Верную чыноўнікам суддзю прызначылі ў кіраўніцтва бабруйскага суда

Суддзя Марына Шэлягіна прызначана намесніцай старшыні суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска.

 

Каб прадставіць бабруйскую суддзю Шэлягіну ў новай якасці, у Бабруйск прыбыла цэлая дэлегацыя Магілёўскага абласнога суда – старшыня Святлана Бурака і Дзяніс Кічыгін, які нядаўна заняў пасаду яе першага намесніка.

 

Дзеля справядлівасці варта дадаць, што яны таксама прадставілі калектыву і новую суддзю Вольгу Корнішаву, якая яшчэ нядаўна была пракурорам.

 

У сваёй працоўнай дзейнасці Шэлягіна праявіла сябе як верная чыноўнікам суддзя. Так, у студзені 2014 года, разглядаючы скаргу бабруйчанак Валянціны Каваленка і Любові Санковіч на Бабруйскі гарвыканкам, які адмовіў ім у праве на пікетаванне, суддзя не задаволіла хадайніцтва заяўніц аб допуску іх прадстаўніка. Прычынай адмовы стала незгода і з хадайніцтвам гарвыканкамаўскіх чыноўнікаў – Мікалая Балюка і Валянціны Дагокер.

 

Як паведамляў Праваабарончы цэнтр “Вясна”, у гэтай сітуацыі жанчыны вымушаныя былі пакінуць залу судовых пасяджэнняў, бо без юрыдычнай падтрымкі не бачылі магчымасці адстойваць свае правы ў працэсе. На іх думку, вынікі судовага працэсу былі прадвызначаныя, паколькі суддзя Марына Шэлягіна сваімі дзеяннямі стварала няроўныя ўмовы для бакоў у працэсе.

 

А справа тычылася вельмі важнага пытання, бо пенсіянеркі мелі намер правесці акцыю 10 снежня ў Дзень правоў чалавека, каб прыцягнуць увагу грамадства да парушэння грамадзянскіх правоў і вырашыць набалелую праблему адпісак ад чыноўнікаў і дэпутатаў на скаргі свае і блізкіх.

 

У выніку Каваленка і Санкевіч пакінулі ў кнізе заўваг і прапаноў адпаведны запіс.

 

Фотаздымак: Магілёўскі аблсуд