10 чэрвеня ў гісторыі. Сусветны дзень мадэрну. Палон Усяслава. Трагедыя Лідзіцэ. Нарадзіўся бард В. Аўраменка.

Сусветны дзень мадэрну (World Art Nouveau Day, з 2013 года).

Устаноўлены для прапаганды мастацтва высокага стылю мадэрн ў архітэктуры, жывапісу, паэзіі, музыцы, а таксама захавання яго спадчыны. Дата прымеркавана да дня скону выдатных прадстаўнікоў мадэрну Антоніа Гаўдзі і Эдэна Лехнера.

У Магілёве стыль мадэрн прадстаўлены будынкам сялянскага зямельнага банка, у якім зараз месціцца мастацкі музей імя П. Масленікава.

Міжнародны дзень геральдыкі (International Day of Heraldry).

Геральдыка, гербазнаўства – спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне і фармаванне герба і інстытут яго карыстання. 

Інтэнсіўнае развіццё геральдыкі ў ВКЛ пачалося пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 года, калі 47 найбольш знатных родаў Княства атрымалі гербы.

У ХVІІ стагоддзі распаўсюдзілася гарадская геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў.

1067 год. Кіеўскія Яраславічы захапілі ў палон полацкага князя Усяслава Брачыславіча (1029-1101) і двух яго сыноў.

Гэта адбылося падчас сустрэчы “на Ршы”. Першая пісьмовая згадка пра Оршу. 

Пры Ўсяславе Чарадзеі Полацкае княства дасягнула сваёй магутнасці, быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. 

Праз 4 месяцы пасля бітвы на Нямізе (1067), Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, цалавалі крыж, што не зробяць благога. Але, як толькі Усяслаў пераплыў у чоўне Дняпро для перамоваў, Яраславічы парушылі цалаванне крыжа і схапілі князя з сынамі, адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму. Праз 14 месяцаў, падчас паўстання 1068 года, кіеўляне вызвалілі Усяслава з поруба і абвясцілі вялікім князем кіеўскім.

1633 год. У Магілёве на Троіцу на Дняпры патапілася шмат людзей.

Гэта адбылося падчас пераправы праз раку з Магілёва ў Лупалава. Затануў паром разам з шматлікімі гараджанамі, святарамі.

1794 год. У Гродне ўтворана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ.

Выканаўчы органа паўстання 1794 года.

Заклікі Т. Касцюшкі да простага народа змагацца за незалежнасць выклікалі недавер сялян і сабатаж памешчыкаў. У сялян на працягу стагоддзяў выхоўвалася рабская псіхалогія. Яны, пакорлівыя сваім панам, не былі гатовыя да актыўных дзеянняў у якасці свядомых барацьбітоў за свае правы, за сваю свабоду. Усё гэта ўлічваў Касцюшка і ў кожным звароце да народа стараўся абудзіць яго свядомую актыўнасць, умацаваць веру ў перамогу.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1883 год. Нарадзіўся Язэп Гапановіч (1883-1961).

Беларускі грамадскі дзеяч, прадпрымальнік

Быў членам Беларускага гуртка ў Варшаве. У пачатку 1920-х гадоў дзеяч беларускай кааперацыі на Віленшчыне, з ліпеня 1925 года стаў намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Варшаве.

Быў уласнікам цагельні. Заснавальнік і старшыня Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве (1937-1939), аплочваў памяшканне таварыства, дапамагаў незаможным беларускім студэнтам.

Выдаў зборнік вершаў С. Станкевіча «З майго ваконца» (1928). Дзеяч Беларускага камітэту ў Варшаве (1940-1944). Пасля 1956 года ўдзельнічаў у працы Варшаўскага аддзелу Беларускага грамадска-культурнага таварыства, спяваў у хоры таварыства.

Памёр 20 мая 1961 года.

1910 год. Памёр Мікалай Нікіфароўскі (1845-1910).

Беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, сябра геаграфічнага таварыства, таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце.

Рэдактар часопіса “Этнографическое обозрение”, паплечнік па даследаваннях магілёўца Паўла Шэйна (1826-1900).

Аўтар грунтоўных “Нарысаў Віцебскай Беларусі” (8 частак), “Нарысаў простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”, “Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны” (змяшчае 2307 народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў). 

1917 год. У Менску выйшаў першы нумар газеты «Вольная Беларусь».

Беларускамоўная грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка.

Выдавалася Беларускім нацыянальным камітэтам, потым Таварыствам беларускай культуры да лістапада 1918 года.

Газета закрылася па заняцці Менска бальшавікамі.

1919 год. У Вільні ўтворана Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Гэта адбылося падчас працы Беларускага  з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (9-10 чэрвеня). 

Рада – орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху Заходняй Беларусі на чале К. Дуж-Душэўскім і М. Кахановічам. Рада выступала ў абарону правоў беларусаў, спрыяла развіццю беларускай культуры, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. У палітычнай дзейнасці прытрымлівалася актаў БНР.

Удзельнікі з’езда. Пасярэдзіне стаіць К. Дуж-Душэўскі.

1923 год. Памёр Міхал Федароўскі (1853-1923)

Беларускі і польскі фалькларыст, этнограф, археолаг.

Сабраў каля 1 500 беларускіх песенных і танцавальных мелодый, 5 000 беларускіх народных песень, каля 10 000 прыказак, сотні казак, загадак, якія выдадзеныя у 8-томнай працы “Люд беларускі”. Аўтар этнаграфічнай працы “Пружана і яе ваколіцы”.

1942 год. Нямецкімі войскамі сцёртая з твару зямлі чэшская вёска Лідзіцэ.

Непасрэднай падставай для расправы стала забойства Рэйнхарда Гейдрыха, пратэктара Багеміі і Маравіі, учыненае 27 мая 1942 года ў Празе. Жыхары вёскі былі абвінавачаныя ва ўкрывальніцтве чэхаславацкіх патрыётаў, якія здзейснілі замах.

Усё мужчынскае насельніцтва старэйшае за 15 гадоў, а гэта 172 чалавекі, было расстраляна, 195 жанчын былі адпраўленыя ў канцэнтрацыйны лагер Равенсбрук. З 98 дзяцей было пакінута 13 дзяцей узростам да аднаго года і прыдатныя для анямечвання. Астатнія дзеці былі забітыя ў газавай камеры ў лагеры смерці каля Хелмна. Усе будынкі вёскі былі спаленыя.

Трагедыя Лідзіцэ.

1958 год. Нарадзіўся Васіль Аўраменка.

Магілёўскі паэт, бард, пісьменнік, урач-неўрапатолаг па прафесіі.

Сталы аўтар часопіса “ARCHE”, удзельнік праекту “Радыё Свабода” “Барды Свабоды”, бардаўскіх канцэртаў, сябра клубу аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, аўтар паэтычных зборнікаў, кнігі пра інтымнае жыццё, неафіцыйнага гімну Магілёва.

1972 год. Нарадзіўся Пітэр Серафіновіч.

Брытанскі акцёр беларускага паходжання.

Пачаў працу на радыё BBC Radio 1, прымаў удзел у розных шоў на радыё і тэлебачанні, у тэлесерыялах на брытанскім і амерыканскім тэлебачанні.

Вядомы і ў якасці акцёра агучання, працаваў у рэкламе, дубляжы.

Яго брат Джэймс Серафіновіч – сцэнарыст і рэжысёр, сястра Хелен – замужам за сцэнарыстам Грэгэмам Лінеганам.

2020 год. Памёр Валерый Гаркуноў (1947-2020).

Беларускі глебазнавец, краязнавец, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.

Член геаграфічнага таварыства і таварыства глебазнаўцаў, галоўны рэдактар часопіса “Магілёўскі мерыдыян”.

Даследчык глеб Магілёўскай вобласці, аўтар 50 прац па структуры глебавага покрыва вобласці і ўсходняй Беларусі.

Дзень у гісторыі: 30 ліпеня. Расія пастанавіла Беларусь называць «Северо-западным краем». Нарадзіліся «ліцвін польскай культуры» Чэслаў Мілаш ды Сяргей Рассадзін, аўтар падручнікаў па беларускай мове. Памёр найлепшы беларускі футбаліст Юрый Курненін

Міжнародны дзень сяброўства.

Афіцыйна ўстаноўлены Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 2011 годзе. Яго заснаванне грунтавалася на разуменні важнасці і актуальнасці значэння сяброўства паміж людзьмі і дзяржавамі, як высакароднага і каштоўнага пачуцця.

Адной з задач Міжнароднага дня сяброўства палягала ў прыцягненні моладзі, будучых лідараў, да грамадскай дзейнасці, скіраванай на паважлівае ўспрыманне розных культур.

vesti.ua


1840 год. У афіцыйнай дакументацыі Расіі Вялікае Княства Літоўскае сталі называць «Паўночна-Заходнім краем».

Расійскі самадзержца Мікалай I падпісаў указ «Аб назвах правінцый Беларускай і Літоўскай губерняў, кожную асобна Віцебскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай».

Указ звузіў ужыванне назвы «беларуская», бо такая правінцыя была скасавана.

Да гэтага ў 1830-1831 гадах у Віцебскай і Магілёўскай губерніях спынялася дзеянне Статуту Вялікага Княства Літоўскага, на ўсіх беларускіх анексаваных Расіяй тэрыторыях надаваліся расійскія назвы, а з 1840 года ўсе справы, акты маглі пісацца толькі на рускай мове.

history-belarus.by


1911 год. Нарадзіўся Чэслаў Мілаш.

Польскі паэт, пісьменнік, эсэіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Пра сябе ён казаў: «Я ліцвін польскай культуры».

wikimedia.org


1948 год. Нарадзіўся Захар Шыбека.

Гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар.

Даследчык гісторыі гарадоў Беларусі, беларускага нацыянальнага руху ХІХ-ХХ стагодзяў. Чалец Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Беларускага гістарычнага таварыства.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі, Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Францыска Скарыны, дырэктарам Нацыянальнага музею гісторыі і культуры Беларусі, у БДУ.

wikimedia.org


1954 год. Нарадзіўся Іван Паўлоўскі.

Вучоны ў галіне педагогікі. Доктар педагагічных навук.

Аўтар падручнікаў па беларускай мове для 1-4-х класаў школ з беларускай мовай навучання.

aversev.by


1958 год. Нарадзіўся Сяргей Рассадзін.

Гісторык, археолаг, геральдыст. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Быў чальцом Геральдычнага савету цягам 10 гадоў. Стыпендыят Германскага археалагічнага інстытуту. 

Навуковыя інтарэсы: археалогія; старажытная, сярэдневяковая, новая гісторыя; геральдыка. Арганізаваў і ўзначальваў Лаўрышаўскія археалагічныя экспедыцыі.

mk.by


1963 год. Нарадзілася Ліза Кудроў, амерыканская актрыса.

Пераможца прэміі «Эмі», вядомая па серыяле «Сябры».

Восенню 2008 году актрыса наведала Беларусь. Яна здымала дакументальны фільм пра сваю сям’ю – яе бабуля і дзядуля – яўрэйскія эмігранты з беларускай вёскі Ілья.


2009 год. Памёр Юрый Курненін.

Беларускі футбаліст і трэнер.

Чэмпіён СССР у складзе мінскага «Дынама», у 1983 стаў аўтарам першага гола беларускіх клубаў у еўракубках (у вароты швейцарскага «Грасхопера»).

Тройчы (1982, 1983, 1984) трапляў у спіс лепшых футбалістаў СССР. У 2009 г. вывеў моладзевую зборную Беларусі ў фінал моладзевага чэмпіянату Еўропы.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых інтэрнэт-крыніц.