Магілёўшчына ў антылідарах – статыстыка ўзроўню жыцця беларусаў у ІІ квартале 2022 года

Па ўзроўні малазабяспечанасці насельніцтва, у працэнтным паказчыку ад усіх жыхароў, самым дэпрэсіўным рэгіёнам Беларусі аказалася Магілёўшчына. Тут малазабяспечанымі хатнімі гаспадаркамі з’яўляюцца 5,9 % сем’яў ад агульнай колькасці.

На Брэстчыне гэтая лічба складае 5,5 %, на Гомельшчыне – 5,4 %. Найлепшы паказчык дэманструе горад Мінск – усяго 1,2 % гаспадарак тут лічацца малазабяспечанымі.


Малазабяспечаныя сем’і – гэта сем’і, узровень даходаў на аднаго члена сям’і ў якіх ніжэй за бюджэт пражыткавага мінімуму – зараз гэта 328,5 рублёў.


Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі прадставіў бягучыя падсумаванні адносна ўзроўню забяспечанасці сем’яў, узроўні жыцця і размеркаванню рэсурсаў за красавік-чэрвень бягучага года.

Выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак па краіне выявіла, што ў сярэднім адна беларуская сям’я магла разлічваць на суму ў 1 781 рубель на месяц на дадзеным адрэзку часу. Гэта грошы, якія заставаліся ў руках у сярэднестатыстычнай гасподзе пасля складання разам усіх заробкаў працуючых членаў сям’і і пасля выплаты ўсіх неабходных падаткаў і плацяжоў. З гэтай сумы 71,8 працэнта звычайна людзі трацілі на спажывецкія патрэбы.

Структура спажывецкіх выдаткаў сярэдняй беларускай сям’і пераважна ўключыла ў сябе затраты на харчаванне – 41,2 %, пакупку нехарчовых тавараў – 31,5 % і аплату паслуг – 24,7 %. Затраты на жыллёва-камунальныя паслугі ў сярэднім занялі суму ў 6,5 % ад сумарнага даходу сям’і.

Статыстыка паказвае на залежнасць узроўню малазабяспечанасці сямейнай гаспадаркі ад умоваў пражывання. Так, у сярэднім па Беларусі сярод гарадскіх сем’яў назіраецца паказчык у 3,1 % малазабяспечаных, а ў сельскай мясцовасці – 6,4 %. Наогул па Беларусі за рысай беднасці пражывае 3,9 % насельніцтва.