“Ольса” перанесла апошнюю вытворчасць з цэнтра Магілёва

Перанос прадпрыемства зроблены для будаўніцтва на яго месцы новага корпуса бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, што знаходзіцца побач.

У студзені 2023 года ААТ “Ольса” ажыццявіла перанос вытворчасці садовых арэляў з пляцоўкі па вуліцы Карла Маркса, 23 на асноўную вытворчую пляцоўку на ўскрайку горада, на вуліцу Грышына, 96 – паведамляе mogilev-region.  

Перанос вытворчасці захавае 221 рабочае месца. Цяпер усе вытворчыя і адміністрацыйныя будынкі ААТ “Ольса”, рэзідэнта СЭЗ “Магілёў”, размяшчаюцца на адной пляцоўцы па вуліцы Грышына, на тэрыторыі Свабоднай эканамічнай зоны.

ААТ “Ольса” – прадпрыемства даваеннай пары, створана ў 1932 годзе і вядомае ў магілёўцаў старэйшага пакалення як “ложкавы завод”. Раней выпускала металічныя хатнія ложкі, цяпер вырабляе кемпінгавую мэблю, мэблю ў наборах, арэлі, шэзлонгі, мэблю медыцынскага прызначэння, вулічныя трэнажоры, бытавыя дрэваапрацоўчыя станкі. Назва – ў гонар ракі, якая цячэ з Бярэзінскага раёна па тэрыторыі Клічаўскага і Кіраўскага.

Фота з адкрытых крыніц

Зацверджаны графік пераносу працоўных дзён на 2023 год

У краіне зацверджаны графік пераносу рабочых дзён у 2023 годзе, паведамляе БелТА. 

Графікам прадугледжаны перанос працоўнага дня 24 красавіка (панядзелак) на суботу 29 красавіка.Такім чынам, у красавіку днямі адпачынку будуць 22 (субота), 23 (нядзеля), 24 (панядзелак) і 25 (аўторак, Радуніца) красавіка – 4 дні запар.

Чатыры выходных дні будуць напачатку траўня: 6 (субота), 7 (нядзеля), 8 (панядзелак) і 9 (аўторак), а рабочы дзень 8 траўня (панядзелак) пераносіцца на суботу 13 траўня.

Такія ж працяглыя чатырохдзённыя выходныя вызначаны на пачатку лістапада: 

4 (субота), 5 (нядзеля), 6 (панядзелак) і 7 (аўторак) лістапада. У суботу 11 лістапада будзем адпрацоўваць за панядзелак 6-га.

Непрацоўнымі днямі ў 2023 годзе будуць:

1 і 2 студзеня – Новы год (нядзеля і панядзелак);

7 студзеня – Каляды Хрыстова (праваслаўныя Каляды), субота;

8 сакавіка – Дзень жанчын (серада);

25 красавіка – Радуніца (па календары праваслаўнай канфесіі) – аўторак;

1 мая – Свята працы (панядзелак);

9 мая – Дзень Перамогі (аўторак);

3 ліпеня – Дзень Незалежнасці (панядзелак);

7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі (аўторак);

25 снежня – Каляды Хрыстовы (каталіцкія Каляды) – панядзелак.

Арганізацыі з улікам спецыфікі вытворчасці (работы) могуць самастойна ўстанаўліваць іншы парадак пераносу рабочага дня.