На пажары ў Бабруйску загінулі трое, жанчыну з суседняй кватэры ўдалося выратаваць

Трагедыя здарылася каля 07:00 раніцы сёння, 15 ліпеня на праспекце Будаўнікоў у Бабруйску. Загарэлася кватэра на 9-м паверсе жылога дома. Ратавальнікі знайшлі ў ёй трох чалавек – аднаго мужчыну і двох жанчын. Іх вынеслі на свежае паветра, але медыкі маглі толькі канстатаваць смерць пацярпелых. Асобы ахвяр высвятляюцца.

З суседняй кватэры супрацоўнікі МНС выратавалі жанчыну пры дапамозе спецыяльнай маскі. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

На Магілёўшчыне гарэлі салома і інтэрнат – дайджэст здарэнняў

Днём 10 ліпеня пажар адбыўся на пятым паверсе дзевяціпавярховага інтэрната ў Бабруйску на вуліцы Ульянаўскай – паведамляе прэс-служба МНС. Падгарэў адзін з пакояў, закуродыміла блок. Ніхто не пацярпеў.

У той жа дзень каля вёскі Цішоўка Магілёўскага раёна згарэла 10 тон саломы – скірда 2022 года ўраджаю. Яшчэ 65 тон саломы былі выратаваныя ад агню работнікамі МНС. Бліжэй да вечара 10 ліпеня загарэлася сенасховішча ў аграгарадку Семукачы Магілёўскага раёна. 3 тоны сена агонь пашкодзіў, астатнія 27 тон былі выратаваныя.

Фота ілюстрацыйнае.

На пажары ў дачным пасёлку “Аптыміст” пад Магілёвам абгарэў мужчына

Пажар здарыўся каля першай гадзіны ночы ў гаспадарчай пабудове на прыватным участку ў садовым таварыстве “Аптыміст” каля вёскі Сінюга Магілёўскага раёна. Мужчына 1963 года нараджэння, які знаходзіўся на ўчастку, спрабаваў самайстойна загасіць агонь, але атрымаў апёкі і быў шпіталізаваны – паведамляе прэс-служба МНС. Прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Фота ілюстрацыйнае

На газавай запраўцы пад Магілёвам успыхнуў аўтамабіль, два чалавекі сур’ёзна пацярпелі

Днём 8 ліпеня на аўтазапраўцы ў Магілёўскім раёне адбылося ўзгаранне аўтамабіля – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Як высветлілася, кіроўца на мікрааўтобусе прывёз для запраўкі 2 бытавыя газавыя балоны. Нягледзячы на тое, што гэта забаронена, супрацоўнік запраўкі стаў запаўняць балоны прапанам. Пры запраўцы аднаго з іх адбылося ўзгаранне. У выніку аплавілася заправачная калонка і загарэўся мікрааўтобус. Кіроўца і супрацоўнік станцыі, якія спрабавалі самастойна ліквідаваць пажар, атрымалі сур’ёзныя апёкі.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Навіны Магілёўскага рэгіёну (@mogilev.media)

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

Заціснула нагу ў кармушцы, загарэўся бульдозер – дайджэст здарэнняў

На ферме ў калгасе “Рассвет імя К.П. Арлоўскага” ў Кіраўску мужчыне 1983 года нараджэння заціснула нагу ў аўтаматызаванай кормараздатачнай кармушцы. Для вызвалення работніка прыйшлося выклікаць ратавальнікаў. З траўмамі мужчына быў шпіталізаваны.

Падчас работ па выкараненні хмыззя на полі каля вёскі Красны Бераг Быхаўскага раёна загарэўся бульдозер маркі “Shantui SD16” 2012 года выпуска. Полымем знішчана кабіна і маторны адсек бульдозера. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Ад удару маланкі пад Кіраўскам загарэлася лазня

Удар маланкі справакаваў пажар у весці Казулічы Кіраўскага раёна – згарэла лазня.

На выхадных у дзяжурную службу кіраўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб загаранні лазні ў вёсцы Казулічы. Прычына пажару – навальнічны разрад, паведамляе раённая газета “Кіравец”.

Калі прыбылі падраздзяленні ратавальнікаў на месца здарэння, то адбывалася гарэнне лазні адкрытым полымем. На шчасце, ніхто не пацярпеў, бо ўнутры будынка нікога не было. У выніку пажару знішчаны дах і моцна пашкоджаны сцены і столь перлазні. 

Адзначым, што падобныя выпадкі траплення маланкі ў дамы ці гаспадарчыя пабудовы на тэрыторыі Магілёўскай вобласці неярэдкія і аналагічныя з’явы фіксуюцца амаль што кожны год.

Фота ілюстрацыйнае 

Запякаў бульбу, ды так і кінуў касцёр – унук спаліў бабуліну сядзібу пад Чавусамі

У вёсцы Бясчынне Чавускага раёна днём 3 ліпеня агонь ахапіў пяць гаспадарчых будынкаў і падбіраўся ўшчылюную да жылога дома – паведамляе прэс-служба МНС. Як высветлілася, раней 11-гадовы ўнук гаспадыні дома паглядзеў у інтэрнэце рэцэпт печанай бульбы і вырашыў яго паўтарыць. Распаліў вогнішча, паклаў бульбу, але яна згарэла. Расчараваўшыся, хлопец пераключыўся на іншыя забаўкі, а пра касцёр забыўся. Агонь хутка перакінуўся на бліжэйшыя гаспадарчыя пабудовы.

Фота: МНС

Пажар у Касцюковічах – паявіліся падрабязнасці. Выратавалі 13 чалавек, адну дзяўчынку рэанімавалі

Прэс-служба МНС распавяла падрабязнасці пажару ў Касцюковічах, пра які пісалі mogilev.media. На момант узгарання ў кватэры знаходзіліся маці шматдзетнай сям’і 1996 года нараджэння і дзве дачкі. Усяго ў сям’і пяцёра дзяцей, два хлопчыкі гасцявалі ў гэты дзень у бабулі а адна дзяўчынка гуляла на вуліцы. Бацька быў на працы.

Як толькі гаспадыня дома заўважыла задымленне, яна пачала грукаць у дзверы суседзяў з крыкамі пра дапамогу. Адзін з суседзяў, Андрэй Мірынкоў увайшоў у абнятую дымам кватэру і пачуў плач 2-месячнай Евы. Дзяўчынку ён вынес на свежае паветра, але вярнуцца за яшчэ адной дзяўчынкай ужо не змог – настолькі моцны стаяў дым.

Другую дзяўчынку, што заставалася ў кватэры на момант пажару, 2017 года нараджэння знайшлі ратавальнікі. Непрытомную, яе вынеслі з кватэры і праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы да прыезду медыкаў. Таксама супрацоўнікі МНС эвакуявалі жыхароў з верхніх паверхаў, усяго 13 чалавек. Прычына пажару высвятляецца. 

Фота: МНС

Маці змагла вынесці толькі адну дачку з трох – у Касцюковічах на пажары пацярпелі дзеці

Медыкі змагаюцца за жыццё двух дзяўчынак, 6 гадоў і 2-х месяцаў – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Вечарам 1 ліпеня ў адной з кватэр 5-павярховага дома ў Касцюковічах успыхнуў халадзільнік, які стаяў у дзіцячым пакоі. Маці, якая была ў суседнім пакоі, адчула пах гары і пабачыла дым у пярэднім пакоі. Яна змагла вынесці з кватэры толькі адну з трох сваіх дачок, чатырохгадовую дзяўчынку, якая была разам з ёй. Суседзі выклікалі ратавальнікаў.

Работнікі МНС выратавалі яшчэ дваіх дзяцей гаспадыні кватэры (6 гадоў і 2 месяцы). На момант пажару яны былі ў дзіцячым пакоі і самастойна пакінуць кватэру не змаглі. У непрытомным стане дзяўчынкі перададзены медыкам. Цяпер за іх жыцці змагаюцца ўрачы.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

Пажар на чавускай “Бабулінай крынцы”, на якім загінуў галоўны інжынер, нанес стратаў на 200 тысяч

Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства. У выніку пажару ў цэху чавускага філіяла “Бабулінай крынкі” загінуў 62-гадовы работнік прадпрыемства, галоўны інжынер. Агнём пашкоджана і знішчана маёмасць на агульную суму звыш 200 тысяч рублёў.

Працоўная версія здарэння звязвае пажар з працамі па дэмантажу труб пры дапамозе газазварачнага абсталявання, што праводзіліся нанятай арганізацыяй.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот