Улады ў Мінску, ніяк не пахвастаўшыся эканамічнымі дасягненнямі паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўшчыны, ўзяліся надаваць іх развіццю “дадатковы імпульс”.
Па паўднёвым усходзе – залатыя дажджы
Больш за 10 гадоў рэжым Лукашэнкі спрабуе нешта зрабіць з тымі раёнамі Магілёўскай вобласці, якія найбольш пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а цяпер з’яўляюцца набольш занядбанымі і дэпрэсіўнымі. Самая гучная іх спроба была ў 2015 годзе, калі быў прыняты ўказ № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці». У гэты рэгіён увайшлі сем раёнаў: Крычаўскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Касцюковіцкі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Хоцімскі.
Па гэтым указе былі дадзеныя рэгіёну разнастайныя прэферэнцыі, а фінансавая дапамога проста нагадвала залаты дождж. Планавалася, што агульны аб’ём фінансавання па праграме складзе 2 трлн 788 млрд недэнамінаваных рублёў. З улікам дэнамінацыі 2016 года – 278 млн 800 тыс. рублёў.
Потым, у 2020 годзе, дзеянне ўказу было працягнута. І зноў пайшлі грошы. З пачатку дзеяння ўказа № 235 і па 2025 год уключна ў эканоміку і сацыяльную сферу рэгіёну накіравана звыш 3,1 млрд рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Звыш 54 мільёнаў долараў прыцягнута прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Створана звыш 380 новых камерцыйных арганізацый-суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. На зноў створаныя працоўныя месцы працаўладкавана больш за 3,5 тыс.чалавек.
Накапленне складанасцей
Усё нібыта добра, але чамусьці ў 2023 годзе Камітэт дзяржкантролю канстатаваў, што ў рэгіёне не хапае значных інвестпраектаў, накіраваных на стварэнне прынцыпова новых прадуктаў і перадавых вытворчасцяў. “Застаецца складанай сітуацыя на рынку працы. Суб’ектамі прадпрымальніцтва недастаткова актыўна выкарыстоўваюцца прадастаўленыя дзяржавай льготы па падаходным падатку і адлічэннях у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва”, – прагучала на пасяджэнні калегіі КДК Магілёўскай вобласці.
І вось чарговае абнаўленне. 7 ліпеня 2026 года беларускі дыктатар прымае новы ўказ № 216 “Аб мерах па развіцці асобных рэгіёнаў” – пісалі mogilev.media. У дакуменце замацаваны меры для надання дадатковага імпульсу сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёнаў паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці і рэгіёна Паазер’я ў Віцебскай вобласці на перыяд да 2030 года.
Даеш эканоміку без людзей!
Новаму ўказу папярэднічала нарада, якая якраз і тычылася развіцця паўднёвага ўсходу вобласці. Паводле старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі, у рамках дзеючай праграмы рэалізоўваліся мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё сацыяльнай і вытворчай сфер. Усяго праграма ўключала 164 мерапрыемствы, з якіх было выканана 139. Шэсць мерапрыемстваў знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі. Астатнія 19 мерапрыемстваў не былі выкананыя.
І вось што на гэта адказаў беларускі дыктатар: “Заўсёды ідэалагічна было так: стварэнне ўмоў для грамадзян, а потым – эканоміка. Хлопцы, так не будзе. Гэта мы ўжо так распесцілі сваіх людзей. Будзе эканоміка – будуць і грамадзяне жыць нармальна. Таму наперадзе эканоміка, вытворчасці. А ў нас утрыманства вельмі моцна развіта».
У гэтым і заключаецца самае галоўная хіба лукашэнкаўскага рэжыму – успрыняццё людзей як нейкіх утрыманцаў. Пры тым, што ніякая эканоміка без людзей проста не існуе. Дзякуючы эканамічнаму генію Лукашэнкі і яго падыходам, колькасць “утрыманцаў”, а дакладней жыхароў паўднёва-ўсходняга рэгіёна актыўна скарачаецца. Калі ў пачатку 2014 года там жыла 132,9 тыс. чалавек, то праз дзесяць гадоў, у пачатку 2025 года, – ужо 111,9 тыс. чалавек. Што і ёсць галоўным вынікам усёй паўднёва-ўсходняй дзяржаўнай бязглуздзіцы.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
