Дзень у гісторыі. 2 лістапада. Нарадзіўся фестываль “Залаты шлягер”

1995 год. У Магілёве стартаваў першы Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер”. 

У перыяд з 1995 па 2002 гады з’яўляўся найбуйным у Еўропе фэстам рэтра-музыкі. Яго ініцыятарам і арганізатарам стаў кампазітар Уладзімір Браілоўскі, які на той час быў дырэктарам абласной філармоніі. 

Уладзімір Браілоўскі

2004 год. У капліцы мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле” адкрыты маятнік Фуко.

Маятнік Фуко Магілёў Буйнічы
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

1 лістапада. Дзень у гісторыі. Створана Магілёўская епархія

1632 год. Быў прыняты акт аб стварэньні Магілёўскай праваслаўнай епархіі.

Адзіная ў Рэчы Паспалітай, Магілёўская епархія была створана па ініцыятыве Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы. Акт быў зацверджаны прывілеем караля Уладзіслава IV на каранацыйным сойме 14 сакавіка 1633 года. Новых іерархаў тытулавалі: “біскуп Мсціслаўскі, Аршанскі і Магілёўскі”. Нярэдка ў крыніцах сустракаецца іншая назва епархіі – Беларуская. 

Спачатку Магілёўская епархія з’яўлялася часткай Полацкай. Па каралеўскім прывілеі не былі дакладна акрэслены яе межы. Біскупы павінны былі пражываць у Магілёўскім Спаскім манастыры. Акрамя Спаскай царквы, ім перадаваліся яшчэ чатыры цэрквы ў Магілёве, дзве ў Оршы, адна ў Дзісне, адна ў Полацку, Траецкая і Спаская ў Мсціславе.

Першым біскупам дыяцэзіі стаў былы пробашч Віленскага Свята-Духава манастыра ігумен Іосіф Бобрыковіч-Капет-Анехожскі. 

У 1920-1930 гадах епархіяй кіравалі “абнаўленцы”, якія стварылі ў 1924 годзе Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву з цэнтрам у Магілёве. У сярэдзіне 1930-х гадоў яе парафіі перайшлі пад юрысдыкцыю кананічнай Мінскай епархіі.

У 1989 годзе дзейнасць Магілёўскай праваслаўнай епархіі была адноўлена ў межах Магілёўскай вобласці.

Магілёў Спаская царква

1868 год. Нарадзіўся Зміцер Даўгяла. 

Беларускі гісторык, архівіст.

Працаваў у Віцебскім, Віленскім архівах старажытных актавых кніг, загадчыкам Магілёўскага архіва (1921–1925), дырэктарам бібліятэкі Акадэміі навук БССР.

Рэдактар «Запісак Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства». Супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ.

Удзельнік выдання «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў», «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі», «Археалагічнага зборніка дакументаў», «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах».

Аўтар прац па гісторыі беларускіх гарадоў і мястэчак.

У 1937 годзе арыштаваны, высланы ў Казахстан, памёр у 1942 годзе.

Даўгяла Зміцер архівіст

Дзень у гісторыі. 31 кастрычніка. Успамінаем Міхася Ткачова

1517 год. Пачатак Рэфармацыі, лютэранства. 

Марцін Лютэр прымацаваў 95 тэзісаў на дзвярах сабора ў нямецкім Вітэнбергу. 

Магілёў і Вітэнберг (Лютэрштат) маюць статус пабрацімаў і падтрымліваюць шчыльныя неафіцыйныя культурныя адносіны.

Марцін Лютэр (1483-1546), былы каталіцкі святар, прафесар багаслоўя. Выступіў супраць продажу індульгенцый, аспрэчваў правы Папы Рымскага, навучаў, што Біблія – адзіная крыніца абсалютных ведаў, выступаў супраць забароны на шлюб святарам, за танную народную царкву, за яе сціпласць.

Пераклаў Біблію на нямецкую мову, што зрабіла Святое Пісанне больш даступным шырокім саслоўям, што аказала велізарны ўплыў на царкву і нямецкую культуру.

Першая лютэранская царква ў Беларусі заснавана ў Брэсце ў 1553 годзе. 

У Магілёве лютэранская кірха была пабудаваная ў 1780 годзе і разбурана ў 1930-х. Зараз на яе месцы сквер на скрыжаванні вуліцы Ленінскай і завулка Мігая каля 16-й школы.

Марцін Лютэр

1885 год. Нарадзіўся Міхайла Грамыка

Беларускі географ, геолаг, пісьменнік, вязень ГУЛАГу. Даследчык радовішчаў нафты. 

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. 

Распрацоўшчык беларускай тэрміналогіі па геаграфіі, геалогіі, хіміі, падручнікаў «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе». 

Аўтар кніг паэзіі, п’ес, якія ставіліся ў тэатрах. Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, А. Грыневіча.

Міхайла Грамыка

1992 год. Памёр ураджэнец Мсціслава Міхась Ткачоў.  

Беларускі гісторык, археолаг, грамадскі дзеяч. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Загадчык рэдакцыі гісторыі,  галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. 

Ініцыятар стварэння энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі», «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».

Вывучаў ваенна-абарончае дойлідства, матэрыяльную культуру і архітэктуру гарадоў Беларусі XI-XVIII стагоддзяў.

Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі», «Гісторыя беларускага мастацтва».

Першым прасачыў генезіс, эвалюцыю і этапы развіцця замкаў і абарончых сістэм населеных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.

У яго памяць у Гродна і Мсціславе ўсталяваны мемарыяльныя шыльды.

Ткачоў Міхась

Дзень у гісторыі. 30 кастрычніка. Чырвоная армія займае Магілёў

1880 год. У Магілёве нарадзіўся юрыст-міжнароднік Мікалай Краўчанка.

Паходзіў з магілёўскіх дваран. Прафесар Томскага універсітэта, стацкі саветнік (1913 год) кавалер ордэна святой Ганны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі падтрымаў бальшавікоў і застаўся на прафесарскай пасадзе.

Займаўся міжнародным гуманітарным правам і тэмай правоў працоўных. 

1918 год. Чырвоная армія змяніла нямецкія каравулы ў Магілёве. 

У гэты дзень да гатэля «Брыстоль» на Дваранскай вуліцы на двух аўтамабілях прыбылі каравулы Чырвонай арміі і замянілі нямецкія, якія ахоўвалі важныя аб’екты горада. Пасля гэтага астатнія часткі кайзераўскіх войск пакінулі горад – толькі каля моста праз Дняпро можна было назіраць нямецкі пост.

1921 год. У в. Аўсімавічы Бабруйскага раёна нарадзіўся Архіпенка Фёдар Фёдаравіч.

Герой Савецкага Саюза, лётчык-ас. Збіў асабіста 30 самалётаў праціўніка.

Архіпенка Фёдар

 

2019 год. У вёсцы Сава Горацкага раёна адкрылі памятны знак рэпрэсаванаму ў сталінскія часы пісьменніку-земляку Васілю Кавалю.

Васіль Каваль быў адной з ахвяр “чорнай ночы” беларускай культуры, калі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка былі расстраляны 132 дзеячы культуры і навукі.

Васіль Каваль

Дзень у гісторыі. 29 кастрычніка. “Чорная ноч” беларускай літаратуры і навукі

1611 год. Цар маскоўскі Васіль IV Шуйскі паўстаў як палонны перад Сенатам, каралём і вялікім князем Жыгімонтам Вазай у Варшаве.

Па перапоўненых радасным натоўпам вуліцах Варшавы правезлі “жывыя трафеі”: узятага ў палон цара Васіля Шуйскага, групу маскоўскіх дыпламатаў і военачальнікаў.

Затым Шуйскага ўвялі ў каралеўскі замак і ён пакланіўся Жыгімонту ў ногі.

1937 год. “Ноч (не)расстраляных паэтаў”, «Чорная ноч» беларускай літаратуры і навукі.

У Мінску расстраляны шматлікія дзеячы культуры, асветы і дзяржаўнага апарату Беларусі, усяго — каля 160 чалавек, у тым ліку літаратары  

Сярод забітых прадстаўнікоў беларускай эліты, некалькі чалавек паходзілі з Магілёўшчыны. Гэта: 

  • Платон Галавач — в. Пабокавічы, Бабруйскі павет, Мінская губ.; цяпер Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць. 
  • Максім Ляўкоў — в. Кавалі, Бабруйскі павет, Мінская губ.; цяпер Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць.
  • Васіль Каваль — в. Сава, Горацкі павет, Магілёўская губ. (Горкі/Горацкі раён).
  • Аляксей Кучынскі — в. Выдранка, Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губ.; цяпер Краснапольскі раён.
  • Ананій Дзякаў — в. Багданаўка, Мсціслаўскі павет, Магілёўская губ. (цяпер Хіславіцкі раён, Смаленская вобласць).

Поўны Спіс дзеячаў Беларусі, расстраляных 29—30 кастрычніка 1937 года можна пабачыць тут.

Ноч паэтаў

Дзень у гісторыі. 27 кастрычніка. Дзень памяці вынаходніка ксілафона Міхаіла Гузікава са Шклова

1658 год. Бітва пад Чавусамі.

У гэтай бітве 14-тысячнае войска казацкага палкоўніка Нячая, які перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, сышлося з маскоўскім войскам ваяводаў Казлоўскага і Змеява.

Іван Нячай паходзіў з мсціслаўскай шляхты, зяць Багдана Хмяльніцкага. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы супраць Рэчы Паспалітай 1654 – 1667 гадоў быў на баку першай, абвясціў сябе “палкоўнікам чавускім і новабыхаўскім”. У 1658 годзе Іван Нячай перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і пачаў масіраваныя баявыя дзеянні супраць войскаў Маскоўскай дзяржавы, узяўшы пад кантроль Стары і Новы Быхаў, Рослаў, Галоўчын, Барысаў, дэблакаваўшы асаджаны Мсціслаў. Мяшчане Крычава самі паднялі паўстанне супраць акупантаў і перайшлі на бок Нячая.

Іван Нячай

1837 год. У нямецкім Ахене памёр ураджэнец Шклова Міхаіл Гузікаў. 

Беларускі музыка, які распрацаваў уласную мадэль ксілафона.

Удасканаліў беларускі народны інструмент брусочкі, з чаго і атрымаўся сучасны ксілафон. 

Гастраляваў з ім у Аўстрыі, Германіі, Бельгіі і Францыі, выконваючы творы Паганіні, Вебера і Гумеля, а таксама беларускія народныя мелодыі.

У 1836 годзе ў Вене выйшла кніга вядомага музыказнаўца Шлёзінгера «Міхаіл Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы».

Міхаіл Гузікаў

Дзень у гісторыі. 26 кастрычніка. Магілёўская Стаўка не прымае бальшавіцкі пераварот

1635 год. Нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл. 

Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага. 

Стольнік, крайчы і падчашы вялікі літоўскі, кашталян і ваявода віленскі, падканцлер вялікі літоўскі і гетман польны літоўскі.

Шчыры каталік. Фундатар навукоўцаў.

Падчас шведскіх войнаў адважна бараніў край, праявіў сябе ў бітвах за вызваленне захопленых маскоўскімі войскамі тэрыторый у вайну 1654-1667 гадоў. 

Удзельнік Хоцінскай бітвы (1673). 

Быў старостам многіх месцаў, у тым ліку крычаўскім, прапойскім.

Міхаіл Казімір Радзівіл

 1880 год. Нарадзіўся Дзмітрый Карбышаў. 

Фартыфікатар, найбуйнейшы  вучоны – ваенны інжынер, генерал-лейтэнант. Доктар ваенных навук, прафесар Акадэміі Генштаба. Герой Савецкага Саюза.

Сураспрацоўшчык і рэалізатар праекта будаўніцтва другога кальца абарончых умацаванняў Брэсцкай крэпасці (1913), рэканструкцыі яе цытадэлі (1939), праектант абарончых збудаванняў уздоўж заходняй мяжы – “лініі Сталіна”.

8 жніўня 1941 года каля ракі Дняпро каля в. Дабрэйка Шклоўскага раёна ў непрытомным стане быў захоплены ў палон.

18 лютага 1945 года ў Маўтгаўзене 500 палонных разам з Карбышавым на марозе аблівалі халоднай вадой, пасля чаго 64-гадовы генерал не выжыў.

Генерал Карбышаў

1901 год. Нарадзіўся Дзмітрый Маўчанскі, партызанскі камандзір.

Нарадзіўся ў вёсцы Рагатка Барысаўскага раёна. У гады Другой Сусветнай вайны – сакратар Магілёўскага падпольнага абкама партыі і кіраўнік Магілёўскага партызанскага злучэння. Яго імя носіць адна з вуліц абласнога цэнтра, ёсць мемарыяльная дошка. 

Дзмітрый Маўчанскі

1917 год. 26 кастрычніка па старым стылі ў магілёўскай Стаўцы адбылася першая рэакцыя на контррэвалюцыйны пераварот бальшавікоў і падзенне Часовага ўрада ў Петраградзе.

Пра падзенне і арышт Часовага ўрада магілёўцы даведаліся з газет 26-га кастрычніка. У горадзе ў гэты дзень адбылася надзвычайная нарада прадстаўнікоў нацыянальных, грамадскіх і палітычных арганізацый. У той жа дзень галоўнакамандуючы генерал Мікалай Духонін разам з камісарам Станкевічам заявілі пра непадпарадкаванне новаму бальшавіцкаму ўраду.

Магілёўская Стаўка

Дзень у гісторыі. 25 кастрычніка. Нарадзіўся Віктар Тураў

1883 год. У Магілёве нарадзіўся бальшавік Мікалай Крысцінскі.

Савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч, бальшавік. Нарадзіўся ў сям’і магілёўскага настаўніка гімназіі. Скончыў Віленскую гімназію з залатым медалём у 1901 годзе, потым юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбурскага універсітэта. З 1903 года ў РСДРП, з 1905-га – бальшавік.

Уваходзіў у склад савецкіх партыйных органаў, дыпламат – паўнамоцны прадстаўнік СССР у Германіі. У 1938 годзе расстраляны.

Мікалай Крысцінскі

1884 год. Нарадзіўся Сяргей Дубінскі. 

Беларускі археолаг і гісторык.

Разам з Аляксандрам Ляўданскім закладаў асновы беларускай археалогіі.

Даследаваў помнікі ранняга жалезнага веку і сярэднявечча Беларусі, у тым ліку Магілёўшчыны, гарадзішча Банцараўшчына.

Аўтар першых археалагічных карт Магілёўскай вобласці, Беларусі, першай бібліяграфіі па археалогіі Беларусі і сумежных краін.

У 1937 годзе абвінавачаны ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы і расстраляны.

Сяргей Дубінскі

1936 год. У Магілёве нарадзіўся Віктар Тураў. 

Беларускі кінарэжысёр і сцэнарыст. Народны артыст Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій СССР, Польшчы, кінафестываляў.

Вязень канцлагера на Рэйне.

Этапнымі яго работамі былі экранізацыі «Палескай хронікі» І. Мележа «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», апавядання І. Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава». 

Сярод ваеных і гістарычных фільмаў найбольш значныя:  «Я родам з дзяцінства», «Сыны ідуць у бой», «Пераправа», «Чорны бусел», «Шляхціц Завальня».

Здымаў фільмы з удзелам Ул. Высоцкага, з якім сябраваў.

Уключаны ЮНЕСКА ў лік 50 кінематаграфістаў свету, з якіх складаўся Ганаровы камітэт па святкаванню 100-годдзя кінематаграфіі.

Рэжысёр Віктар Тураў Магілёў

1976 год. На Магілёўскім вытворчым аб’яднанні “Хімвалакно” выпушчана мільённая тона валакна і ніцей.

Першы вытворчы комплекс на прадпрыемстве пачаў працаваць у 1970 годзе. Гэта быў цэх дыметылтэрэфталата (ДМТ-1) магутнасцю 63 тыс. тон за год.

Лавсан Могилев

Дзень у гісторыі. 23 кастрычніка. Дзень нараджэння Цішкі Гартнага. Асвячэнне Пакроўскай царквы

1887 год. нарадзіўся Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч). 

Беларускі пісьменнік, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Акадэмік АН БССР. Першы кіраўнік БССР.

Сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята, рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты «Дзянніца».

Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня 1919 па 3 лютага 1919 старшыня яе Часовага ўрада.

Узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, з’яўляўся членам Інбелкульта, першым рэдактарам часопіса «Полымя».

Выключаны з ВКП(б) у студзені 1931 года, арыштаваны ў 1936 годзе.

7 красавіка 1937 года змешчаны ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і загінуў. Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве.

Цішка Гартны мог стаць першым Народным паэтам Беларусі: у 1923 годзе пленум ЦК КП(б)Б пастанавіў надаць яму такое званне, але з невядомых прычын пастанова не была выканана.

У памяць дзеяча ўсталяваны крыж на верагодным месцы пахавання ў Магілёве, помнік у Капылі, названы вуліцы ў Магілёве, Мінску, Капылі.

Цішка Гартны Магілёў

1941 год. Загінуў у ГУЛАГу ўраджэнец в. Мхінічы Краснапольскага раёна Васіль Шашалевіч. 

Беларускі драматург, празаік, паэт.

Выкладаў рускую мову і літаратуру ў школах Краснаполля (1919-1924), Мінска, працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы ў Ленінградзе.

Разам з братам і сёстрамі ў Краснаполлі стварыў народны тэатр, хор і аркестр народных інструментаў. Разам яны збіралі фальклор і ўключалі найлепшыя ўзоры ў свае канцэрты.

Аўтар вершаў, апавяданняў, п’ес, якія ставіліся на тэатральных сцэнах у Маскве і Мінску. 

Перакладаў на беларускую мову драматычныя творы А. Чэхава, раманы І. Тургенева.

Арыштоўваўся ДПУ ў ліпені 1930, кастрычніку 1936 года. У 1937 годзе прыгавораны да 10 гадоў лагераў. Адбываў пакаранне ў Магілёве, Прымор’і.

У ГУЛАГу, на лесапавале, на Васіля наўмысна спусцілі бярозу, якая прыціснула яго да вогнішча. Засталіся звесткі, што ў пісьменніка выцеклі вочы.

Памёр у санітарнай частцы. Месца пахавання невядомае.

Шашалевіч Васіль

 1968 год. У Магілёве нарадзілася Іна Афанасьева. 

Беларуская эстрадная спявачка, тэлевядучая.

Выхаванка дзіцячага эстраднага калектыва «Вясёлка» Магілёўскага палаца піянераў, Магілёўскага вучылішча культуры. З 1988 года працавала ў Дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі.

Сольную кар’еру пачала ў 1994 годзе. У 2000 годзе ўзначаліла ўласны творчы калектыў.

Шэраг песень запісаны ў дуэце з Валерыем Дайнекам, Дзмітрыем Смольскім.

Іна Афанасьева

2016 год. Скульптуры чатырох львоў устанавілі ў Магілёве на мосце праз Днепр. 

З мэтай рэалістычнай перадачы вобразаў магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў ездзіў да братоў Запашных у Маскоўскі цырк. Мадэллю для скульптара стаў белы леў Джон.

Львы мост Магілёў

2022 год. Асвячэнне храма Покрыва Божай Маці ў магілёўскім парку ў Падміколлі. Узноўлены на яго гістарычным месцы.
Покровская церковь Могилев

Дзень у гісторыі. 22 кастрычніка. Крыж Еўфрасінні ў Магілёве. Парадаксальнае святкаванне 100-годдзя драмтэатра

1916 год. У вёсцы Малы Хоцімск Касцюковіцкага раёна нарадзіўся поўны кавалер ордэнаў Славы Іван Зайцаў.

На фронце з 1941 года, прайшоў усю вайну, снайпер. Пасля заканчэння вайны вярнуўся ў родную вёску, дзе да канца жыцця працаваў у калгасе.

Іван Зайцаў

 

1929 год. У Магілёў прывезлі Крыж Еўфрасінні Полацкай

У 1928 годзе Вацлаў Ластоўскі выявіў Крыж падчас адмысловай экспедыцыі ў Полацк. У 1929 годзе з прычыны меркаванага пераносу сталіцы БССР з Мінску ў Магілёў, улады вырашылі перавезці Крыж у наш горад. Спачатку ён экспанаваўся ў музеі, але пасля таго, як бальшавікі заўважылі, што мясцовыя моляцца перад крыжам,яго прыбралі ў пакой-сейф магілёўскага абкаму і гаркаму партыі. Зараз у гэтым будынку Магілёўскі абласны мастацкі музей імя Масленікава. У 1941 годзе Крыж знік бясследна.

Крыж Еўфрасінні Полацкай Магілёў

1988 год. Адбылося святкаванне 100-годдзя Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру. Выбар даты незразумелы. 

28 траўня 1886 года адбылося першае паседжанне будаўнічага камітэта па будаўніцтве Магілёўскага драмтэатра, 14 траўня 1888 года цалкам скончаны будынак тэатра. 

15 траўня, у дзень святкавання свяшчэннага каранавання Іх Імператарскіх Вялікасцей, у гарадскім тэатры адбыўся першы аматарскі спектакль, на які многія жадаючыя не змаглі патрапіць з-за хуткага распродажу ўсіх білетаў. 

На святкаванні ззялі ордэнамі віцэ-губернатар, гарадскі галава, мясцовыя багацеі. Архітэктар П. Камбураў, майстры-будаўнікі былі ў натоўпе, як і малады мастак Чарнышоў, які выконваў пры пабудове тэатра ўсе жывапісныя працы. Не было сярод тых, хто адкрываў тэатр, і мастака Трэніна, які напісаў заслону і дэкарацыю.

Пра гэту знамянальную падзею ў культурным жыцці горада ўжо 17 траўня 1888 г. пісалі “Магілёўскія губернскія ведамасці”.

25 верасня 1888 года антрэпрызай Г.Дзеркача (Любімаў) адкрыўся зімовы тэатральны сезон.

Чырвоная цагляная пабудова Магілёўскага тэатра са складанай кампазіцыяй лічыцца адной з найпрыгажэйшых у горадзе. Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. 

Тэатр пабудаваны на месцы былых абарончых умацаванняў сярэднявечнага Магілёва, на месцы Каралеўскай брамы. Яго будавалі на ахвяраванні жыхароў усёй губерніі.

Сцены тэатра памятаюць імператара Мікалая II, кіраўніка Часовага ўрада А. Керанскага, адмірала А. Калчака, шматлікіх царскіх генералаў, класікаў літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. На сцэне тэатра выступалі В.Камісаржэўская, С.Рахманінаў.

У 1985 годзе магілёўская грамадскасць абараніла тэатр, не дапусціўшы яго разбурэння. Пасля рэканструкцыі ў студзені 2001 года тэатр зноў адчыніў свае дзверы для гледачоў.

Магілёў драмтэатр