На мяжы з Расіяй затрымалі 40 тон нелегальных груш і вінаграду

Дзве фуры з сарака тонамі садавіны былі спыненыя ў Хоцімскім раёне, што мяжуе з Расійскай Федэрацыяй – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.  Кіроўцамі аказаліся 30-гадовы жыхар Брэсцкай вобласці і 53-гадовы жыхар Віцебска. Ні ў аднаго, ні ў другога не аказалася ніякай дакументацыі на тавар, што складаўся з груш і вінаграда. Зараз абедзьве фуры – MAN і Renault – перамешчаныя на штрафную стаянку. Праводзіцца праверка.

 

Фота: УУС

На Магілёўшчыне перакопваюць і завальваюць дрэвамі дробныя дарогі ў Расію

Дробныя дарогі на памежжы з Расіяй на тэрыторыі Магілёўскай вобласці пачалі перакопваць і завальваць дрэвамі. Гэта адбываецца на фоне ўвядзення шчыльнага пашпартнага кантролю на мяжы ўсіх грамадзян, якія прыбываюць у Беларусь з Расіі. Такі кантроль пачаўся 5 мая, хутка пасля серыі дыверсій на чыгуначных шляхах у Бранскай вобласці. 

Шматлікія СМІ паведамлялі пра ўзнікненне доўгіх чэргаў з аўтамашын на расійскім баку мяжы. Цяпер жа, верагодна, вырашана перакрыць альтэрнатыўныя шляхі пранікнення ў Беларусь з тэрыторыі Расіі. Дробнымі дарогамі на памежжы пераважна карыстаюцца мясцовыя жыхары, а таксама кантрабандысты.

Вечарам 9 мая стала паяўляцца інфармацыя пра чэргі і з адваротнага боку мяжы. Так, “Фонтанка” піша пра чэргі з аўтамабіляў на 4-5 гадзін на трасе з Віцебска праз прапускны пункт Лабок. “Стаю больш за 4 гадзіны – паведаміў выданню адзін з аўтамабілістаў – наперадзе бачная мяжа, белы знак, КПП і за ім 100 метраў прыкладна. Гэта значыць, мяркуючы па колькасці машын наперадзе, яшчэ паўтары-дзве гадзіны стаяць.”

Фота ілюстрацыйнае