Магілёўскі лётчык-інструктар пасадзіў самалёт разам з курсантам, калі заглох рухавік

Лётчык-інструктар Магілёўскага аэраклюба Дзяніс Шкарэнда змог пасадзіць самалёт, калі падчас трэніровачнага палёта адмовіў рухавік машыны. Яму быў уручаны ордэн “За асабістую мужнасць”.

Трэніровачны палёт самалёта “Як-52” адбываўся ў чэрвені 2022 года. На дзясятай хвіліне палёта, калі ў кабіне знаходзіліся курсант і лётчык-інструктар Дзяніс Шкарэнда, адбылася паломка рухавіка. Інструктар адразу ўзяў кіраванне палётам самалёта на сябе і здолеў дацягнуць самалёт да пасадачнай паласы.

– Усё адбылося на дзясятай хвіліне. – расказаў лётчык-інструктар у інтэрв’ю газеце “Прыдняпроўская ніва” – Мы толькі пачалі выкананне задання, курсант прыступіў да адпрацоўкі элементаў пілатажу на «Як-52». І ў гэты момант адбылася поўная адмова рухавіка. Калі зразумеў, што здарылася, узяў упраўленне на сябе. Хаця трэба сказаць, што курсант таксама не разгубіўся – вельмі дакладна выконваў усе мае ўказанні.

Пры амове рухавіка самалёт працягвае планіраваць – распавёў Дзяніс Шкарэнда. Але гэты палёт небяспечны тым, што борт у любы момант можа сарвацца ў штопар. Тады пагроза сыходзіць не толькі для людзей, якія знаходзяцца ў кабіне, але і для тых, хто можа апынуцца ўнізе. Трэніровачнае поле Магілёўскага ДАСААФ размешчана недалёка ад густанаселеных вёсак на захад ад Магілёва – Пашкава, Новае Пашкава і іншыя. Таксама побач праходзіць траса на Мінск.

Усведамляючы ўсю рызыку сітуацыі, у тым ліку і для свайго жыцця, Дзяніс Шкарэнда выратаваў самалёт.

– Не, страшна не было. – расказаў лётчык – Было разуменне, што трэба вельмі дакладна выконваць тое, што не раз адпрацоўвалася на зямлі. Бо лётны склад незалежна ад вопыту і ўзроўню падрыхтоўкі сістэматычна праходзіць трэнажы па дзеяннях у асаблівых выпадках. Гэта трэба і маладым лётчыкам, і тым, хто лятае даўно.

Дзяніс Шкарэнда ўжо 25 гадоў працуе лётчыкам-інструктарам, мае 2800 гадзін налётаў. Быў удзельнікам і прызёрам многіх спартыўных спаборніцтваў, навучыў навыкам лётнага майстэрства спартсменаў, і курсантаў ваеннай акадэміі. 10 лютага 2023 года ён быў ушанаваны ордэнам “За асабістую мужнасць”, а на Х пленуме цэнтральнага Савета ДТСААФ, які адбыўся 16 лютага ў Мінску, быў удастоены ганаровага звання “Спецыяліст авіяцыі ДТСААФ 2022 года”.

Фота: “Прыдняпроўская ніва”