Два жыхары Асіповіцкага раёна дапамагалі разбіраць згарэўшую дачу, адзін з іх аказаўся нячыстым на руку.
Пенсіянерка з Мінска, якая мае дачны ўчастак у адной з вёсак Асіповіцкага раёна, пасля пажару наняла мясцовага жыхара, каб разабраць завалы і адшукаць рэчы, якія яшчэ можна было выкарыстаць. Той узяў сабе ў дапамогу знаёмага.
Пакуль адзін працаваў, другі, як высветлілася пазней, прыглядаўся не столькі да наступнага аб’ёму работы, колькі да маёмасці гаспадыні.
Ведаючы, што найбольш каштоўныя рэчы захоўваюцца ў незамкнёнай летняй кухні, 48-гадовы мужчына праз некалькі дзён вярнуўся туды ўжо без запрашэння. Скарыстаўшыся тым, што на ўчастку нікога не было, ён забраў індукцыйную настольную пліту, электрачайнік і набор кухонных нажоў.
Калі праз некалькі дзён на дачу прыехала гаспадыня, адсутнасць рэчаў яна заўважыла адразу. Пасля гэтага жанчына звярнулася ў міліцыю.
Праваахоўнікі хутка выйшлі на падазраванага. Скрадзеныя рэчы знайшліся ў яго дома. У дачыненні да жыхара Асіповіцкага раёна распачалі крымінальную справу за крадзеж.
Фотаздымак з адкрытых крыніц.
