Магілёўскім СІЗА кіруе “рашала” Валер’еўна

Крымінальнікі, хабар і садызм: былы палітвязень расказаў пра норавы ў магілёўскім СІЗА і шклоўскай калоніі №17.

Былы палітвязень, асуджаны за «абразу Лукашэнкі і сілавікоў», расказаў праваабаронцам «Магілёўскай вясны» пра затрыманне, умовы ўтрымання ў СІЗА Магілёва і жыццё ў папраўчай калоніі №17 у Шклове.

Білі з моманту затрымання

Палітвязень расказаў, што яго затрымалі ў 2022 годзе супрацоўнікі ГУБАЗіК. Сілавікі асабліва не цырымоніліся: павалілі падазраванага на зямлю, надзелі на галаву шапку і пачалі збіваць проста ў мікрааўтобусе.

Некалькі дзён мужчыну трымалі ў будынку ГУБАЗіК, перыядычна адвозячы на ноч у ізалятар часовага ўтрымання. Днём яго зноў вярталі ў адміністрацыйны будынак, ставілі да сцяны «на расцяжку» і білі. Прычым рабіў гэта кожны, хто праходзіў міма.

Крымінальную справу ўзбудзілі па некалькіх артыкулах, уключаючы «абразу прадстаўніка ўлады», «абразу Лукашэнкі» і «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання». Суд насіў фармальны характар, а канчатковы прысуд быў прадвызначаны.

“Веласіпедная” сістэма ў СІЗА

У СІЗА Магілёва практыкавалася так званая «веласіпедная» сістэма – пастаянная змена камер для ціску на абвінавачаных, якія не прызнаюць віну.

Мужчына расказаў, што ў ізалятары зняволеных схіляюць да прызнання праз арыштантаў-крымінальнікаў. У прыватнасці, некаторыя рэцыдывісты, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй, пераконвалі навічкоў прызнаць віну, атрымліваючы за гэта пэўныя прывілеі.

Таксама былы зняволены сцвярджае, што на працэсы ўнутры СІЗА ўплывае нейкая супрацоўніца, якую зняволеныя называлі «Валер’еўна». Паводле яго слоў, праз яе выбудоўваецца сістэма ціску і нефармальных дамоўленасцяў паміж адміністрацыяй і крымінальнікамі.

Норавы ў калоніі

Адбываць пакаранне мужчыну адправілі ў папраўчую калонію №17 у Шклове. Паводле яго слоў, там існуе жорсткая сістэма, дзе зняволеных сістэматычна караюць за фармальныя парушэнні – напрыклад, калі яны не павіталіся з супрацоўнікам калоніі. Вітацца трэба пастаянна – нават калі ты сустракаўся з супрацоўнікам усяго хвіліну таму.

Паводле слоў былога зняволенага, палітычных арыштантаў утрымліваюць асобна і накіроўваюць на самыя цяжкія і нізкааплатныя работы. Пры гэтым унутры калоніі існуе нефармальная сістэма грашовых збораў і паслуг.

Напрыклад, дадатковыя сустрэчы з роднымі або магчымасць умоўна-датэрміновага вызвалення могуць залежаць ад памеру грашовых пераводаў.

Нагадваем, што гаворка ідзе пра любімую калонію Лукашэнкі, супрацоўнікі якой выступаюць перад студэнтамі, расказваючы пра свой гуманізм і высокія маральныя прынцыпы.

Поўную версію інтэрв’ю праваабаронцы абяцаюць апублікаваць пазней.

Фота: MSPRING.MEDIA.

Ідэолаг шклоўскай калоніі №17 вучыў студэнтаў БДСГА гуманізму і дэмакратызму

Бездакорныя маральныя якасці, на думку намесніка начальніка шклоўскай ПК-17, дзе гінуць палітзняволеныя, уласцівыя яе супрацоўнікам.

У горкаўскай сельскагаспадарчай акадэміі другі год запар праводзяць сустрэчы студэнтаў з намеснікам па ідэалогіі шклоўскай папраўчай калоніі №17.

На гэты раз «практыка-арыентаванай выхаваўчай і вучэбнай работай» са студэнтамі займаўся падпалкоўнік унутранай службы Сяргей Сіпчанка.

Ён прапанаваў выпускнікам БДСГА пачаць службу адразу на пасадах сярэдняга і старэйшага начальніцкага складу, дзе гарантаваныя стабільнае грашовае забеспячэнне, вырашэнне жыллёвых пытанняў, медыцынскае забеспячэнне.

Сіпчанка адзначыў, што работа ў крымінальна-выканаўчай сістэме цікавая, эмацыйна няпростая і “патрабуе бездакорных маральных якасцяў”. Пры гэтым асновай сучаснай пенітэнцыярнай палітыкі з’яўляецца яе ўдасканаленне на аснове прынцыпаў законнасці, гуманізму, дэмакратызму.

Законнасць, гуманізм і дэмакратызм, канкрэтна ў гэтай калоніі, проста зашкальваюць.

Менавіта там, у пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер, а 21 мая 2021 года загінуў палітычны актывіст Вітольд Ашурак.

Ну а начальнік ПК-17 Аляксандр Карніенка, які славіцца сваім гуманізмам, са жніўня 2023 года знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЕС.

Як кажуць, чыя б карова мычала.

Фота з адкрытых крыніц.