Асудзілі двух дырэктараў “Магатэкса” – штраф і ўмоўны тэрмін

Дырэктар па вытворчасці, а таксама дырэктар фабрыкі па аздабленні на магілёўскім прадпрыемстве “Магатэкс” атрымалі ўмоўныя тэрміны і штраф за прыпіскі ў справаздачах – паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі. 

– Наўмысна, з мэтай утойвання адмоўных вынікаў гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, штомесяц, з дапамогай аботнікаў аздобнай фабрыкі якія нічога не падазравалі – гаворыцца ў судовым рашэнні – падсудныя арганізавалі складанне афіцыйных дакументаў аб выкананні фабрыкай плана выпуску прадукцыі, якія змяшчалі недакладныя звесткі аб выкананні фабрыкай плана выпуску прадукцыі і аб выкананні паказчыкаў і ўмоў прэміравання аддзелачнай фабрыцы, якія падпісаў абвінавачаны А. і прадаставіў для подпісу абвінавачанай І.

Абодва прызнаныя вінаватымі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, а менавіта ў тым, што падраблялі справаздачнасць дзеля атрымання высокіх прэмій. У выніку нанесеная шкода ацэньваецца ў 32 225,39 рублёў. Іх прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады і штрафу ў 300 базавых велічынь (11 100 рублёў), а таксама пазбавілі права займаць кіраўнічыя і адміністрацыйныя пасады на пяць гадоў.

Фота з адкрытых крыніц

IKEA абвінавацілі ў гандлі таварамі, зробленымі палітзняволенымі ў магілёўскіх турмах – кампанія аспрэчвае

Рэзананснае расследаванне правялі журналісты нямецкай газеты Taz і французскага выдання Disclose. Яны сцвярджаюць, што пасля палітычных рэпрэсій у Беларусі ў 2020 годзе IKEA працавала з беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу вязняў у турмах, і ў тым ліку палітзняволеных.  

У якасці пастаўшчыкоў IKEA ў Беларусі выступалі магілёўскае тэкстыльнае прадпрыемства “Магатэкс”, а таксама холдынг Borwood і дзяржаўнае мэблевае прадпрыемства “Івацэвічдрэў”. Прычым “Магатэкс”, як сцвярджаюць расследавальнікі, працаваў прынамсі з чатырма выпраўленчымі калоніямі.

“Адзін з ізалятараў, з якімі супрацоўнічае Магатэкс – гаворыцца ў даследаванні – называецца ІК-15, як паказвае бухгалтарскі дакумент ад ліпеня 2021 года, апублікаваны турмой. «ІК-15 — гэта тэрыторыя поўнага жаху, дзе карнікі робяць, што хочуць» – сведчыць Disclose Ціхан Клюкач. 19-гадовы юнак знаходзіўся пад замком на працягу дзесяці месяцаў, паміж 2021 і 2022 гадамі.”

У IKEA на запыт беларускіх журналістаў адказалі, што вельмі сур’ёзна ставяцца да паведамленняў пра Беларусь і ніколі не дапускаюць парушэнняў правоў чалавека ў ланцужку паставак. 

– На ўсіх рынках, дзе мы прысутнічаем, мы дакладна заяўляем, што ў нашым бізнэсе няма месца парушэнням правоў чалавека – паведамілі ў прэс-службе кампаніі – Прысутничаючы ў Беларусі, мы праводзілі рэгулярныя праверкі ў спалучэнні з маніторынгам нашых ланцужкоў паставок, каб забяспечыць адпаведнасць нашым патрабаванням.

Прэс-сакратар IKEA паведаміў, што ў чэрвені 2021 года кампанія прыняла рашэнне спыніць развіццё любога новага бізнесу з-за праблем з правамі чалавека ў Беларусі і непрадказальнай абстаноўкі.

Фота: aikea.by, disclose.ngo

Следчыя раскрылі карупцыйную схему на “Магатэксе” і аддзелачнай фабрыцы

За восем месяцаў на прадпрыемствах скралі каля 34 тысяч рублёў.

Злачынную схему выкарыстоўвалі 59-гадовая дырэктар па вытворчасці “Магатэкса” і 51-гадовы дырэктар аддзелачнай фабрыкі. Яны рахтавалі справаздачныя дакументы з фіктыўнымі звесткамі аб завышэнні паказчыка аб здачы гатовай прадукцыі з фабрыкі на склад “Магатэкса” – паведамляе прэс-служба Следчака камітэта Беларусі.

Падробная дакументацыя дазваляла зламыснікам налічваць супрацоўнікам фабрыкі павышаныя прэміі, і атрымліваць прэміі самім. Гэта прывяло да прычынення шкоды на агульную суму больш за 32 тысячы рублёў. 

Абвінавачаныя цалкам кампенсавалі ўрон, але віну прызналі толькі часткова. Ім прад’яўлены абвінавачанні па ч.3 арт.426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, што прывяло да цяжкіх наступстваў) і па ч.2 арт.427 (службовы падлог, учынены з мэтай скажэння даных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці) Крымінальнага кодэкса. Да фігурантаў справы прыменена мера стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва.

Магілёўскае прадпрыемства гатовае абшываць расійскіх сілавікоў. Прадукцыю паказвала на выставе Міністэрства абароны Расіі

Акцыянернае таварыства «Магатэкс», якое лічыцца лідарам тэкстыльнай галіны Беларусі, шукае заказы для загрузкі сваёй вытворчасці.

Вядома, што «Магатэкс» другі год запар спрацоўвае ў мінус. Па выніках 2021 года чыстыя страты перавысілі 6 мільёнаў рублёў. Годам раней было прыкладна мінус 15 мільёнаў, пісаў Магілёў.media.

У ліпені быў звольнены з пасады шматгадовы кіраўнік прадпрыемства Віктар Маціевіч. На яго месца паставілі былога намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандра Пацёмкіна. Ён, як вынікае з ягонай біяграфіі, найдаўжэй працаваў чыноўнікам – 8 гадоў. У прамысловасці на розных кіроўных пасадах доўга не затрымліваўся.

«Магатэкст» шукае пакупнікоў сваёй прадукцыі пераважна на расійскім рынку. Прадпрыемства і раней прадавала там багата вырабаў.

На ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2022», які шмат год склікае Міністэрства абароны, магілёўскае прадпрыемства прадставіла тканіну для дэмісезоннай і зімовай формы супрацоўнікаў сілавых структур і форменнае адзенне з іх, а таксама іншыя віды тканіны, з рознымі відамі ахоўных і спажывецкіх уласцівасцяў, зацверджаных у сілавых ведамствах.

На сайце «Магатэкс» напісана, што выстава ў Падмаскоўі для яго – «адна з ключавых пляцовак для дэманстравання як традыцыйных класічных узораў прадукцыі, так і перспектыўных распрацовак».

Да вайны ва Ўкране «Магатэкс» ездзіў на выставы ў Еўропу. У 2017 годзе прадстаўнікі прадпрыемства пабывалі ў Германіі. Паведамлялася, што там былі перамовы аб пастаўцы тканін і атрыманні заказаў на пашыў гатовых вырабаў у Польшчу, Германію, Кітай, Грэцыю, Украіну, Сербію, Партугалію, Італію, Румынію, Вялікабрытанію, Ірландыю, Данію, Латвію, Венгрыю, Канаду.

У тым жа годзе «Магатэкс» паказваў сваю прадукцыю ў Чылі і разлічваў мець заказы для сілавых структураў краін Паўднёвай Амерыкі.

фота: mogotex.com

Кіраўніком магілёўскага прадпрыемства «Магатэкст» прызначылі былога чыноўніка з гарвыканкаму (абноўлена)

Куды падзеўся шматгадовы генеральны дырэктар гэтага прадпрыемства Віктар Маціевіч не паведамляецца. Ягонае імя нават не згадваецца ў паведамленні аб змене кіраўніцтва.

bel.biz

Маціевіча, які ўсё сваё працоўнае жыццё адрабіў на «Магатэксце» замяніў былы першы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандр Пацёмкін, які, як вынікае з ягонай біяграфіі найдаўжэй працаваў чыноўнікам – 8 гадоў. У прамысловасці на розных кіроўных пасадах ён доўга не затрымліваўся.

«На наглядальнай радзе старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна прадставіла працоўнаму калектыву кіраўніка – Аляксандра Пацёмкіна», – піша «Веснік Магілёва».

Віктар Маціевіч пасаду Генеральнага дырэктара «Магатэксу», аднаго з лідараў беларускай тэкстыльнай прамысловасці, займаў ад 2002 году. З яго імем звязваюць поспехі прадпрыемства. Уся ягоная працоўная кар’ера звязаная з «Магатэксам», ці як ён называўся за савецкім часам і ў першыя гады незалежнай Беларусі – Камбінатам шаўковых тканін. На яго Маціевіч прыйшоў у 1984 годзе.

Сёлета ў траўні рэсурс Office life  пісаў, што акцыянэрнае таварыства “Магатэкс” другі год запар спрацавала ў мінус. Па выніках 2021 года чыстыя страты перавысілі 6 мільёнаў рублёў. Годам раней было прыкладна мінус 15 мільёнаў.

 

vestnikmogileva.by

Аляксандрам Пацёмкін да працы ў бюракратычным апараце паспеў папрацаваць на заводзе Ліфтавага машынабудавання, два гады быў генеральным дырэктарам заводу «Тэхнапрыбор», пабываў намеснікам дырэктара «Магілёўтрансмаш», нават год кіраваў ім і, нарэшце год рабіў камерцыйным дырэктарам акцыянернага таварыства «Юла Гранд».