Фотарэпартаж з Баркалабаўскага манастыра – некалі вядомага асяродка беларускага праваслаўя, знішчанага дашчэнту і адбудаванага наноў

Гісторыя старажытнага Баркалабава поўніцца летапіснай праўдай, міфамі і мноствам іх інтэрпрэтацыяў. Кажуць, што ў тутэйшым манастыры пісалася вядомая Баркулабаўская хроніка. Памятны знак ёй паставілі ў Быхаве.

Баркалабава, некалі вядомы асяродак беларускага праваслаўнага свету, знаходзіцца ў Быхаўскім раёне. Да райцэнтру меней за 15 кіламетраў. Да Магілёва – 40.

Тутэйшы манастыр заклаў у першай палове 17 стагоддзя праваслаўны мецэнат, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Багдан Статкевіч.

У 1924-ым бальшавікі святыню зачынілі, а мясцовы люд, які лічыўся набожным, расцягнуў яе маёмасць да цаглінкі.

Адраджэнне манастыра пачалося ў 2008 годзе. У 2010-ым адбудаваны мясцовы храм Святога Яна Прадцечы асвяцілі. Сюды быў вернуты з Быхава цудадзейны абраз Баркалабаўскай Маці Божай.

Гавораць, што гэты абраз пакінуў манастыру ў 1659 годзе маскоўкі князь Пажарскі, які прыйшоў ваяваць беларускія землі, але няўдала. Пад націскам войска Вялікага Княства Літоўскага ён вымушаны быў адступаць. У сваім абозе меў скрадзеную праваслаўную рэліквію. Праходзячы ля манастыра здарылася дзіва – коні ваяроў маскоўца не хацелі ісці далей. Іх нельга было зрушыць з месца. Аддаўшы абраз манастыру, Пажарскі працягнуў уцёкі.

Манастыр з моманту заснавання адносіўся да Канстанцінопальскай патрыярхіі. Цяпер ён падпарадкоўваецца Беларускай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату.

Манастыр – папулярная турыстычная мясціна. Мноства людзей наведваюць яго, каб замаліць грахі і выбавіцца ад праклёнаў.

У манастыры стала жывуць больш за дзясятак манашак. Пры ім ёсць свая гаспадарка. Стаіць ён на дняпроўскай старыцы, а побач цячэ рака Лахва.