Чэрыкаў накрыла чарговая хваля мілітарысцкага ўгару

У Чэрыкаўскім райвыканкаме сабралі чыноўнікаў і вайскоўцаў з усёй Магілёўшчыны для чарговых вучэбна-метадычных заняткаў па пытаннях грамадзянскай абароны.

У мерапрыемстве ўдзельнічаюць старшыні гарадскіх і раённых выканкамаў, сілавікі і ваенныя камісары. У праграме — «арганізацыя і каардынацыя дзеянняў органаў кіравання і сіл тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый», а прасцей кажучы — сцэнары таго, як кіраваць насельніцтвам у выпадку вайны ці іншых надзвычайных абставінаў.

“Сёння мы адпрацоўваем на практыцы парадак дзеянняў тэрытарыяльнай абароны ва ўмовах ваеннага становішча. З кожным годам расце і маштаб такіх мерапрыемстваў, і ўзровень падрыхтоўкі службовых асоб. Нам яшчэ трэба вырашыць шэраг праблемных пытанняў, але галоўная задача застаецца нязменнай — абарона суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі”, — заявіў ваенны камісар Магілёўскай вобласці Віталь Ядзевіч.

Асабліва ён засяродзіў увагу на гатоўнасці органаў мясцовай улады ў выпадку абвастрэння знешнепалітычнай абстаноўкі. Паводле Ядзевіча, такія вучэнні патрэбныя таму, што «ўзмацняецца ваенная актыўнасць у суседніх рэгіёнах, працягваецца канфлікт ва Украіне», а Захад нібыта «вядзе гібрыдную вайну супраць Беларусі». Праўда, у паведамленні аб вучэннях у тэлеграм-канале Mogilevnews няма ні слова пра ўдзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны і выкарыстанне мігрантаў для стварэння напружанасці на мяжы з Еўразвязам.

“Аперацыі КДБ па спыненні дзейнасці замежных агентаў пацвярджаюць, што супраць нас працягваецца эканамічны і псіхалагічны ціск. Расслабляцца нельга”, — палохаў ваенкам і без таго напалоханых чыноўнікаў.

На першы погляд, гучыць лагічна: краіна павінна ўмець абараняцца ў выпадку пагрозы. Але за гэтай «трывожнай рыторыкай» гадамі хаваецца іншая рэальнасць: замест паўнавартаснага развіцця сістэмы грамадзянскай абароны, сховішчаў, запасаў лекаў і прадуктаў — акцэнт робіцца на «ворагаў звонку» і «замежных агентаў».

Пры пастаянным паўторы наратыву «асаджанай крэпасці» на фоне вайны ва Украіне падобныя зборы мясцовых чыноўнікаў — чарговы штрышок жыцця ў мілітарысцкім ўгары, які ўслед за Расіяй накрыў Беларусь.

Фота: Mogilevnews

У Чэрыкаве і Краснаполлі стартуе камандна-штабное вучэнне

З 16 чэрвеня ў Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах праходзіць камандна-штабное вучэнне тэрытарыяльных войскаў. 

Як паведамляе Міністэрства абароны РБ, асноўная задача вучэння — удасканаленне навыкаў каманднага складу ў кіраванні падпарадкаванымі сіламі тэрытарыяльнай абароны, а таксама падрыхтоўка асабовага складу да выканання абавязкаў на штатных пасадах пры вырашэнні рэальных задач. Акрамя таго, будзе дадзена ацэнка агульнай гатоўнасці падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў да аператыўнага рэагавання.

Удзельнікі трэніроўкі адпрацуюць сцэнарыі аховы і абароны аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны, дзеянні па барацьбе з дыверсійна-разведвальнымі групамі ўмоўнага праціўніка і меры забеспячэння ваеннага становішча. У манёўрах прымуць удзел не толькі вайскоўцы тэрытарыяльных войскаў, але і атрады народнага апалчэння.

Асаблівая ўвага падчас камандна-штабнога вучэння будзе нададзеная зладжанасці розных сіл: тэрытарыяльных войскаў, органаў унутраных спраў і падраздзяленняў унутраных войскаў. У ходзе сумесных дзеянняў яны адпрацуюць каардынацыю і абмен інфармацыяй пры супрацьдзеянні варожым дыверсійным групам.

Мясцовыя ўлады падкрэсліваюць, што падобныя трэніроўкі дазваляюць падтрымліваць высокі ўзровень узаемадзеяння паміж рознымі структурамі і гарантаваць бяспеку насельніцтва ў выпадку надзвычайных сітуацый.

Вучэнне завершыцца 18 чэрвеня падвядзеннем вынікаў і аналізам эфектыўнасці сумеснай працы ўсіх задзейнічаных сіл.

Як паведамлялася раней, на зборы сіл тэрытарыяльнай абароны ў Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах прызваныя 200 чалавек. Для іх размяшчэння выкарыстаны дзіцячы цэнтр творчасці.

Фота: «Веснiк Чэрыкаўшчыны»

Дзвесце чалавек прызвалі на зборы тэрабароны ў Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах

На зборы сіл тэрытарыяльнай абароны ў Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах прызваныя 200 чалавек. Для іх прыёму выкарысталі дзіцячы цэнтр творчасці.

Як паведамляе Mayday, сярод выкліканых на зборы ёсць тыя, хто ніколі не служыў у войску. Яны ўпершыню будуць прымаць вайсковую прысягу. 

Тэрміновы пункт прыёму асабістага складу быў арганізаваны ў дзіцячым цэнтры творчасці ў Чэрыкаве, адкуль мужчын аўтобусамі адвезлі ў аграгарадок Лабанаўка, дзе разбіты ваенны лагер. Там выдалі ваенную форму і пачалі заняткі.

Упор робіцца на сумеснайю працу сіл тэрытарыяльнай абароны і міліцыі. А службовыя асобы раёна патрэніруюцца імі ўсімі камандаваць.

Як раней заяўляла Міністэрства абароны Беларусі, мэта такіх збораў — павышэнне гатоўнасці мясцовых выканаўчых органаў да дзеянняў ва ўмовах пагроз. Аднак эксперты звяртаюць увагу на ўсё большую мілітарызацыю грамадзянскай сферы і спробы рэжыму Лукашэнкі ўтрымліваць кантроль над грамадствам ва ўмовах геапалітычнай нестабільнасці.

Фота: cherikovnews.by

Зборы тэрытарыяльных войскаў пачаліся ў Магілёўскай вобласці

27 траўня ў Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах Магілёўскай вобласці праходзяць зборы ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў.

Як заяўляе Міністэрства абароны Беларусі, мэта збораў — павышэнне гатоўнасці мясцовых выканаўчых органаў да дзеянняў ва ўмовах пагроз. Аднак эксперты звяртаюць увагу на ўсё большую мілітарызацыю грамадзянскай сферы і спробы рэжыму Лукашэнкі ўтрымліваць кантроль над грамадствам ва ўмовах геапалітычнай нестабільнасці.

Па словах ведамства, падчас збораў будзе адпрацоўвацца «комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне навыкаў службовых асоб выканаўчых камітэтаў у пытаннях фарміравання і падрыхтоўкі тэрытарыяльных войскаў да выканання задач». На практыцы гаворка ідзе пра ўзаемадзеянне паміж сілавымі структурамі, органамі мясцовай улады і ваеннымі фарміраваннямі ў выпадку ўзнікнення надзвычайных або крызісных сітуацый.

Асобая ўвага, як адзначае ведамства, надаецца каардынацыі разнастайных сілаў — акрамя саміх тэрытарыяльных войскаў, у трэніроўках задзейнічаны органы ўнутраных спраў, а таксама падраздзяленні ўнутраных войскаў.

Воінскія зборы і вучэнні ў Беларусі сталі звычайнай з’явай на фоне працяглай вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск фактычна падтрымлівае дзеянні Крамля.

«Тэрытарыяльныя войскі — гэта не толькі інструмент абароны, як гэта падаецца афіцыйна. Гэта таксама структура, прызначаная для ўзмацнення ўнутранага кантролю ва ўмовах мабілізацыйнай эканомікі і магчымых масавых хваляванняў», — кажа ваенны аналітык Павел Лузін. Падрабязней яго меркаванне можна прачытаць у артыкуле на Riddle Russia.

«Для Лукашэнкі важна трымаць рэгіёны пад пастаянным назіраннем, асабліва паблізу ўсходняй мяжы. Магілёўская вобласць, з яе блізкасцю да расійскай мяжы, мае стратэгічнае значэнне. Актывізацыя збораў там — гэта частка агульнай стратэгіі прэвентыўнага кантролю», — дадае беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч. Яго аналіз сітуацыі прадстаўлены ў інтэрв’ю для Euronews.

У Магілёўскай вобласці, як і па ўсёй краіне, тэрытарыяльныя войскі фарміруюцца на базе раённых ваенкаматаў. У іх склад уваходзяць грамадзяне, якія знаходзяцца ў запасе і пражываюць у адпаведных раёнах. Афіцыйна яны прыцягваюцца для аховы аб’ектаў, забеспячэння правапарадку і рэагавання ў выпадку надзвычайных сітуацый.

Аднак, як падкрэсліваюць назіральнікі, тэрытарыяльныя войскі — гэта таксама дублюючы механізм сілавога рэагавання, здольны дзейнічаць у абыход рэгулярных воінскіх частак і міліцыі, асабліва ў выпадку масавых пратэстаў або нестабільнасці.

Фота ілюстрацыйнае

Палітвязень з Чэрыкава Іван Янчанка выйшаў на волю

Жыхар Чэрыкава Іван Янчанка, які быў асуджаны па палітычных прычынах, вызваліўся па заканчэнні тэрміна зняволення.

Пра выйсце на волю Івана Янчанкі паведамляе “Гомельская вясна”. У 2022 годзе яго абвінавацілі ў тым, што ён у верасні 2021 года, знаходзячыся ў Жлобіне, выказаў свае меркаванні ў каментары ў сацсетцы “ВКонтакте” пра выпадак ў Менску, калі ў сваёй кватэры быў забіты супрацоўнік ІТ-кампаніі EPAM SYSTEMS Андрэй Зельцар.

Забойства Андрэя Зельцара, які самаахвярна абараняў сваю сям’ю і дом, тады моцна абурыла беларускае грамадства і шмат хто асуджаў дзеянні супрацоўнікаў КДБ, якія ў цывільным уламіліся ў прыватную кватэру. Паводле інфармацыі ініцыятывы Dissidentby, Янчанка пакінуў каментар: “Народ адкрыў рахунак”.

За выказанае меркаванне пра дзеянні кадэбэшнікаў абвінавацілі Івана Янчанку ў распальванні варажнечы да работнікаў КДБ паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса. Відавочна, праз тое, што каментар Янчанка напісаў, знаходзячыся ў Жлобіне, крымінальную справу разглядалі ў Гомельскім абласным судзе. Ролю суддзі выконваў прызначаны туды асабіста Лукашэнкам на пасаду суддзі Аляксей Хлышчанкоў. 4 жніўня 2022 года ён прысудзіў зняволіць Івана Янчанку на тры з паловай года калоніі агульнага рэжыму.

12 жніўня 2022 года праваабарончая супольнасць Беларусі прыняла сумесную заяву, у якой вызнала Івана Янчанку палітычным зняволеным.

Праваабаронцам не ўдалося высветліць, дзе ўвесь гэты час карнікі трымалі Івана Янчанку. Але цяпер атрыманае пацверджанне, што Іван Янчанка вызвалены па сканчэнні тэрміну, які яму прысудзіў Хлышчанкоў. На волю ён выйшаў 3 красавіка 2025 года.

Фота “Гомельская вясна”