Вайна ва Ўкраіне. Расія атакавала Харкаў, шмат загінулых і параненых (абноўлена)

У выніку абстрэлаў Харкава вечарам 17 жніўня і раніцай 18 жніўня ў больніцы гораду шпіталізавана 25 дарослых, з іх адзін у рэанімацыі. Загінула больш за 10 чалавек. Пад вечар колькасць забітых павялічалася да 17, а параненых да 42.

Паводле Абласной ваеннай адміністрацыі, піша выданне «Об’ектив», у больніцах знаходзяцца 4 дзіцяці: дзяўчынка 13 гадоў і хлопчык 12 гадоў, траўмаваныя ў выніку абстрэлу ў Слабадскім раёне Харкава (хлопчык – у цяжкім стане); дзяўчынка 12 гадоў, траўмаваная ў Салтаўскім раёне; яшчэ 1 дзяўчынка 12 гадоў, што пацярпела ў Краснаградзе.

Цягам дня ратавальнікі разбіралі зруйнаваныя дамы. У завалах адшукалі целы яшчэ 7 загінулых. Такім чынам, колькасць загінулых павялічыся да 17 чалавек. Сярод іх хлопчык 2009 года нараджэння. Параненых стала 42 чалавекі.

17 жніўня познім вечарам расійская крылатая ракета «Калібр» пацэліла ў інтэрнат, дзе пражывалі людзі з парушэннямі слыху. Загінулі 7 і атрымалі раненні 20 чалавек.

У інтэрнаце жыло больш за 30 чалавек, у тым ліку пенсіянеры і дзеці. У некалькіх пад’ездах мелі пакоі людзі з парушэннямі слыху.

На досвітку абстрэл Харкава працягнуўся. У выніку загінула яшчэ 3 чалавекі і 15 аказаліся параненымі.

Паводле старшыні Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алега Сінягубава, расіяне сталі страляць па абласному цэнтру блізу 4 гадзінаў раніцы. Ракеты цэлілі ў адно з камунальных прадпрыемстваў, але трапілі ў жылы дом. 

«Загінулі 3 чалавекі, атрымалі раненні блізу 15. Там даволі значныя разбурэнні, і цяпер на месцы працуюць падраздзяленні ратавальнікаў, экстранай медычнай дапамогі, і мы прагназуем па гэтым абʼекце павелічэнне колькасці ахвяр» – каментуе сітуацыю Алег Сінягубаў, якога цытуе https://www.unian.net/ інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Ён кажа, што два ракетныя ўдары зазнала культурная інфраструктура Харкава. Паводле папярэдніх звестак, ахвяр там няма.

Сінягубаў адзначае, што за апошнія содні зафіксавана каля 8 ракетных пускаў па Харкаве і вобласці.

Паводле яго ў райцэнтры Краснаград у выніку абстрэлу загінула сямʼя, у тым ліку 12-гадовае дзіця.

Расія прызнала абстрэл Харкаўскай вобласці. Заяўляецца, што «высокадакладнай зброяй наземнага базавання знішчаны пункт часовай дыслакацыі замежных наймітаў у Харкаве. Знішчана больш за 90 баевікоў».

Фота з рэсурсу: objectiv.tv

У Харкаве арыштаваная маёмасць прадпрыемства, частка якога належыць грамадзяніну Беларусі

Агульны кошт арыштаваных актываў складае больш за 112 млн грыўняў, або амаль 2, 9 млн долараў па рынкавым курсе на 25 ліпеня.

Асноўным відам дзейнасці суб’екта гаспадарання была вытворчасць вымяральных прыбораў, даследчых і навігацыйных сродкаў, адзначана на сайце Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.

Аператыўнікі Упраўлення стратэгічных расследаванняў Нацпаліцыі высветлілі, што ўладальнікам прадпрыемства зʼяўляецца грамадзянін Рэспублікі Украіна. Часткай актываў валодае грамадзянін Беларусі.

Каб не дапусціць адчужэння маёмасці і правядзення з ім якіх-небудзь аперацый суд наклаў арышт на беларускую частку карпаратыўных правоў прадпрыемства і нерухомую маёмасць плошчай 20 тыс. квадратных метраў коштам 82 млн грыўняў.

Актывы перададзены ў Нацыянальнае агенцтва па вышуку і менеджменце актываў. Накладзены арышт на маёмасць, забраную падчас ператрусу.