Ураджэнец вёскі Вайнілы, што на Чавушчыне, Уладзімір Паўлаў, папрацаваўшы грузчыкам, стаў даверанай асобай і памочнікам кіраўніка расійскага Ашчадбанка Германа Грэфа.
Пра незвычайны службовы ўзлёт вяскоўца з Чавушчыны расказвае журналісцкае расследаванне, праведзенае “Нашай нівай” з дапамогай арганізацыі былых беларускіх сілавікоў “BelPol”.
Імаверна, ён займаецца руціннай працай (дастаўка, пакупкі, афармленне дакументаў), каб сям’я Грэфа не свяцілася ў базах даных. Так, спачатку расійскі тэлеграм-канал ВЧК-ОГПУ паведаміў, што жонка кіраўніка Ашчадбанка Яна Грэф выкарыстоўвала для афармлення сваіх карт у Ашчадрбанку «фантом» – імя «Паўлаў Уладзімір Васільевіч».
Журналісты тэлеграм-выдання «Сістэма» праверылі ўцечкі даных і высветлілі: Уладзімір Паўлаў – рэальны чалавек. Яму 43 гады, ён на сем гадоў маладзейшы за жонку Грэфа.
Паўлаў відавочна блізкі да сям’і Грэфа: яго тэлефон у чужых запісных кніжках фігуруе як «Греф Герман Оскарович», «Владимир Греф», «Яна Греф Архангельское», «Володя Архангельское» і «Охр Архангельское Володя».
У пасёлку Архангельскае недалёка ад знакамітай Рублёўскай шашы знаходзіцца рэзідэнцыя Грэфа. Той жа нумар выкарыстоўваўся для дастаўкі тавараў у Архангельскае.
Ад імя карыстальніка «Марыя Грэф» (так клічуць адну з дачок кіраўніка Ашчадбанка) у Архангельскае заказвалі БАДы, а сам Паўлаў фігуруе як заказчык спрэю супраць грыбка пазногцяў і акумулятара для аўтамабіля Tesla (такі ёсць у Грэфа).
Дастаўку ў Архангельскае замаўляла і жонка Грэфа – як правіла, з прэміяльных крам адзення. Пры гэтым пазначаная ў заказах жонкі кіраўніка Ашчадбанка электронная пошта таксама выкарыстоўвалася і для дастаўкі на адрас Паўлава.
У 2021‑м у якасці месца працы Паўлаў указваў Ашчадбанк – гэта вынікае з кавід-пропуску на дызельны Хендай Санта Фэ, уладальнікам і страхавальнікам якога лічыўся сам Грэф.
У пропуску пазначаны і пашпарт Паўлава – беларускі. Згодна з уцечкамі, Паўлаў да пераезду ў Расію працаваў грузчыкам на птушкафабрыцы ў Магілёўскай вобласці. У яго ёсць жонка і сын.
Грэф і Ашчадбанк знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі як частка пуцінскай машыны, за вайну супраць Украіны.
Фотаздымак: “Наша ніва”
