Пад Бабруйскам прадаецца закінуты дзіцячы лагер

Былы дзіцячы аздараўленчы лагер “Змена” каля вёскі Мірадзіна Бабруйскага раёна выстаўлены на таргі за амаль 292 тыс. рублёў.

Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму там гучалі дзіцячыя галасы, праводзіліся лінейкі і распальваліся вогнішчы. Цяпер жа былы лагер «Змена» чакае не новую змену дзяцей, а новага ўладальніка. Закінуты комплекс у лесе за дзесяць кіламетраў ад Бабруйска выставілі на аўкцыён.

Прадаюць лагер праз запазычанасці яго апошняга ўласніка. Таргі арганізуе пляцоўка «БелЮрЗабеспячэнне», а пачатковая цана лота складае 291 тыс. 520 рублёў.

На продаж выставілі больш за трыццаць будынкаў на тэрыторыі амаль у два з паловай гектары. Гэта чатыры спальныя корпусы, сталовая, клуб, медпункт, лазня, адміністрацыйны будынак, а таксама склады, хлявы, навесы, гаспадарчыя пабудовы, цір і артэзіянская свідравіна. Агульная плошча будынкаў перавышае 1400 м2.

«Змена» з’явілася яшчэ ў канцы 1940-х – пачатку 1950-х гадоў як дзіцячы аздараўленчы лагер. Пасля распаду Савецкага Саюза ён яшчэ некаторы час працягваў працаваць, але паступова стаў прайграваць больш сучасным базам адпачынку. Драўляныя корпусы ўжо не адпавядалі патрабаванням пажарнай бяспекі і санітарным нормам, а бацькі ўсё радзей выбіралі адпачынак для дзяцей у састарэлым лагеры.

У 2017-2018 гадах прадпрыемства «Бабруйсктрыкатаж» перадала лагер аддзелу адукацыі. Але замест новага жыцця аб’ект атрымаў рашэнне аб закрыцці. У сакавіку 2019 года «Змена» канчаткова спыніла працу.

Пасля гэтага лагер хутка ператварыўся ў яшчэ адзін помнік заняпаду. Будынкі пачалі пакрысе разбурацца, а тэрыторыя засталася без належнага дагляду.

Праз некалькі гадоў знайшліся ахвотныя вярнуць жыццё ў былую аздараўленчую базу. Кампанія «Мірадзінскі востраў» планавала зрабіць там камерцыйны комплекс адпачынку. Але праект так і не выйшаў за межы намераў. Цяпер сама фірма ліквідуецца, а лагер прадаюць, каб разлічыцца з даўгамі.

Аўкцыён прызначаны на 4 жніўня. Заяўкі прымаюцца да 3 жніўня, а ўдзельнікам неабходна ўнесці задатак у памеры 29 152 рублёў. Пераможца таргоў павінен цалкам разлічыцца за пакупку цягам дзесяці працоўных дзён.

Фотаздымак: e-auction.by