«Крыўдзіцеляў» міліцыі дастануць і ў Польшчы. Сваіх «нягоднікаў» Кубракоў у Магілёве публічна не назваў

Міністр унутраных спраў на калегіі УУС у Магілёве запатрабаваў крымінальна пераследаваць аўтараў крытычных публікацый пра міліцыю ў інтэрнэце. Адначасова ён жа нагадаў пра двух уласных участковых, якія запраўлялі асабістыя аўтамабілі калгасным палівам – але ні імёнаў, ні раёна іх службы не паведаміў.

23 ліпеня 2026 года ў Магілёве прайшло пасяджэнне калегіі УУС аблвыканкама з удзелам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. Значная частка яго выступлення была прысвечана не вынікам аператыўна-службовай дзейнасці, а «абразам у адрас супрацоўнікаў міліцыі» ў інтэрнэце. Кожнае такое паведамленне, паводле слоў міністра, павінна правярацца. Калі факты пацвярджаюцца, дзеянням супрацоўнікаў будзе дадзена «прынцыповая ацэнка». Калі не пацвярджаюцца – рэакцыя праваахоўных органаў ужо будзе ў дачыненні да распаўсюджвальнікаў.

Ваўкавыск і міжнародны вышук

У якасці прыкладу міністр прывёў нядаўні выпадак у Ваўкавыску, дзе, паводле яго слоў, устаноўлены чалавек, які «размясціў абразлівыя звесткі» пра мясцовую міліцыю. Высветлілася, што фігурант знаходзіцца ў Польшчы – і Кубракоў урачыста паведаміў, што ён «аб’яўлены ў міжнародны вышук, у тым ліку за здзяйсненне цяжкіх злачынстваў». Пракуратура ініцыюе ўзбуджэнне крымінальнай справы.

Класічная схема: допіс у сацыяльнай сетцы – Інтэрпол.

«Два нягоднікі» без імя і без раёна

Куды цікавей выглядае іншая тэма, узнятая міністрам на той жа калегіі. Як паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на прэс-службу МУС, Кубракоў нагадаў на магілёўскай калегіі пра «ганебны факт»: «па дамоўленасці з кіраўніком прадпрыемства аграпрамысловага комплексу ўчастковы запраўляў свой аўтамабіль палівам гаспадаркі».

Міністр паскардзіўся, «куды глядзелі непасрэдныя начальнікі» ўчастковага і чаму парушэнне не выявілі супрацоўнікі БЭЗ. Працу «дадзенай рэгіянальнай службы» прэс-служба МУС назвала «найгоршай у краіне» – і паведаміла, што ўжо прыняты «кадравыя рашэнні».

Пра які менавіта рэгіён ідзе гаворка, міністр публічна не ўдакладніў. Ні раёна, ні вёскі, ні імёнаў звольненых.

Двума днямі раней, 21 ліпеня, на селектарнай нарадзе МУС Кубракоў ужо казаў пра гэты выпадак – і тады гаворка ішла пра дваіх: «выяўлена два ўчастковыя інспектары міліцыі, якія самастойна заключылі дамовы з кіраўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і залівалі іх паліва ў свае аўтамабілі». Абодва, паводле яго слоў, звольнены. «З-за двух нягоднікаў сёння ганьба ўсёй міліцыі» – заявіў тады міністр.

Ганьба сапраўды была. Імёнаў і адрасоў не было ні на селектары 21 ліпеня, ні на калегіі ў Магілёве 23 ліпеня.

Падвойныя стандарты міністра

Логіка міністра гранічна простая: хоць нягоднік, але свой. Аўтар крытычнага допісу ў інтэрнэце павінен быць устаноўлены, названы па імені, аб’яўлены ў міжнародны вышук і атрымаць крымінальную справу – нават калі ён знаходзіцца ў Польшчы і ніякіх іншых прэтэнзій у беларускіх праваахоўнікаў да яго не было.

Уласны супрацоўнік ведамства, які па дамоўленасці з кіраўніком калгаса запраўляў асабісты аўтамабіль калгасным палівам – проста «нягоднік». Рэгіён, раён, участковы пункт, імя, а таксама прозвішчы яго непасрэдных начальнікаў застаюцца службовай таямніцай МУС.

«З-за двух нягоднікаў ганьба ўсёй міліцыі» – цытата міністра. Ганьба сапраўды ёсць. А імёнаў няма – таму што «бездакорная беларуская міліцыя» не любіць расказваць пра сваіх нягоднікаў.

Фота тэлеграм-канала «Міліцыя Магілёўшчыны».