Услед за пляцоўкамі для забаваў чыноўнікі пачалі адкрываць шараговыя паштовыя аддзяленні

Адно з іх пасля рамонту з помпай адкрылі ў магілёўскім мікрараёне «Юбілейны». На ўрачыстасць з’ехалася кіраўніцтва адміністрацыі Ленінскага раёну на чале з старшынём Аляксеем Багайчуком.

Мясцовае аддзяленне пошты рамантавалі з год. Тутэйшы люд нецярпліва чакаў, пакуль працы завершацца, а на адкрыццё паслухаць прамовы чыноўнікаў прыйшло меней за два дзясяткі чалавек.

Кіраўнікі раёну расхвалілі абноўленую пошту. Гаварылі пра дбанне аб камфорце наведнікаў. Не абышлося без пераразання чырвонай стужкі.

«У абноўленым памяшканні цалкам зменены план размяшчэння аддзялення, дзякуючы чаму кліенцкая зала стала больш прасторнай. Устаноўлены новая мэбля, кандыцыянер, плацежна-даведачны тэрмінал, а таксама абноўлена камп’ютарная тэхніка», – адзначана ў тэлеграм-канале газеты «Магілёўскія Ведамасці».

На відэа зафіксаваная поўная зала наведнікаў паштовага аддзялення. Чэргі да апэратараў у ім былі і да рамонту.

Сёлета ў рэгіёне ўсё, што звязана з сканчэннем рамонту, ці будаўніцтвам пераўтвараецца чыноўнікамі ў пафаснае адкрыццё. На імпрэзу зʼязджаецца высокае начальства, якое падкрэслівае, якія высілкі прыкладалі для таго, каб аб’ект сацыяльнай інфраструктуры стаў даступным для насельніцтва.

З афіцыйных паведамленняў вынікае, што найбольш упадабаным для службоўцаў зʼяўляецца адкрыццё пляцовак для забаваў. 

Такая завядзёнка выйшла за межы абласнога цэнтру і сягнула глыбінкі. Днямі спартовую пляцоўку адкрылі ў Круглым. На ўрачыстасць прыехаў кіраўнік раёну, пісаў Магілёў.media. На фотаздымках звычайную пляцоўку з гульнявымі сектарамі падсыпалі пяском. Канструкцыяў для забаваў, як у Магілёве, бачна на ёй не было.

Цяпер святкаванні ахопліваюць іншыя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, як напрыклад, у Магілёве выйшла з паштовым аддзяленнем.

фотаздымкі з рэсурсаў: mogilevnewsby, krugloe.by