Не стала Леаніда Сіманоўскага – мастака і аўтара пранізлівых успамінаў пра магілёўскі Халакост

У Санкт-Пецярбургу на 95-ым годзе жыцця памёр магілёвец Леанід Сіманоўскі, мастак-акварэліст і аўтар серыі аўтабіяграфічных успамінаў. Сіманоўскі нарадзіўся ў Магілёве, на Дубравенцы, у 1932 годзе ў яўрэйскай сям’і. Яго бацька быў інвалідам Грамадзянскай вайны, а маці хатняй гаспадыняй. У 1941 годзе бацькі былі забітыя немцамі. Васьмігадовы Леанід і яго сястра выратаваліся, схаваўшыся па-за межамі гета. Наступныя некалькі гадоў хлопчык жабраваў, тулячыся ў закінутых будынках Магілёва і яго ваколіцаў. Бліжэй пад канец вайны ён згубіў таксама і сястру – немцы распазналі ў ёй яўрэйку і расстралялі.

Гэтыя ўспаміны ляглі ў аснову некалькіх публікацый Леаніда Сіманоўскага, якія потым перараслі ў дзве асобныя кнігі: “Чуеш? Чую…” і “Бачыш? Бачу…”. Яны былі выдадзены часопісам “Нева” ў 2000-х гадах.

Крытыкі высока ацанілі мастацкі стыль аўтара. “Незвычайная форма апавядання Сіманоўскага – аповед вядзецца ад імя дзіцяці, пазбаўленага падтрымкі сям’і, вымушанага хавацца ад усіх, і падзеі як бы адбываюцца тады, у тых 1941, 1942, 1943-м, гэта тагачасныя ўчора, сёння, заўтра. Гэта дзённік пачуццяў, перажыванне страшных падзей. «Страшная рэальнасць і цудоўная ірэальнасць суседнічаюць, змяняюць і пераборваюць адно аднаго. У іх барацьбе само адчуванне “Я”, якое супадае з паняццямі “Сям’я”, “Дом”, “Прыгажосць”, “Каханне”, пачынае пульсаваць – то сціскацца амаль да знікнення, да памераў дзіцячага дрыготкага цела, то пашырацца бязмежна, убіраючы ў сябе траву, дрэвы, катоў вершы, зоркі» – пісала пра ўспаміны Сіманоўскага крытык І. Дняпрова.
Пасля вайны Леанід Сіманоўскі паступіў у мастацкую вучэльню імя Мухінай у  Санкт-Пецярбургу, потым працаваў мастаком на фабрыцы “Гознак”. З 1957 па 2012 гады Сіманоўскі быў вядучым мастаком фабрыкі, дзе ствараў вадзяныя знакі для дакументаў і банкнот.

акварэль