Расійцы ўгледзелі ў Беларусі закрыты для іх свет модных брэндаў і кінуліся ў шоп-туры

Расіяне едуць у Беларусь на закупы рэчаў модных брэндаў, якія сышлі з расійскага рынку.

Тамтэйшыя турфірмы фіксуюць рост заявак на паездкі ў Беларусь і павышаны попыт на туры выхаднога дня і шопінг-туры, у якія выпраўляецца моладзь.

Мясцовыя турфірмы фіксуюць павелічэнне такіх выправаў на ўзроўні 10-15 працэнтаў. Пры гэтым некаторыя аператары заяўляюць аб больш чым 60-працэнтным росце продажаў пуцёвак у беларускім напрамку, піша рэсурс Myfin, спасылаючыся на звесткі асацыяцыі тураператараў Расіі.

Паводле выдання, па сыходзе з Расіі многіх міжнародных брэндаў пачала праяўляцца тэндэнцыя павелічэння выправаў у шоп-туры выхаднога дня ўладальнікаў плацежных карт сістэмы «Мір». У шэрагу беларускіх крамаў можна карыстацца сістэмай мабільных плацяжоў MirPay.

У Беларусь едзе ўсё больш расійскіх падарожнікаў ва ўзроставым дыяпазоне ад 25 да 45 гадоў і з высокай плацежаздольнасцю. Попытам карыстаюцца ў пажылых расіянаў беларускія санаторыі.

«У пацыентаў незагойныя раны». У Латвіі лечаць параненых у выніку расійскіх абстрэлаў украінцаў

У Рыжскую Усходнюю клінічную ўніверсітэцкую больніцу дастаўлены 21 чалавек з цяжкімі раненнямі, атрыманымі ва Украіне.


Пішам пра краіны суседкі, на жыццё якіх паўплывала поўнамаштабная агрэсія Расіі супраць Украіны. Суседзі Беларусі апякуюцца уцекачамі-украінцамі, прымаюць на лячэнне ахвяраў вайны, пастаўляюць гуманітарную дапамогу Ўкраіне. Самі сутыкаюцца з эканамічнымі цяжкасцямі, прызнаюць наяўнасць крызісных прыкметаў у фінансавым сектары і не баяцца агучваюць сваю пазіцыю адносна таго, што творыць Расія ва Ўкраіне.


Паводле кіраўніка клінікі траўматалогіі і артапедыі Андрыса Вікманіса гэтыя пацыенты адрозніваюцца ад хворых з бытавымі траўмамі, бо для ахвяраў вайны неабходныя аперацыі па рэканструктыўнай хірургіі, пратэзы, трансплантацыя касцей.

Большасць дастаўленых пацыентаў – маладыя людзі з траўмамі, атрыманымі ў выніку абстрэлаў або выбухаў. Медыкі асцерагаюцца, што ў параненых на вайне магчымыя інфекцыі. Акрамя таго, у некаторых пацыентаў ёсць незагойныя раны, паведамляе  інфармацыйнае агенцтва «Delfi».

Міністр аховы здароўя Даніэль Паўлютс кажа, што каля 8000 мірных жыхароў Украіны ўжо атрымалі медычную дапамогу ў Латвіі.

Ён падкрэслівае: аб гатоўнасці падтрымаць параненых ва Украіне гаварылі ўжо даўно, але да гэтага часу вылечылі толькі некалькі такіх людзей. Па яго словах, Латвія здольная прыняць некалькі сотняў пацярпелых ва Украіне і зараз – час выкарыстоўваць гэтыя магчымасці.

У супрацоўніцтве з дабрачыннай арганізацыяй M-Help.com Міністэрства аховы здароўя прадставіла спецыяльны аўтобус, здольны за адзін раз перавезці 21 пацярпелага.

Дырэктар дабрачыннай арганізацыі M-Help.com Арвіс Рэкетс кажа, што арганізацыя першапачаткова дапамагала ў аснашчэнні ўкраінскіх больніцаў, але цяпер яна таксама дапаможа арганізаваць рэгулярныя аўтобусныя рэйсы для пацярпелых у вайне ва Украіне.

фота з рэсурсу: swissinfo.ch

У Фінляндыі дэмантавалі помнік, падораны Савецкім Саюзам і які не стаў для фінаў родным

Статуя «Мір ува ўсім свеце» стаяла ў Хельсінкі. У 1989 годзе помнік вышынёю ў 6,5 метры Фінляндыі падарыла Масква. У адказ сталіца гэтай скандынаўскай краіны перадала Маскве скульптуру «Дзеці свету», якая цяпер знаходзіцца ў парку Дружбы на Ленінградскай шашы.

Падарунак Савецкага Саюзу ўзнялі з дапамогай тросаў і пераставілі на баржу. Яго перададуць мясцоваму мастацкаму музею. Далейшы лёс манумента вырашыць кіраўніцтва Хельсінкі і Хельсінкскі мастацкі музей, піша выданне “YLE”.

Паводле яго, пачынаючы з 1990 году, калі манумент быў прадстаўлены грамадскасці, ён выклікаў шмат дыскусіяў.

Статуя моцна пацярпела, калі ў 1991 годзе трое студэнтаў аблілі яе смалой і пер’ем. Сваёй акцыяй маладзёны хацелі адзначыць, што падарунак з Савецкага Саюзу не мусіць стаяць у Хельсінках.

Была спроба падарваць «Мір ва ўсім свеце» з дапамогай газавага балона ў 2010-ым.

Грамадская дыскусія аб неабходнасці статуі абвастрылася па поўнамаштабным нападзе Расіі на Ўкраіну.

Увесну на пастаменце статуі зʼявіўся надпіс «Ува ўсім свеце», а ў чалавечых руках фігур скульптуры былі прымацаваныя ўкраінскія сцягі.

фота з рэсурсу: yle.fi

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Мікалай Аўтуховіч

20 дзён у няволі трымае сухую галадоўку. га апошніх двух судовых пасяджэннях яго не было.

Прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем, ён галадоўкай пратэстуе супраць абмежавання яго ў ліставанні. Яму перасталі даходзіць лісты нават ад састарэлай маці.

29 ліпеня з ім сустрэлася адвакатка. Як дазналася дачка зняволенага ён схуднеў на 20 кілаграмаў. Па яе словах, бацька схуднелы, моцна асунуўся. Ходзіць павольна і ў напаўсагнутым стане.

Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.

Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.

Начальнік турмы запэўнівае, што лекары на месцы адсочваюць яго стан фізічны і таксама псіхалагічны – трымаюць сітуацыю пад кантролем.


Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юры Зянковіч, Вольга Галубовіч, Дзяніс Краўчук

Яны фігуранаты справы аб «змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Крымінальную справу разглядае Мінскі абласны суд. Працэс зрабілі адкрытым. На ім старшынюе суддзя Ўладзімір Арэшка.

Як напісала «Белта» Аляксандр Фядута на першым судовым пасяджэнні прызнаў віну «у змове з мэтаю захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Паводле жонкі Фядуты муж «схуднеў, дрэнна ходзіць, бо падагра адолела, дазволілі перадаць палку для хады ў СІЗА, пры ўсмешцы не назіраецца зубоў 5-6 і пастрыжаны адпаведна, кораценька, кругі пад вачыма».

Працэс працягнецца 1 жніўня.

Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў абвінавачваюцца ў змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацыяў пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства.


Аляксандр Казакевіч, Сняжана Рогач

Паводле праваабаронцаў абодва затрыманыя за «знявагу прадстаўніка ўлады».

Музыка Аляксандр Казакевіч адбывае паўтарагадовае пакаранне на «хатняй хіміі» паводле таго ж абвінавачвання. Яго затрымалі 26 ліпеня.

Сняжана Рогач – магістр гісторыі і былая выкладчыца БНТУ таксама трапіла ў няволю за знявагу прадстаўніка ўлады.


Андрэй Галавырын

Грамадскі актывіст з Наваполацку чацвёрты раз запар арыштаваны на 15 дзён.

Праваабаронцы высвятляюць, што яму інкрымінавалі гэтым разам.

Яго затрымалі 15 чэрвеня за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Быўшы ўжо зняволеным яго яшчэ двойчы каралі паводле таго ж абвінавачвання.


Сяргей Вайцюк

Асудзілі на 2,5 года калоніі за намеры стаць добраахвотнікам ва Ўкраіне.

Ён першы грамадзянін Беларусі якога пасля 24 лютага 2022 году, пачатку вайны ва Украіне, пакаралі за такія планы. Яго абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім».

Дзень у гісторыі. Дзень шахмат. Зямляне на Месяцы. Нарадзіліся калекцыянер Гальяш Леўчык, спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Загінуў журналіст Павел Шарамет. Прысяга Лукашэнкі

20 ліпеня – Міжнародны дзень шахмат International Chess Day.

Адзначаецца ад 1966 году. Устаноўлены Міжнароднай шахматнай федэрацыяў, якая была заснавана ў гэты дзень у 1924 годзе.

Беларусь у Міжнароднай шахматнай федэрацыі ад 1992 году. За яе выступаюць 22 міжнародных гросмайстра і 32 міжнародных майстра.

Шахматы прыдумалі ў індыі. Беларусам, паводле археалагічных дадзеных, яны вядомыя не пазней за XI стагоддзе. Шахматныя фігуры знаходзілі ва ўсіх буйных гарадах. Сабраная калекцыя лічыцца найвялікшай ва Усходняй Еўропе.


20 ліпеня 1969 года на Месяц прылуніўся модуль Eagle касмічнага карабля «Апалон-11» з астранаўтамі Нілам Армстрангам і Базам Олдрынам.

У ноч на 21 ліпеня Ніл Армстранг першым з зямлян ступіў на паверхню Месяца, праз 20 хвілін месяцавы грунт пад нагамі адчуў і Олдрын.


20 ліпеня 1880 года нарадзіўся Гальяш Леўчык.

Паэт, беларусазнавец, публіцыст, перакладчык, музыкант.

Збіральнік музейных экспанатаў, кніг, меў найбагацейшыя беларусазнаўчыя бібліятэкі ў Варшаве і Слоніме. Блізкі сябар Янкі Купалы.

Пісаў для першай беларускамоўнай газеты «Нашай нівы», аўтар зборніка вершаў «Чыжык беларускі».


20 ліпеня 1971 года нарадзіўся Зміцер Вайцюшкевіч.

Спявак, музыкант, кампазітар.

Удзельнік гуртоў «KRIWI», «Палац», «WZ-Orkiestra», папулярных супольных праектаў «Я нарадзіўся тут», «Budzma The Best Rock» і інш. Запісаў больш за 20 альбомаў.


20 ліпеня 1977 года памёр Іван Любачка.

Беларускі гісторык.

Доктар гісторыі, прафесар шэрагу ўніверсітэтаў ЗША. Заснавальнік стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства.Аўтар даследавання «Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1957».

Працаваў на Бялыніччыне ў Галоўчынскай школе. У 1943 годзе вывезены нацыстамі на працы ў Германію.


20 ліпеня 2016 года загінуў Павел Шарамет.

Журналіст.

Загінуў у выніку падрыву прыватнай машыны. Тэракт адбыўся ва Украіне.

Працаваў на тэлеканалах і газетах у Беларусі, Расіі і Украіне

Заснавальнік інтэрнэт-выдання «Беларускі партызан».

Суаўтар кнігі «Случайный президент», аўтар шэрагу дакументальных фільмаў

Лукашэнка пазбавіў Шарамета беларускага грамадзянства.

20 ліпеня 1994 году Аляксандар Лукашэнка прынёс прысягу і заступіў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

У другім туры першых прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 10 ліпеня 1994, дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласці, дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка перамог старшыню ўраду Вячаслава Кебіча, набраўшы 80,34% галасоў (у Кебіча было 14,17%). З улікам яўкі, гэта, адпаведна, 56% і 10% ад усіх грамадзянаў, якія мелі права голасу.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

 

Страх, гнеў, светлая будучыня. Шчымлівая фотасесія нявесты ўкраінкі ў разбураным ракетай доме дзяцінства

Фатограф з Вінніцы Аляксандр Дзем’яніў апублікаваў на сваіх старонках у сацыяльных сетках серыю фотаздымкаў з дзяўчынай у вясельным строі ў разбураным расійскай ракетай доме.

«За дзень да вяселля дом яе дзяцінства застаўся толькі ва ўспамінах, а ў яе вачах чыталіся змешаныя пачуцці страха, гневу і светлай будучыні», – суправаджае фота допіс да іх.

У адным з каментароў адзначана: «Фота вельмі шчымлівыя, дзякую Саша, табе ўдалося перадаць і прыгажосць і саму атмасферу».

 

Украінцы выбілі расіян з вострава Змяіны. Расіяне называюць сыход «крокам добрай волі».

Узброеныя сілы Расіі завяршылі выкананне задач на востраве Змяіны і 30 чэрвеня вывелі адтуль свой гарнізон, піша газета «Известие», спасылаючыся на Міністэрства абароны Расіі.

«Як крок добрай волі», – акцэнтуе ўвагу выданне».

Востраў Змяіны некалькі дзён абстрэльвалі ўкраінцы, каб выбіць адтуль расійскіх вайскоўцаў. Ён мае стратэгічнае значэнне, бо знаходзіцца на шляху да Адэсы.

Украінскі бок спачатку паведаміў пра эвакуацыю расійскіх вайскоўцаў.

У афіцыйным паведамленні аператыўнага камандавання «Поўдзень» гаварылася: «у выніку правядзення чарговага этапу ваеннай аперацыі з нанясеннем агнявых удараў нашымі ракетнымі і артылерыйскімі падраздзяленнямі па востраве Змяіны, праціўнік паспешна эвакуюе рэшткі гарнізону двума хуткімі кацярамі і, верагодна, пакінуў востраў”.

Пазней прадстаўнік офісу ўкраінскага прэзідэнта Андрэй Ермак напісаў у сваім тэлеграм-канале: «На Змяіным расіян больш няма. УСУ правялі выдатную аперацыю».

Невялікі востраў у Чорным моры быў акупаваны расійскімі войскамі ў першыя дні іх поўнамаштабнага ўварвання ва Ўкраіну. Адзін з яго абаронцаў на патрабаванне расіян здацца адказаў: «Русский военный корабль…». Фраза стала вядомай усяму свету, абыгрывалася ў розных сітуацыях і нават яе пазначалі на адзежы.

13 красавіка ракетны крэйсер «Масква», які штурмаваў востраў, паводле ўкраінскага боку, быў атакаваны іхнай ракетай і затануў.

 

Лідары краін G7 папярэдне пагадзіліся ўвесці эмбарга на расійскае золата

Расія штогод прамышляе дзясятую частку ўсяго золата, якое здабыцца ў свеце. Яго экспарт – адна з важных крыніцай прыбытку ў дзяржаўным бюджэце пасля продажу энерганосьбітаў. Раней з-за заходніх санкцый шэраг гульцоў на рынку перасталі купляць расійскае золата з-за боязі парушыць санкцыйны рэжым у сферы афармлення банкаўскіх транзакцый.

Пра эмбарга дамовіліся лідэры краін G7 на сваім 48-й саміце, які праходзіць у баварскім замку Эльмау ў Германіі. Пра рашэнне палітыкаў паведамляе  агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы ў Белым доме.

Казначэйства ЗША павінна аб’явіць афіцыйнае рашэнне амерыканскага ўрада аб эмбарга 28 чэрвеня.

Акрамя лідараў ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Францыі, Германіі, Японіі і Італіі, на саміце прымуць удзел прэзідэнт Еўрапейскай Камісіі Уршуля фон дэр Ляен і прэзідэнт Еўрасавета Шарль Мішэль. На саміце таксама выступіць прэзідэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.