Урачыста адкрылі Шклоўскі РАУС – у ім абнавілі ІЧУ

У Шклове ўрачыста адкрылі рэканструяваны будынак РАУС. Поўны набор – міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка, начальнік УУС Ігар Шчарбачэня, ветэраны, курсанты Магілёўскага інстытута МУС, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, сертыфікат на службовы аўтамабіль, абноўлены ІЧУ, цір з лазерным і агнявым сімулятарам, «пакой гісторыі» з памятнымі дошкамі.

Нічога дзіўнага. Шклоў цяпер – паказальная тэрыторыя, своеасаблівы шоурум Беларусі: аграхолдынг абноўлены, міжраённы аграсэрвіс знаходзіцца на завяршальнай стадыі, будуецца сучасны малочны завод, РАУС – толькі што адкрыты.

Паспрабуем параўнаць клопат беларускіх улад пра міліцыянераў з іх клопатам пра медыкаў.

Анатоль Ісачанка, які таксама адкрываў Шклоўскі РАУС, вясной 2026 года падводзіў вынікі пяцігодкі: «на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы аховы здароўя накіравана каля 1 мільярда рублёў, з іх 205 мільёнаў – у 2025 годзе».

У спіс таго, што ўжо завершана, трапілі новы корпус бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Магілёве і паліклініка ў Крычаве. А вось у 2026 годзе «прадугледжваецца завяршыць» – рамонт у Магілёўскай паліклініцы № 8, Чэрыкаўскую цэнтральную раённую бальніцу, працягнуць будаўніцтва хірургічнага корпуса ў Бабруйску, корпуса паліклінікі № 10, мадэрнізацыю абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, лячэбна-дыягнастычнага корпуса анкалагічнага дыспансера, уралагічнага корпуса, аперацыйнага блока бальніцы № 1 і рэканструкцыю раённай бальніцы ў Чавусах.

Ключавыя словы – «прадугледжваецца» і «плануецца». Медыцынская інфраструктура ў вобласці адрозніваецца вялікімі планамі і ўмеранымі тэмпамі. А комплекс з адміністрацыйнага будынка, ІЧУ, ціра і залаў для рукапашнай падрыхтоўкі ў родным раёне Лукашэнкі – урачыста адкрываецца «пад ключ», у вызначаны тэрмін і напярэдадні Дня Незалежнасці, па-за ўсякай чаргой і без згадкі пра крыніцы фінансавання.

МУС атрымлівае гатовыя аб’екты. Медыцына атрымлівае планы.

Увогуле прыярытэты дзяржавы гранічна зразумелыя. Спачатку «хацелкі» Кубракова і яго калег. Усё астатняе – потым.

Такія нашы суровыя рэаліі. Міліцыя – апошні бар’ер, які аддзяляе Лукашэнку ад раз’юшаных грамадзян. Прыбяры яго – і дзеда разарвуць, як Тузік медыцынскую грэлку.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».