Расіянку другі раз дэпартавалі з Мсціслава – ёй было забаронена вяртацца ў Беларусь яшчэ ў жніўні

Міліцэйская аперацыя “Нелегал-2022”, якая праводзілася ў сярэдзіне кастрычніка, выявіла 11 парушэнняў рэжыма перабывання замежнікаў на тэрыторыі краіны. У рамках аперацыі былі правераны аўтастанцыя, рынак, гасцініца, інтэрнат. Як паведамляе рэсурс mstlife.by, асноўныя парушэнні заключаліся ў пражыванні замежных грамадзян не па месцы рэгістрацыі, а таксама ў пратэрміноўцы віда на жыхарства.

Падчас аперацыі была выяўлена грамадзянка Расійскай Федэрацыі, якой было забаронена знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. 

“30 жніўня 2022 года яна была дэпартаваная за межы краіны. – расказала рэсурсу старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Наталля Ермакова – Цягам шасці месяцаў ёй было забаронена ўязджаць у нашу краіну. Аднак яна, нягледзячы на забарону, зноў стала пражываць у Мсціславе, чым парушыла дзейнае заканадаўства.”

Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа, яна зноўку дэпартаваная за межы дзяржавы.