ААН з мэтай аказання дапамогі Украіне, калі яна стане ахвярай акту агрэсіі ці аб’ектам пагрозы агрэсіі з ужываннем ядзернай зброі; не ўжываць ядзерную зброю супраць Украіны, акрамя выпадку нападу на іх, іх і падапечныя тэрыторыі, узброеныя сілы, іх саюзнікаў і іншыя.

Падпісант дадзенай дамовы Расійская Федэрацыя адкрыта парушыла Мемарандум, калі 1 сакавіка 2014 года стала на шлях ваеннага ўварвання ў суверэнную дзяржаву Ўкраіну, суб’ект міжнароднага права, а ў ноч на 24 лютага 2022 года развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны.

Фота: Прэзідэнты ЗША Б.Клінтан, Расіі Б.Ельцын, Украіны Л. Краўчук