Маці 4-гадовай украінкі Лізы Дзмітрыевай, якую забіла расійская ракета, падзякавала свету за падтрымку і запыталася – «чаму яна засталася жыць на гэтай зямлі?»

4-гадовая Ліза Дзмітрыева загінула падчас абстрэлу расійскімі войскамі ўкраінскай Вінніцы 14 ліпеня. Яны з маці ішлі да лагапеда. Дзяўчынка была з сіндромам Дауна, у паўгода перанесла цяжкую аперацыю на сэрцы.

Паводле экспертаў, дзяўчынка загінула адразу. Маці з цяжкімі раненнямі шпіталізавалі. Родныя не казалі ёй, што дачкі ў яе больш няма, бо непакоіліся, ці перанясе яна такую трагедыю. Дзяўчынку пахавалі  17 ліпеня.

«Любоў мая, любімая дзяўчынка, ты была такой вясёлай і навучыла мяне кахаць безумоўна, нягледзячы ні на што! Нажаль, так мала я была тваёй мамай, так мала… Мы абавязкова цябе сустрэнем. Маё сэрца назаўжды з табой, мая душа плача» – напісала ў Фэйсбуку Ірына Дзмітрыева.

У допісе яна адзначыла, што расіянам няма даравання за іхныя злачынствы, учыненыя ва Ўкраіне.

«Я не ведаю, чаму засталася жыць на гэтай зямлі, я не разумею, чаму. – адзначае ў допісе жанчына. – Проста патрэбны час. Але пакуль не хочацца верыць, як у страшны даўні сон».

«Я дзякую ўсім за падтрымку – родным, сваякам, сябрам, знаёмым, людзям, якіх я нават не ведаю, – гаворыцца ў допісе Ірыны Дзмітрыевай. – Вы з Лізуняй шмат зрабілі для нас, падтрымалі. Дзякую ўсяму свету».

Падчас атакі расіян на Вінніцу загінулі яшчэ двое хлопчыкаў сямі і васьмі гадоў.

Адзін з іх знаходзіўся на абследаванні ў лякарні і памёр разам з маці. Другі чакаў дзядзьку ў прыпаркаванай машыне.

14 ліпеня ў 10.45 Расія нанесла ракетны ўдар па Вінніцы ракетамі тыпу «Калібр» з падводнай лодкі з акваторыі Чорнага мора.

Загінулі 24 чалавекі. Медычная дапамога была аказана 202 пацярпелым.

Навіны пабрацімаў. Як выглядае Мікалаеў пасля ранішняга расійскага абстрэлу

Днём раней у выніку расійскага абстрэлу было паранена дзіця. Паводле папярэдніх звестак, сённяшняя атака на горад абышлася без чалавечых ахвяраў.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


3 жніўня а 5 гадзіне раніцы расійскія ракеты пацэлілі ў прычал, прамысловае прадпрыемства, дамы, гаражны кааператыў, супермаркет і аптэку. Пацярпела конна-спартовая школа.


У выніку ўдару поўнасцю разбураны супермаркет. Таксама пацярпелі побач размешчаныя шматпавярховыя дамы – у іх выбіты вокны, разбурана шкленне балконаў, а таксама крамы.

«Сёння наш горад і паселішчы вобласці зноў зазналі абстрэл. У Мікалаеве яны напалі на супермаркет. На шчасце, прамога траплення ў шматпавярховік, які знаходзіцца за некалькі метраў, не адбылося», – паведаміў  кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім.

У вайсковай камендатуры адзначаюць што паводле папярэдніх дадзеных, горад быў абстраляны ракетамі С-300, піша выданне «Новостей-N»

Днём раней у выніку абстрэлу атрымала раненне дзіця. Значна пашкоджаныя жылыя дамы, прадпрыемствы і інфраструктура.

Паводле старшыні Мікалаеўскага абласнога савету Ганна Замазеевай, у паселішчах вобласці зафіксаваныя разбурэнні жылых дамоў ды пажары на палях.

 На раніцу 3 жніўня ў шпіталях Мікалаева перабывалі з раненнямі 318 грамадзян. Яшчэ 41 пацярпеламу аказваецца амбулаторная дапамога.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў Мікалаеўскай вобласці пашкоджана больш за 8,5 тыс. грамадзянскіх аб’ектаў.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. 

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


фота з русурсу: www.ukrinform.ua

Украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што па Ўкраіне з Беларусі раніцай стралялі ракетамі

Аператыўнае камандаванне «Поўнач» пра ракетны абстрэл Чарнігаўскай вобласці паведамляе, абапіраючыся на «беларускія крыніцы».

Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, Чарнігаўшчыну атакавалі 28 ліпеня ранкам ад 7.20 да 8.30. Ракеты трапілі ў лясны масіў. Пра ахвяры сярод насельніцтва гаворкі няма.

«Паступіла інфармацыя аб запуску больш за 20 ракет з Беларусі», – даводзяць украінскія вайскоўцы ў паведамленні на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

«У цяперашні час вядома аб прыбыцці 9 ракет па тэрыторыі Ганчарыўскай абшчыны Чарнігаўшчыны, якія ўпалі ў лясны масіў, – адзначана ў паведамленні. – Наша сістэма супрацьпаветранай абароны таксама працавала».

Аператыўнае камандаванне «Поўнач» абяцае падрабязней апавесці пазней.

Тым часам, старшыня Чарнігаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Вячаслаў Чавус кажа пра 10 зафіксаваных “варожых прылётаў” ракет.

У сваім тэлеграм-канале ён піша што, з меркаванняў бяспекі ўстрымліваецца паведамляць падрабязнасці.

Па яго словах інфармацыя аб ахвярах і разбурэннях удакладняецца.

“Такім чынам вораг віншуе нас з Днём украінскай дзяржаўнасці. Мы людзі ўдзячныя і абавязкова ворагу за гэта аддзячым”, – піша ён.

Паводле прэс-сакратара камандавання Вайскова-паветраных сіл Украіны Юрыя Ігната па Чарнігаўшчыне стралялі ракетамі «Іскандэр» з раёну Зябраўкі Гомельскай вобласці Беларусі, перадае  выданне «Українська правда».

Вайна ва Ўкраіне. Расійскія войскі атакавалі Адэсу, Чугуеў, Нікапаль – ёсць забітыя і параненыя

Чугуеў, Харкаўская вобласць

Ракетны ўдар па горадзе нанесены раніцай. Тры чалавекі загінула.

Разбурана адна з мясцовых школ, магазін будаўнічых матэрыялаў і некалькі жылых дамоў. Ратавальнікі да гэтага часу разбіраюць завалы і шукаюць людзей.

Нікаполь, Днепрапятроўская вобласць

Целы двух загінулых даслалі з-пад завалаў. Адна параненая жанчына знаходзіцца ў больніцы.

Па жылых кварталах гораду было выпушчана больш за паўсотні ракет. Пашкоджаныя школа, пяціпавярховы дом і будынак вучэльні.

Адэса

16 ліпеня па горадзе стралялі з самалётаў стратэгічнай авіяцыі. Паводле папярэдніх дадзеных загінулых і пацярпелых няма.

Ракеты пацэлілі ў склад вытворча-гандлёвай кампаніі. На яго тэрыторыі адбыўся пажар, які ўжо патушаны супрацоўнікамі дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў. 

Вінніца

Узрасла колькасць ахвяраў расійскага нападу на цэнтральную частку гораду да 24 чалавек. У больніцы ад апёкаў сканала жанчына.

Застаюцца шпіталізаванымі яшчэ 68 пацярпелых, сярод іх 4 дзяцей. Чацвёра чалавек лічацца «зніклымі без звестак».

Горад быў атакаваны 14 ліпеня. Ракеты пацэлілі ў будынак з офіснымі памяшканнямі. Узнік пажар, які перакінуўся на аўтастаянку.


У публікацыі выкарыстаныя зьвесткі апублікаваныя інфармацыйным агенцтвам “УНІАН”